• Навiны
  • Зьявіўся сайт з SOS-кантактамі праваабарончых арганізацыяў

Зьявіўся сайт з SOS-кантактамі праваабарончых арганізацыяў

Апошняе абнаўленне: 7 жніўня 2020
Зьявіўся сайт з SOS-кантактамі праваабарончых арганізацыяў
Зьявіўся сайт, на якім акумуляваныя парады праваабаронцаў і SOS-кантакты для дапамогі.

http://sos.belngo.info/

Асамблея НДА Беларусі стварыла сайт-бібліятэку “Заставайся ў бясьпецы”, дзе сабрала разам найлепшыя парады, памяткі, відэатлумачэньні праваабарончых арганізацыяў, каб людзі маглі даведацца пра свае правы, падрыхтавацца да мірных сходаў, абараніць сваю прыватную інфармацыю і ведаць, дзе шукаць дапамогі ў экстраннай сытуацыі.

Рашэньне аб стварэньні старонкі, якая аб’яднае ўсе неабходныя на пярэдадні выбараў памяткі і кантакты, было прынята праваабарончымі арганізацыямі. Сваімі матэрыяламі, падрыхтаванымі за доўгія гады працы, падзяліліся Праваабарончы цэнтар “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Human Constanta, Прававая ініцыятыва, Асамблея НДА Беларусі, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, Беларускі дом правоў чалавека, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Ініцыятыва FoRB і Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend), а таксама часопіс 34mag.net.

На старонцы таксама зьмешчаны SOS-кантакты праваабаронцаў на выпадак затрыманьня (у тым ліку асобныя кантакты для ўразьлівых групаў і тэлефоны грамадзкіх прыёмных).

Акрамя таго на старонцы месьцяцца парады для сваякоў затрыманых, а таксама ёсьць цэлы разьдзел прысьвечаны памяткам, відэа і карткам пра допыт і ператрус. Там можна знайсьці як скарочаную, так і разгорнутую інфармацыю пра тое:

– Як размаўляць зь міліцыяй,

– Як паводзіць сябе пры затрыманьні і на судзе,

– Як адбываюцца ператрусы і допыты,

– Як перадаваць перадачы затрыманым і знайсьці адваката і інш.

На старонцы “Заставайся ў бясьпецы” ёсьць асобны разьдзел, які прысьвечаны таму, якім чынам можна праявіць грамадзянскую пазыцыю: назіраньню за выбарамі і валянтэрскай дзейнасьці на карысьць грамадзкіх ініцыятываў.

Сайт “Заставайся ў бясьпецы” асабліва актуальны перад выбарамі і можа дапамагчы многім беларусам адчуць сябе больш упэўненымі і даведацца, як абезапасіць сябе.