У 1990-я гады пасля масавых акцый пратэсту, затрыманняў і збіцця людзей на вуліцах Мінска, якія сталі шокам для грамадства, мне давялося звольніцца з музею Максіма Багдановіча і далучыцца да дзейнасці Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
У той час здавалася, што я сыходжу на кароткі час, хутка вярнуся ў сферу культуры — у музей, да літаратурнай дзейнасці. Але выйшла не так.
Рэпрэсіі супраць іншадумцаў толькі ўзмацняліся з кожным годам. Збіццё, арышты ўдзельнікаў мірных акцый, катаванні ў месцах несвабоды, крымінальны пераслед, запалохванне і пераслед апанентаў улады ішлі поруч са знішчэннем культуры, цэнзурай і ціскам на нелаяльных рэжыму творцаў. І так 26 гадоў! Цэлае жыццё. У 2019 — 2020 гадах наступ на культуру ўзмацніўся: шэсць сябраў творчых арганізацый — Беларускага ПЭН-Цэнтра, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюзу мастакоў — былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел мірных акцыях у абарону Незалежнасці. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі такая колькасць творцаў адначасова прайшла праз судовы канвеер.
У чэрвені 2020 года трапілі за краты ў невыносныя ўмовы літаратар Павал Севярынец і рэжысёрка Вольга Нікалайчык, арыштаваныя па крымінальнай справе мецэнаты Віктар Бабарыка і Эдуард Бабарыка, якія рабілі тое, што мусіла рабіць дзяржава — развівалі культуру і вярталі шэдэўры на Радзіму. У 1993 годзе ў музеі Максіма Багдановіча мы рабілі першую канферэнцыю “Лёс нацыянальнай культуры на паваротах гісторыі”.
Цяпер зноў адбываецца паварот гісторыі, і нам трэба разам ратаваць краіну і культуру.