На прэмію за найлепшую кніжую вокладку намінавалася 37 кніг. У кароткі спіс журы абрала 6 вокладак:
- Кацярына Пікірэня – аўтарка вокладкі кнігі “Англійскі сусед”, Міхаіл Вешым (пераклад на беларускую Таццяны Анікеенкі). Логвінаў, 2019.
- Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “Паехаць на поўнач, каб памерцi”, Іда Ліндэ (пераклад на беларускую Наталлі Паваляевай). Янушкевіч, 2019.
- Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “Пыха і перадузятасць”, Джэйн Остэн (пераклад на беларускую Ганны Янкуты). Янушкевіч, 2019.
- Кацярына Пікірэня, Павал Касцюкевіч – аўтары вокладкі кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі”, Джэром Клапка Джэром (пераклад на беларускую Паўла Касцюкевіча). Логвінаў, 2019.
- Жанна Гладко – аўтарка вокладкі кнігі “Чорныя макі”, Вольга Гапеева. Галіяфы, 2019.
- Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Homo”, Крысціна Бандурына. Галіяфы, 2019.
Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем: сябры журы ацэньвалі кожную вокладку па дзесяцібальнай шкале, адзнакі сумаваліся.
У журы прэміі уваходзяць творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, пісьменнік і мастак Адам Глобус, культуролаг, крытык і эсэіст Максім Жбанкоў, пісьменнік і мастак Артур Клінаў, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнер Юрый Тарэеў.
Прэмія ўручаецца аўтару або камандзе аўтараў вокладкі. Пераможцу назавуць падчас фестываля “Прадмова”, які адбудзецца ўвосень.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал “Белсат”.
Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця два гады таму. Леташнім пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса.
Сачыць за навінамі прэміі Міхала Анемпадыстава можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.