Прыняццем двух новых законаў, якія крыміналізуюць “абразу” дзяржавы і распаўсюд “фэйкавых навінаў”, а таксама ўзмацняюць дзяржаўны кантроль за інтэрнэтам, расійскія ўлады і далей працягваюць накладваць празмерныя абмежаванні на свабоду слова і падрываць свабоду прэсы. Пра гэта ўчора заявіў Міжнародны ПЭН і ПЭНы Масквы і Санкт-Пецярбурга.
18 сакавіка 2019 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў два законы, якія былі папярэдне ўхваленыя Дзяржаўнай Думай РФ і Саветам Федэрацыі, верхняй і ніжняй палатамі расійскага парламенту. Першы закон крыміналізуе публікацыю онлайн-матэрыялаў, які могуць выяўляць “яўную непавагу” да органаў улады, афіцыйных сімвалаў, грамадства, Канстытуцыі і дзяржаўных органаў, і прадугледжвае штрафы да 300 000 расійскіх рублёў (каля $4,600) і арышты тэрмінам да 15 сутак. Згодна з другім законам, распаўсюд “фэйкавых навінаў” праз медыі ці онлайн можа быць пакараны штрафамі да 1,5 мільёна расійскіх рублёў (каля $23,300). Дзяржаўная агенцыя “Роскомнадзор” упаўнаважаная сачыць за зместам онлайн-публікацый і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама блакаваць доступ да старонак без пастановы суду ў выпадку, калі матэрыял не быў выдалены неадкладна.
Савет па правах чалавека пры прэзідэнце РФ, а таксама шэраг іншых нацыянальных праваабарончых групаў заклікалі парламент адмяніць гэтыя законапраекты. 12 сакавіка больш за 100 журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і выдаўцоў – сяброў ПЭНаў Масквы і Санкт-Пецярбурга і асацыяцыі “Вольнае слова” падпісалі адкрыты ліст, у якім абвесцілі пра “ўсталяванне ў краіне рэжыму прамой цэнзуры”.
У адкрытым лісце сказана:
Гаворка ідзе пра грубае чыноўніцкае самавольства, пра цынічнае парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзянаў Расійскай Федэрцыі. Гаворка ідзе пра стварэнне невыносных дыскрымінацыйных умоваў для расійскай медыйнай індустрыі. Гаворка ідзе пра дзяржаўныя рэпрэсіі супраць журналістаў і пісьменніцкай супольнасці.
Міжнародны ПЭН, ПЭНы Масквы і Санкт-Пецярбурга зноў заклікаюць расійскія ўлады неадкладна спыніць наступ на свабоду слова і стварыць умовы, якія спрыяюць вольнаму выказванню грамадскага меркавання.