Распачата краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў на выданне кнігі беларускіх перакладаў стараангельскай паэзіі. Аб’ём кнігі – 178 старонак фармату 140 х 200 мм. Кніга выйдзе ў мяккай вокладцы.
Стараангельская паэзія – гэта тэксты 7-11 стст. Імі натхняліся такія пісьменнікі, як Альфрэд Тэнісан, Эзра Паўнд, Дж. Р. Р. Толкін. Кніга будзе змяшчаць амаль усе найвядомейшыя стараангельскія вершы, а ў якасці прыемнага дадатку – пераклад паэмы “Прароцтва вяшчунні” з Старэйшай Эды.
Пераклад са стараангельскай мовы выканаў паэт і перакладчык Ігар Кулікоў. У яго літаратурным даробку чатыры паэтычныя зборнікі, а таксама пераклады з ангельскай (“Ліст Ніґґла” Дж. Р. Р. Толкіна і “Чытво” Чарльза Букоўскі) і з санскрыту (“Рыґведа. Кола І”, “Воблачны вястун”, “Аповед пра Шакунталу” і “Бгартрыгары: выбраныя вершы”).
Падтрымаць праект можна па спасылцы.