У пачатку сакавіка ў выдавецтве “Галіяфы” выходзіць чарговы нумар беларускага арт-часопіса пад назваю “pARTisanka”. Выданне прадстаўляе рэдактарская каманда мастачак, куратарак, даследчыц і актывістак, якія прапануюць сваю візію таго, хто такая беларуская (арт) партызанка.
“Калі ты робішся феміністкай, то вельмі хутка разумееш: тое, што ты імкнешся спыніць, некаторыя не прызнаюць існым”. Сара Ахмед, з артыкула Альміры Усманавай.
Мэта гэтага выдання не толькі ў тым, каб абазначыць сімвалічны паварот самога праекта pARTisan, але знак таго, што змяняецца дыскурс сучаснага мастацтва ў Беларусі і публічнага поля ўвогуле. Гэта спроба адказаць на пытанне, як мы, пэўная супольнасць, уяўляем сабе фемінізм у Беларусі і ў якім кірунку бачым ягонае развіццё.
У нумар увайшлі тэксты: Вольгі Шпарагі, Альміры Усманавай, Антаніны Сцебур, Вольгі Маслоўскай, Тані Сяцко, Лесі Пчолкі, Вольгі Гапеевай, Вольгі Бубіч, Інгі Ліндарэнкі, Лізаветы Міхальчук, Сафіі Садоўскай, Юлі Цімафеевай, Вальжыны Морт, Ганны Карпенка, Вольгі Раманавай, Кацярыны Рускевіч, Аляксандра Пяршай.
Дызайн распрацавала Антаніна Слабодчыкава разам з Насцей Стальмахавай.
Падчас прэзентацыі рэдактарская каманда і аўтаркі распавядуць пра ідэю часопіса і прэзентуюць свае тэксты. Акрамя таго адбудзецца размова, прысвечаная ролі жанчыны ў беларускім мастацтве, умовам працы і перспектывам на будучыню.
“…Пры гэтым зусім не хацелася б сцвярджаць, што “жаночы голас” з’яўляецца прынцыпова адрозным ад “мужчынскага”. Абодва — сацыяльны канструкт, які па-свойму стварае і ў пэўнай ступені абумоўлівае рамкі як мастацкага дзеяння, так і наступнай інтэрпрэтацыі. Важнае тут менавіта шматгалоссе — незалежнасць “гучання”, магчымасць працаваць, не аглядаючыся на ўніверсальную постаць Творцы, якая ўсё яшчэ часцяком прадстаўлена белым еўрапейскім (не абавязкова гетэрасэксуальным) мужчынам.” (з артыкула Тані Сяцко).