Выдавецтва прапануе ўсім зацікаўленым падтрымаць праект — размясціць навіну пра збор сродкаў на выданне. Сабраныя грошы пойдуць на аплату паперы і паслуг тыпаграфіі.
“Тры Анегіны” — праект выдавецтва “Рэгістр”, які ўяўляе сабой тры тэксты, надрукаваныя аралельна: арыгінал тэксту Пушкіна, кананічны пераклад на беларускую Аркадзя Куляшова і (знойдзены ў 2017 годзе) раней невядомы пераклад беларускага паэта і перакладчыка Алеся Дудара.
Пераклад Алеся Дудара быў зроблены на дзесяць гадоў раней за перакладу Аркадзя Куляшова і гэта першы поўны пераклад “Евгения Онегина” на беларускую мову, які быў фактычна выкраслены з гісторыі літаратуры на 80 гадоў. У 1937 годзе Дудар быў расстраляны ў так званую “ноч расстраляных паэтаў”, а рукапіс лічыўся згубленым 80 гадоў, да сакавіка 2017, калі даследчык
беларускай літаратуры Ганна Севярынец знайшла пераклад у архівах рэпрэсаванага паэта.
Ганна Севярынец — укладальніца “Трох Анегіных”, выкладчыца літаратуры, даследчык беларускай літаратуры міжваеннага перыяду, аўтар гістарычнага рамана “Гасцініца Бельгія”, які выклікаў шырокі рэзананс у чытачоў, гісторыкаў і крытыкаў.
“Вочы на мокрым месцы ў мяне сёння цэлы дзень. І ад таго, што трымаю ў руках сігнальны экзэмпляр “Трох Анегіных”. І ад таго, што за тры гадзіны ад пачатку краўдфандынгавай кампаніі сабрана ўжо 30% сродкаў. І ад таго, якая выйшла кніга. І ад таго, якую я адчуваю падтрымку гэтага праекта: ад выдаўцоў, ад сяброў, ад калег”, — піша Ганна на сваёй старонцы ў Фейсбуку.
І дадае: “А думаю я пра тое, што калі б раптам — ну няхай бы так і было! — хто-небудзь мог бы шапнуць яму тады,восемдзесят год таму, уночы ў турме альбо ў апошнім лесе, хто-небудзь шапнуў бы: “Шурка, слухай, от што будзе…”. Пра кніжку гэтую, пра самаахвярную падтрымку чытачоў, пра ўсё, што адбываецца, можа, самую крышачку, але яму было б лягчэй паміраць?”.
Навуковы кансультант выдання — доктар філалагічных навук Аляксандр Фядута.
Перадзамовіць кнігу ці падтрымаць выданне можна тут.