• Навiны
  • “Ціхі, як гром”: ранні Маякоўскі ў перакладах Уладзя Лянкевіча

“Ціхі, як гром”: ранні Маякоўскі ў перакладах Уладзя Лянкевіча

Апошняе абнаўленне: 26 студзеня 2019
“Ціхі, як гром”: ранні Маякоўскі ў перакладах Уладзя Лянкевіча
Чарговы занятак Перакладчыцкай Майстэрні зноў, ужо другі раз у гэтым сезоне, адбыўся “пад сцягам” Уладзіміра Маякоўскага.

Чарговы занятак Перакладчыцкай Майстэрні зноў, ужо другі раз у гэтым сезоне, адбыўся “пад сцягам” Уладзіміра Маякоўскага. Калі папярэднім разам Віталь Рыжкоў паказаў свой пераклад “Размовы з фінінспектарам пра паэзію”, апрацаваўшы і прачытаўшы яе ў рэп-стылістыцы, то цяпер Уладзь Лянкевіч прадставіў невялічкую, але вельмі рэпрэзентатыўную падборку з ранняга Маякоўскага, з вершаў 1913-1915 гг.

Праца над яго вершамі адбываецца ў межах падрыхтоўкі “Выбраных твораў”, што маюць выйсці ў выдавецтве Змітра Коласа ў серыі “Паэты планеты”. Нельга сказаць, што Маякоўскага не перакладалі на беларускую мову раней. Хутчэй наадварот, мала хто з замежных аўтараў мог бы пахваліцца такой колькасцю выданняў. Яго беларускія зборнікі выходзілі ў 1938 г., у 1940 г. (рэдактар Пятрусь Броўка), у 1952 г. (рэдактар Аркадзь Куляшоў), у 1983 г. (рэдактар Артур Вольскі). Вось толькі акцэнт у большасці з іх – можа, за выняткам апошняга – нязменна рабіўся на ідэалагізаваных, праграмна-савецкіх творах, тады як раннія, футурысцкія, найбольш эксперыментальныя як у плане вобразнасці, так і з гледзішча паэтычнай тэхнікі вершы найчасцей заставаліся па-за ўвагай. А калі перакладаліся, то рабіліся ахвярамі цэнзуры і самацэнзуры тых, хто рыхтаваў іх у друк. Гэта датычыць нават перакладаў Рыгора Барадуліна, што ўвайшлі ў зборнік 1983 года. Досыць згадаць, што барадулінская вэрсія верша «Вам!» заканчваецца так: «Я лепш ваду ананасную ў бары / падаваць прасталыткам буду!».

Асаблівасць зборніка, што рыхтуецца, – вялікая колькасць новых перакладаў, зробленых спецыяльнага для яго беларускімі сучаснымі паэтамі: згаданымі Уладзем Лянкевічам і Віталём Рыжковым, а таксама Андрэем Хадановічам. (Акрамя таго, у кнігу ўвойдзе ўступ па паэмы “На ўвесь голас”, зроблены ў 1930-я гады Тодарам Кляшторным. Паэт быў неўзабаве расстраляны – і пераклад з таго часу не перавыдаваўся, нават пасля рэабілітацыі паэта-перакладчыка. А пераклад варты ўвагі перш за ўсё таму, што выкананы на рэдкім для тых часоў майстэрскім узроўні.)

Што да новых перакладаў, то ўсе трое беларускіх паэтаў імкнуцца, наколькі гэта магчыма, захаваць усю экспрэсію арыгіналаў і асаблівасці ўнікальнага мастацкага “почырку” рускага паэта, – не баючыся паэтычных вольнасцяў там, дзе “даслоўнасць” толькі знішчыла б аўтарскую паэтыку. Змешчаная ніжэй невялічкая падборка з шасці вершаў, перакладзеная Уладзем Лянкевічам і разабраная на Майстэрні, – яскравы прыклад такога падыходу. Прыемнага чытання!

Тое-сёе пра Пецярбург

Спаўзаюць слёзы з даху ў трубы
да рук ракі рысуюць рыскі;
а ў неба выпуклыя губы
цагляныя ўваткнулі цыцкі.

І неба – змоўкшы – зразумела:
туды, дзе мора, як няўклюда
гнаў паганяты адсырэлы
Нявы двухгорбага вярблюда.

1913

Арыгінал.

***
Пеклішча горада вокны разбілі
на пеклінкі, што смокчуць святла глыткі.
Д’яблы рудыя, узняліся аўтамабілі –
над самым вухам выбухаюць гудкі.

А там пад шыльдаю, дзе селядцы з Керчы –
акуляры шукаў штурхануты дзядок
і зарумзаў, калі ў вечаровым смерчы
трамвай з разбегу засціў зрэнкамі зрок.

