Да навучання ў Школе запрашаюцца дзяўчаты і хлопцы ад 16 да 25 гадоў. У праграме Школы – азнаямленне, вывучэнне і практыкаванне ў формах літаратурных мініяцюр (дзённікавы запіс, хоку, грэгерыя) на прыкладзе класікаў сусветнай і беларускай літаратуры: Данііла Хармса, Сэй-Сёнагон, Янкі Брыля, Мацуа Басё, Рамона Гомэса дэ ля Сэрны і іншых.
Школа скіраваная на юнацкую і моладзевую аўдыторыю. Чытанне, пісанне і абмеркаванне ўзорных тэкстаў навучыць маладых людзей больш сур’ёзнаму стаўленню да літаратуры і творчасці агулам, дапаможа лепей зразумець сябе і людзей наўкола, асэнсавана падыходзіць да выбару жыццёвых шляхоў.
Заняткі ў Школе будуць адбывацца чатыры разы на месяц па нядзелях а 12-й гадзіне, у цэнтры Мінска. Іх працягласць складзе 2 акадэмічныя гадзіны (90 хв.). Раз на месяц (замест класічных заняткаў) навучэнцы будуць удзельнічаць у літаратурных імпрэзах і фэстах, наведваць музеі і выставы, вандраваць па літаратурных мясцінах нашай сталіцы і сустракацца з вядомымі беларускімі літаратарамі. Навучанне ў Школе бясплатнае. Плануецца, што група складзе каля 15-20 чалавек. Працоўнымі мовамі на занятках будуць беларуская і руская. Да навучання ў Школе запрашаем дзяўчат і хлопцаў ад 16 да 25 гадоў уключна.
Свае заяўкі просім дасылаць на электронную скрыню на [email protected] з пазнакай у тэме ліста “Літара” да 25 кастрычніка 2020 года (уключна).
У заяўцы неабходна:
1) напісаць крыху пра сябе і сваіх бацькоў – не забудзьце пазначыць таксама свае год і месца нараджэння, свае кантакты (электронны адрас, мабільны тэлефон, старонкі ў сацыяльных сетках);
2) прадставіць 1 ці 2 аўтарскія тэксты невялікага аб’ёму (апавяданне, эсэ, верш, сачыненне);
3) адказаць на пытанне, чаго вы чакаеце ад заняткаў у Школе. 1 лістапада маладыя людзі разам са сваімі бацькамі (у выпадку, калі вучань непаўналетні) будуць запрошаныя на сумоўе, па выніках якога і адбудзецца набор у Школу.
Пра выкладчыка: Адам Глобус – беларускі пісьменнік, мастак, выдавец. Нарадзіўся ў 1958 годзе. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1983). Доўгі час выкладаў у Беларускім Калегіюме. Як пісьменнік працуе ў галіне паэзіі і прозы. У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 годзе. Аўтар больш як дваццаці кніг прозы, паэзіі і эсэістыкі. Яго вершы і апавяданні перакладзеныя на асноўныя мовы свету. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.