Маеце ідэю імпрэзы для Менску ці рэгіёнаў? Дашліце заяўку да 12 лютага, і, магчыма, ваш праект стане часткай фестывальнай праграмы.
Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбудзецца з 4 па 7 красавіка ў менскім культурным хабе Ок16. З лекцыямі, дыскусіямі, чытаннямі ды майстар-класамі выступяць пісьменнікі, крытыкі, гісторыкі, дызайнеры і філосафы. Плануюцца і замежныя госці — зорка ўкраінскай літаратуры Сяргей Жадан, расейскі празаік Віктар Ярафееў, фінская пісьменніца і феміністка Софі Оксанен, літоўскі паэт Томас Венцлова.
Сёлета фестываль выйдзе па-за межы сталіцы. Штосуботу цягам сакавіка «Прадмова» прыедзе як мінімум у чатыры беларускія гарады – у Полацк, Гомель, Гародню і Берасце. Праграма мае спалучаць выступы менскіх інтэлектуалаў ды пісьменнікаў (у тым ліку шорт-лістараў прэміі Гедройца) і мясцовых творцаў.
Яшчэ адзін горад на фестывальную мапу змогуць дадаць чытачы, прагаласаваўшы за яго ў сацсетках. Пераможа горад, які да 26 лютага набярэ мінімум 300 галасоў.