Ганаровы сябра Беларускага ПЭНа, перакладчык з беларускай Джым Дынглі даў інтэрв’ю польскаму часопісу “Przekrój”.
Джым Дынглі нарадзіўся ў 1942 годзе ў Лідсе. Вывучаў славянскія мовы ў Кембрыджскім універсітэце. З 2003 году актыўна перакладае і выступае рэдактарам перакладаў з беларускай. Ягоная жонка Эла – родам з Мінска. Сярод іншага, пераклаў на англійскую мову “Рыбін горад” Наталкі Бабінай, “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” Тані Скарынкінай і кнігу “Дзеці Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча (пераклад будзе прадстаўлены на жнівеньскай Кніжнай выставе ў Эдынбургу).
Джым распавёў пра свой досвед перакладчыка з беларускай. Выкладаем некалькі тэзісаў з размовы:
- Складанасці пры перакладзе ўзнікаюць, калі трэба тлумачыць англамоўнаму чытачу спецыфічныя беларускія рэаліі.
- Беларускай літаратуры ўласціва “беларускасць”. Тое, як беларускамоўныя аўтары перадаюць гістарычны досвед сваёй краіны, – вельмі каштоўна.
- Перакладам беларускіх кніг не стае публічнага розгаласу.
- Рэкамендацыі ў прозе: Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Віктар Марціновіч.
- Рэкамендацыі ў паэзіі: Валянціна Аксак, Марыя Мартысевіч, Алесь Разанаў.
Інтэрв’ю цалкам можна прачытаць па спасылцы.