Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбудзецца ў другі раз – з 4 па 7 красавіка ў культурным хабе Ок16. Як і летась, праграма насычаная разнастайнымі івэнтамі для аматараў якаснай кнігі. Чым парадуе сёлетні фэст – распавядаем у пяці пунктах.
1. Якія гарады з’явяцца на мапе «Прадмовы»?
Сёлета фестываль выйдзе па-за межы сталіцы. Штосуботу цягам сакавіка «Прадмова» прыедзе як мінімум у чатыры беларускія гарады – у Полацк, Гомель, Гародню і Берасце. Праграма мае спалучаць выступы менскіх інтэлектуалаў ды пісьменнікаў (у тым ліку шорт-лістараў прэміі Гедройца) і мясцовых творцаў. Такім чынам, менскі фестываль стане фінішным пунктам пасля месяцу падзеяў у рэгіёнах.
А калі аматары кнігі ў сацсетках будуць дастаткова актыўныя, то змогуць дадаць яшчэ адзін горад на фестывальную мапу як фінальны бонус сезона (які? – вырашыць галасаванне).
2. Ці прыедуць на фэст замежныя літаратурныя зоркі?
Акурат цяпер каманда вядзе перамовы з замежнымі пісьменнікамі. Магчыма, у Менск прыедзе літоўскі паэт ды інтэлектуал Томас Венцлова, кніга вершаў якога хутка выйдзе па-беларуску, або фінская феміністка, пісьменніца Софі Оксанен (яна лаўрэатка так званага «малога Нобеля» – Літаратурнай прэміі Шведскай акадэміі).
З прыязнасцю адказаў на запрашэнне расейскі пісьменнік Віктар Ярафееў. На адзін дзень паміж Парыжам і Нью-Ёркам, магчыма, вырвецца ў Менск і зорка ўкраінскай літаратуры Сяргей Жадан – падчас фестывалю плануецца прэзентацыя ягонага раману «Інтэрнат», які выйшаў па-беларуску ў перакладзе Наталкі Бабінай.
І гэта яшчэ не ўсе магчымыя замежныя госці фестывалю.
3. Хто мае быць беларускім хэдлайнерам?
Нават складана пералічыць! Чатырохдзённая праграма ў Менску і рэгіянальныя імпрэзы збяруць увесь цвет беларускае культуры – з лекцыямі, дыскусіямі, чытаннямі ды майстар-класамі выступяць самыя вядомыя пісьменнікі, крытыкі, гісторыкі, дызайнеры і філосафы. Сачыце за праграмай: там будзе шмат сюрпрызаў!
4. Ці будзе на фэсце начная праграма?
У ноч з пятніцы на суботу (з 5 на 6 красавіка) плануецца кніжнае шоў на стыку розных мастацтваў – тут будуць чытанні, тэатральныя імправізацыі і музычныя сэты. А паміж імі можна прапусціць па кактэйлю «Акудовіч» або «Бахарэвіч». У бары Ок16 з’явіцца літаратурная кактэйльная карта. Рэцэпты напояў арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.
5. Ці трэба пужацца назвы «інтэлектуальная кніга»?
Арганізатар фэсту Павел Баркоўскі тлумачыць, што інтэлектуальная кніга – гэта не толькі філасофскія ці навуковыя працы, гэта ўвогуле любая добрая кніга, якая змушае думаць або нейкім чынам змяняе чытача. Таму разам з лекцыямі інтэлектуалаў на фэсце будуць імпрэзы для аматараў усіх жанраў – паэзіі, прозы, нон-фікшна і нават твораў для дзяцей.
Арганізатары заклікаюць пісьменнікаў, мастакоў, іншых дзеячаў культуры , а таксама выдаўцоў далучацца да праграмы фестывалю. Маеце ідэю імпрэзы для Менску ці рэгіёнаў? Дашліце заяўку да 12 лютага, і, магчыма, ваш праект стане часткай «Прадмовы».