• Навiны
  • #ПЭНгаворыць: паэтка, перакладчыца і першая намесніца старшыні ПЭНа Таццяна Нядбай

#ПЭНгаворыць: паэтка, перакладчыца і першая намесніца старшыні ПЭНа Таццяна Нядбай

Апошняе абнаўленне: 14 ліпеня 2020
#ПЭНгаворыць: паэтка, перакладчыца і першая намесніца старшыні ПЭНа Таццяна Нядбай
Калі затрымлівалі кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў іх ініцыятыўных груп, іх былых калег, сяброў сям’і, гэта не выклікала здзіўлення, хаця бясспрэчна дадавала змрочнасці. Калі блакавалася дзейнасць культурніцкіх пляцовак, накрывала тупое пачуццё безвыходнасці, хаця і да яго мы ўжо звыклі за гэтыя дзесяцігоддзі. Зрэшты, так заўсёды: ты робіш тое, што лічыш патрэбным, і разумееш, што з «таго боку» табе хутчэй за ўсё раней ці пазней «прыляціць» і да гэтага трэба быць проста гатовым.

Тое, да чаго не можаш прывыкнуць: рэакцыі, якія з нагоды сітуацыі прарасталі з «нашага боку»: «Але ўсё ж добра, што цяпер карціны беларускіх мастакоў будуць ва ўласнасці беларускай дзяржавы!»

Так, мне таксама хацелася б, каб менавіта беларуская дзяржава (чытай – народ) была ўласніцай нашых культурных здабыткаў. Але для гэтага яна сама павінна была б набываць звязаныя з Беларуссю прадметы мастацтва на замежных аўкцыёнах і прывозіць іх у краіну, робячы даступнымі для нас. Мне хацелася б, каб беларуская дзяржава апекавалася лёсам вывезеных у суседнія краіны артэфактаў і на ўзроўні Мінкульта і МЗС вяла перамовы аб іх вяртанні. І каб мы, дзеячы культуры і культурніцкія арганізацыі, маглі ўплываць на дзяржаўную палітыку ў сферы культуры, быць яе актарамі, суб’ектамі і рэцыпіентамі. Вось толькі мы звыкліся дзесяцігоддзямі назіраць, як нашы з вамі падаткі ідуць на славянскія базары, парады і дажынкі, але гатовыя доўга абмяркоўваць «мяккую сілу» і казаць пра замежнае падтрыманне тых, каго рэпрэсуюць па палітычных матывах. Гэтым самым нібыта даючы картбланш на парушэнні правоў чалавека і знявагу тых, хто нам несімпатычны.

Часам падаецца, уласнае бяссілле і няздольнасць уплываць на ўладу мы кампенсуем прагай адыграцца «на коціках» – бяспечных, бо не прыйдуць да нас з вобшукам, і бясшкодных, бо ўжо сядзяць.

Я ўражаная той хваляй салідарнасці, якая ўздымаецца сёння з розных бакоў і ў розных супольнасцях. Мне хацелася б толькі, каб мы навучыліся не адрынаць тых, каго несправядліва б’юць, незалежна ад таго, ці падтрымліваем мы іх палітычную пазіцыю і ці сімпатызуем ім як асобам. Праява салідарнасці – гэта не пра тое, хто нам падабаецца, а хто не. Гэта пра ўніверсальнасць правоў чалавека. Дэманстраваць снабізм і прад’яўляць гамбургскія рахункі можна потым, калі людзі, якія патрапілі пад каток рэпрэсій, будуць таксама сядзець на ўтульных канапах у коле сваіх блізкіх.