Рада РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, паводле пункта 3.6 Статута РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, выключае сябра арганізацыі Паўла Канстанцінавіча Севярынца ў выніку парушэння Статута арганізацыі.
Павел Севярынец выключаецца паводле статутных п. 3.8 (г)., згодна з якім кожны член РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязаны абараняць гонар РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” і п. 3.1., згодна з якім сябры РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” абавязваюцца выконваць патрабаванні Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба. Парушэнне п.3.1, паводле статута нашай арганізацыі, “несумяшчальнае з членствам у РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр””.
Канстатуем, што Паўлам Севярынцам:
– зневажаўся гонар РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, выказвалася абразлівае і варожае стаўленне ў дачыненні да законнага кіраўніцтва, абранага Агульным Сходам арганізацыі, што парушае п. 3.8 (г) Статута арганізацыі;
– наўмысна фальсіфікавалася і скажалася інфармацыя дзеля прыватных мэтаў, што парушае п.4 Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба, згодна з якім сябры арганізацыі “абавязаныя змагацца з такімі негатыўнымі праявамі свабоднага друку, як хлуслівасць, наўмысная фальсіфікацыя, скажэнне інфармацыі дзеля палітычных і прыватных мэтаў”.
– публічна, сістэматычна дыскрымінавалася сацыяльная група ЛГБТК+, што пацвярджаецца вонкавай экспертызай і парушае п.3 Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба, які абавязвае сяброў нашай арганізацыі “усімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісці”.