16 сакавіка з 11-й да 21-й гадзіны ў Цэнтры гарадскога жыцця (Кірава, 3) выступіць цудоўная кампанія менскіх творцаў: мастак Павел Татарнікаў і культуролаг Максім Жбанкоў, філосафы Вольга Шпарага і Валянцін Акудовіч, літаратары Уладзімір Арлоў, Ганна Янкута і Андрэй Хадановіч, гісторыкі Алесь Пашкевіч, Алесь Белы і Антон Рудак, а таксама маладыя паэткі і паэты Ганна Комар, Хрысціна Бандурына, Антон Саладоўнікаў, Іаанна Владыка, Таццяна Нядбай. Вядома ж, далучацца і гарадзенскія аўтары, а напрыканцы ўсіх ахіне сюррэальная музыка .K
Выдаўцы “Галіяфы“, “Янушкевіч“, “Arche”, Раман Цымбераў, “ЮрСаПрынт”, а таксама сталічнай кнігарня “Акадэмкніга” разгарнуць на фэсце кірмаш, так што гэта добрая магчымасць набыць беларускія навінкі і бестсэлеры.
Ад дзіцячых чытанак да філасофскіх лекцый – сваю інтэлектуальную кнігу знойдзе кожны. Глядзіце праграму і абірайце, што вам па душы:
11:00 Дзіцячая праграма праекту “Зачтение“ (для дзяцей ад 4 да 7 гадоў): гучна чытаем любімыя кніжкі (“Дабранач, Караліна” Якаба Хайна, “Дыктарар” Ульфа Старка ды іншыя)
12:10 Прэзентацыя самай тытулаванай кнігі казак “Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка” з удзелам мастака Паўла Татарнікава
12:30 “Прыватная гісторыя кнігі”: аўтарка “Ката Шпрота” Ганна Янкута пра таямніцы стварэння выданняў (+аўтограф-сесія)
13:10 “Супольнасці XXI стагоддзя”: лекцыя філосафкі Вольгі Шпарагі і прэзентацыя яе кнігі “Супольнасць пасля Халакосту” (+аўтограф-сесія)
14:00 “Белкульт і як з гэтым жыць”: інтэлектуальны стэнд-ап культуролага Максіма Жбанкова
14:40 “Філосаф думае Беларусь”: размова з Валянцінам Акудовічам
15:20 “Гісторыя – папулярная або “навуковая”?” – дыскусія гісторыкаў Алеся Краўцэвіча, Алеся Пашкевіча, Алеся Белага, Антона Рудака ды іншых.
16:50 Андрэй Кірэй: акустыка
17:20 “Танцы над горадам” з пісьменнікам Уладзімірам Арловым (у 16:40 – аўтограф-сесія Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава)
18:00 Андрэй Хадановіч з вершамі і перакладамі
18:40 Паэтычны мікрафон: Ганна Комар, Хрысціна Бандурына, Антон Саладоўнікаў, Даша Бялькевіч, Іаанна Владыка, Антон Рудак ды іншыя.
20:00 Музычны сэт .K
20:40 Закрыццё фэста
Фестваль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” адбываецца сёлета ў другі раз. У сакавіку імпрэзы праходзяць у Полацку, Гародні, Гомелі, Берасці, а з 4 па 7 красавіка фестываль адбудзецца ў менскім хабе Ок16. Праграма насычаная выступамі беларускіх і замежных пісьменнікаў ды інтэлектуалаў і мае мэтай паяднаць усіх удзельнікаў літаратурнага працэсу: выдаўцоў, крытыкаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, дызайнераў і, вядома ж, чытачоў, зацікаўленых у якаснай кнізе.