ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала не менш за 15 выпадкаў затрыманняў у гэтыя дні рэпарцёраў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі, у тым ліку замежных.
Некаторым з журналістаў казалі, што іх не затрымліваюць, а дастаўляюць у міліцыю для праверкі асобы — але відавочна, што гэта было звязана менавіта з наўмыснымі перашкодамі журналісцкай працы.
Карэспандэнту “Радыё Свабода” Антону Трафімовічу падчас брутальнага затрымання зламалі нос.
Нагадваем, яшчэ 23 чэрвеня, пасля першай хвалі затрыманняў рэпарцёраў, ГА “БАЖ” і яшчэ 57 медыяарганізацый звярнуліся да кампетэнтных дзяржаўных органаў Беларусі з патрабаваннямі спыніць пераслед журналістаў за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў.
У звароце таксама патрабавалася даць прававую ацэнку дзеянням прадстаўнікоў сілавых структур, якія затрымліваюць журналістаў і перашкаджаюць іх працы, прыцягнуць вінаватых да адказнасці на падставе арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэты артыкул прадугледжвае адказнасць за перашкоду ў якой бы то ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста альбо прымус да распаўсюду ці адмовы ад распаўсюду інфармацыі, здзейсненыя з прымяненнем гвалту ці з пагрозай яго прымянення, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, уціскам правоў і законных інтарэсаў журналіста.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў фактычна адмовіліся разглядаць зварот медыйнай супольнасці, што зрабіла магчымым паўтарэнне падзей і парушэння заканадаўства з боку сілавых структур у дачыненні журналістаў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”:
- Выказвае абурэнне і пратэст у сувязі з затрыманнямі журналістаў падчас выканання імі службовых абавязкаў.
- Пацвярджае патрабаванні, выказаныя ў заяве ад 23.06.2020, і заклікае дзяржаўныя органы спыніць парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь з боку сілавых структур і прыцягнуць вінаватых у гэтым да адказнасці.
- Яшчэ раз нагадвае пра гарантаванае права журналістаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю.
-
Заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь прытрымлівацца міжнародных стандартаў і абавязальніцтваў у галіне свабоды выказвання.