Беларускі ПЭН-Цэнтр супольна з Аршанскай філіяй Таварыства беларускай мовы распачынае сёлета Фестываль Уладзіміра Караткевіча. У суботу 30 лістапада запрашаем у Оршу, а таксама Смаляны, дзе разгорнецца чарада культурніцкіх падзей, звязаных з асобай і творчасцю класіка ХХ стагоддзя, горача любімага рознымі пакаленнямі беларусаў. У імпрэзах возьмуць удзел дзеячы культуры з усёй краіны, але найперш творцы з Аршаншчыны. Фестываль прымеркаваны да дня нараджэння У. Караткевіча, якое святкуецца 26 лістапада.
«Ідэя фестывалю – зрабіць яго такім жа жыццесцвярджальным, поўным любові да Радзімы, якой была сама асоба Уладзіміра Караткевіча. – кажа каардынатарка Фэсту Караткевіча Паліна Качаткова. – Хочацца сабраць вакол гэтай падзеі найлепшае, што дала нашай культуры ягоная творчая спадчына. Матыў вандравання – адзін з галоўных у творчасці Караткевіча, таму і сам фестываль мы бачым вандроўным. Нашы імпрэзы будуць упісаныя ў гарадскі ландшафт Оршы, які выразна адчытваецца ў рамане “Нельга забыць”».
У праграме – экскурсія па Смалянах краязнаўцы Віктара Мяжэвіча, экскурсія па аршанскіх мясцінах Караткевіча Паліны Качатковай. Таксама ў Оршы адбудуцца дыскусія пра ўплыў спадчыны Караткевіча на сучаснае грамадства Беларусі і літаратурна-музычная імпрэза, спецыяльным госцем якой будзе фолк-музыкант Сяржук Доўгушаў, які паходзіць з Аршаншчыны. У ягоным выкананні прагучаць песні на вершы Караткевіча. Уваход на ўсе падзеі вольны.
У дзень фестывалю з ласкавай згоды ўласніка Андрэя Балабіна будзе адкрыты для наведнікаў Дом Караткевіча ў Оршы.
Падрабязны расклад фестывалю з’явіцца неўзабаве.
Падчас свайго вандравання 30 лістапада ўдзельнікі прыдумаюць і зацвердзяць назву для новай ініцыятывы. Мяркуецца, што Фестываль Уладзіміра Караткевіча стане штогадовым, і ў 2020 годзе, да 90-гадовага юбілею пісьменніка, пройдзе з большым размахам.
Ідэя фестывалю: Ірына Дубянецкая, Паліна Качаткова, Юры Нагорны, Алена Танкачова.
Арганізатары фестывалю: РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтр», ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (Аршанская філія).
Партнёры фестывалю: «Вандроўная кнігарня» Літаратурнага дома «Логвінаў», ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», Аршанскі рэгіянальны партал orsha.eu, ЗАТ «Патио».
Арганізатары дзякуюць сям’і фотамастака Валянціна Ждановіча за дазвол выкарыстоўваць у анонсах падзеі знакаміты здымак «Уладзімір Караткевіч з кацянятамі».
Кантакты: [email protected] (з пазнакай: “Фестываль Караткевіча”), +375293465792 (Паліна Качаткова).