За апошні час да Беларускага ПЭН-цэнтра далучылася некалькі выбітных і талентавітых творцаў.
Прадстаўляем вам новых сябраў ПЭНа!
Андрэй Кім – арганізатар праекта «Беларускія ўікэнды»: дубляжа і дыстрыб’юцыі сусветных фільмаў на беларускую мову ў кінатэатрах Беларусі.
Дырэктар кампаніі «Кінаконг», якая займаецца перакладамі, дубляжом і кінадыстрыб’юцыяй. Скончыў Літоўскі Эдукалагічны Універсітэт па спецыяльнасці беларуская філалогія.
Сярод іншага:
– перакладчык і выдавец кнігі «Хронікі Нарніі: Леў, вядзьмарка і гардэроб»;
– арганізатар публікацыі першага з савецкіх часоў выдання «Маленькага прынца» па-беларуску;
– арганізатар публікацыі кнігі «Хронікі Нарніі: Пляменнік Чараўніка»;
– аўтар дзіцячай кніжкі-маляванкі «Мой сябар жырафа ў Беларусі»;
Дзейнасць неаднаразова адзначана рознымі беларускімі і міжнароднымі інстытуцыямі, у тым ліку: атрымаў узнагароду “Медыяперсона года 2019” ад “Камсамольскай Праўды ў Беларусі”; культуртрэгер 2017 года па версіі «Нашай Нівы»; грамадскі актывіст 2016 года па версіі «Нашай Нівы»; атрымальнік дыплома прэміі Дэбют 2017 года за пераклад “Хронікаў Нарніі”; шэраг перамогаў на фестывалі рэкламы ADNAK!;
Евангельскі хрысціянін. Жанаты з Надзеяй, мае двух сыноў.
Надзея Кім – перакладчыца з англійскай мовы, рэдактарка. З 2011 году займаецца перакладам фільмаў на беларускую мову для кампаніі “Кінаконг”, з 2015 году таксама рэдактарка. Агулам за гэты час працавала над больш як шасцюдзесяццю поўнаметражнымі стужкамі.
У 2016 годзе пераклала кнігу “Хронікі Нарніі: пляменнік чараўніка”, з якой стала фіналісткай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.
Мікалай Рудкоўскі нарадзіўся 22 студзеня 1971 году ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць — філолаг) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (спецыяльнасць — рэжысура тэатра).
Працаваў акцёрам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, здымаўся ў кіно. Са снежня 2000 працуе на беларуска-нямецкай FM-радыёстанцыі UNISTAR крэатыўным рэдактарам, радыёвядучым.
Сябра асацыяцыі еўрапейскіх драматургаў EURODRAM і каардынатар беларускага камітэта.
Ганна Соўсь нарадзілася 23 траўня 1971 году ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту. Працавала ў незалежнай газеце «Народная воля» (1995- 2000), з 2000 па 2008 год у менскім бюро Радыё Свабода, з 2008 году па цяперашні час — у штаб-кватэры RFE/RL у Празе.
У 1999 годзе атрымала прэмію прадстаўніцтва ААН у Беларусі за асвятленне ў газеце «Народная воля» тэмы гвалту ў дачыненьні да жанчын. У 2003 годзе атрымала прэмію ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за 250 рэпартажоў цягам кругласутачнай вахты ў Курапатах падчас будаўніцтва кальцавой дарогі. У 2019 годзе была прызнаная праваабарончай супольнасцю Беларусі Журналісткай году.
Кнігі: «Дарога праз Курапаты», 2002 год, серыя Бібліятэка Свабоды, аўтарка; «Адзін дзень палітвязьня», 2009 год, серыя Бібліятэка Свабоды, аўтарка ідэі, укладальніца, аўтарка; «Адзін дзень палітвязня 2009-2011» 2011 год, серыя Бібліятэка Свабоды, аўтарка ідэі, укладальніца, аўтарка; «Жыццё пасля раку», 2014 год, серыя Бібліятэка Свабоды, аўтарка ідэі, укладальніца, рэдактарка, аўтарка.
Шматгадовая вядучая тэлепраграм «Зона Свабоды» на Белсаце і «Свабода бяз гальштукаў» на Свабодзе. Аўтарка мультымедыйнага цыклу «Расея і я», 2016 год, Радыё Свабода, відэаінтэрвію з 12 постсавецкімі прэзідэнтамі. З 2017 году — вядучая штотыднёвай перадачы «Толькі жанчыны» і адміністратарка фб-суполкі «Толькі жанчыны».