Сустрэча з Софі Оксанен, адной з самых значных сучасных пісьменніц Фінляндыі, адбудзецца 5 красавіка ў Мінску. Гутарка пад назвай «Месца літаратуры ў постсавецкім грамадстве» пройдзе ў межах фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Мадэратарка − пісьменніца Алена Казлова (Анка Упала). Мерапрыемства пройдзе пры падтрымцы аддзялення пасольства Фінляндыі ў Беларусі і Беларускага ПЭН-цэнтра.
Час: 18.00-19.00
Месца: вул. Кастрычніцкая, 16, ОК16, ЗОНА А
Пра ўдзельніц:
Софі Оксанен (нар. 1977) – фінскамоўная пісьменніца, празаік, актыўная сяброўка Фінскага ПЭНу, першая фінская пісьменніца, узнагароджаная Літаратурнай прэміяй Шведскай акадэміі, так званай «Малой нобелеўскай прэміяй». Некалькі раманаў Софі прысвечаныя гісторыі Эстоніі падчас савецкай акупацыі (яе маці эмігравала з Эстоніі ў Фінляндыю ў 70-х): «Сталінскія каровы» (2003), «Ачышчэнне» (2007), «Калі галубы зніклі» (2012). У цэнтры раманаў «Бэбі Джэйн» (2005) і «Норма» (2015) – жаночыя гісторыі, паводле першага з іх 8 сакавіка 2019 г. у пракат выйшаў фільм. Софі Оксанен – аўтарка шэрагу тэатральных п’ес і эсэ, феміністка і ЛГБТ-актывістка. Пасля пачатку расейска-украінскай вайны шмат піша пра інфармацыйную небяспеку ва Ўсходняй Еўропе, пра гістарычныя «міны» усходнееўрапейскіх краін; удзельнічае ў акцыях у падтрымку Сянцова.
Перакладаў яе твораў на беларускую пакуль не выходзіла. Ёсць пераклады на ўкраінскую мову − кніг «Норма», «Сталінські корови», «Коли голуби зникли». На рускую перакладзеныя два раманы: «Когда исчезли голуби» ды «Очищение».
Алена Казлова (Анка Упала) — беларуская пісьменніца, актуальная аўтабіяграфічным раманам «На заснежаны востраў» (шорт-ліст прэміі Гедройца 2018), перакладчыца фінскай дзіцячай літаратуры, сябра Рады беларускага ПЭН-цэнтра.