У дзюрах хмарачосаў, дзе агонь ад руды
і жалеза цягнікоў грувасціла лёх –
крыкнуў аэраплан і ўпаў туды,
дзе захад сонца вырваным вокам лёг.

І тады ўжо – скамечыўшы коўдры ліхтароў –
ноч адкахалася, распусты й хмелю поўная,
а за сонцамі вуліц клыпала дамоў
непатрэбная нікому, друзлая поўня.

1913

Арыгінал.

Нічога не разумеюць

Зайшоў да цырульніка, сказаў – спакойны:
“Калі ласка, прычашыце мне вушы”.
Гладкі цырульнік тут жа зрабіўся хвойным,
твар выцягнуўся, быццам у грушы.
“Шалёны!
Рыжы!” –
заскокалі словы.
Лаянка сноўдала ад піску да піску
і до-о-о-о-ўга
хіхікала адна з галоваў,
выскубнутая з натоўпу як старая радыска.

1913

Арыгінал.

Вось так я зрабіўся сабакам

Ну, гэта ўжо наогул нясцерпна!
Увесь чыста злосцю пагрызены.
Злую не так, як маглі б вы:
як сабака лабатай поўні залысіны —
узяў бы
і ўсё б абвыў.

Нервы, напэўна…
Выйду,
Прагуляюся.
І на вуліцы ніяк не магу супакоіцца
Нейкая галёкнула пра добры вечар.
Адказаць трэба:
яна — знаёміца
Хачу.
Адчуваю —
не магу па-чалавечы.

Нешта нейкае абы-што!
Сплю я, ці як?
Памацаў сябе:
Такі ж як быў,
нос, вочы, астатняе вакол.
Крануў губу,
а ў мяне з-пад губы —
ікол.

Хутчэй твар затуліў, смаркаюся быццам.
Кінуўся дамоў на злом галавы.
Далікатна агінаю паліцэйскі пост,
раптам голасагромае:
“Гарадавы!
Хвост!”

Правёў рукой і – аслупянеў!
Ладна іклы,
але тут такое за дзень —
як нёсся наўскач, то не ўбачыў:
ў мяне з-пад пінжака
развеерыўся хвасцень,
віецца ззаду,
вялікі, сабачы.

Што цяпер?
На лямант аднаго натоўп нарос.
Трэці дадаўся, чацвёрты, пяты.
Сціснулі бабульку.
Яна скрозь жагналася й крычала, нехта там кляты.

І калі, натапырыўшы ў твар вусішчы-дзяркачыкі,
натоўп наваліўся
злючы,
даўкі,
я стаў на карачкі
і загаўкаў:
Гаў! гаў! гаў!

1915

Арыгінал.

Сабе, любімаму, прысвячае гэтыя радкі аўтар

Чатыры.
Цяжкія, як удар пад дых.
“Кесарава кесару – Богу богава”.
А такому,
як я,
усунуцца куды?
Дзе для мяне ўладкавана логава?

Калі б быў я
маленькі,
як Вялікі акіян, –
На дыбачкі б хваляў устаў,
прылівам бы лашчыўся да месяца.
Дзе каханую знайсці мне,
такую як і я?
Такая ў мізэрнае неба не змесціцца!

О, калі б бедным быў!
Як мільярдэр!
Што грошы душы?
У ёй – зубоў ненажэрнага звера ляскат.
Каб задаволіць жаданняў маіх бардэль
не хопіць золата ўсіх Алясак.

Калі б быў я коснаязыкім,
як Дантэ
або Петрарка!
Душу да адной запаліў бы!
Вершамі б яе спапяліў самахоць я!
І словы
і каханне маё –
трыумфальная арка:
ўрачыста,
бясследна пройдуць пад ёй
каханкі ўсіх стагоддзяў.

О, калі б быў я
ціхі,
як гром –
маністы б
рассыпаў, скалануў бы зямлі спарахнелую стынь.
я калі ўсёй яго магутой
выраву голас агромністы –
каметы кінуцца долу ў журбе
падцяўшы вогненныя хвасты.

Я промнямі грыз бы вока ночы –
о, калі б быў я
цьмяны,
як сонейка!
Дасхочу мне
ззяннем маім паіць
зямлі змарнелае ўлонейка!

Прыйшоў,
каханішча на плячох прыцёг.
Праз якое
трызненне
і чые трэны,
ад якіх Галіяфаў я атрымаў жыццё –
такі вялізны
і такі непатрэбны?

Арыгінал.

Лілічка!
замест ліста

Выеў паветра дым тытуню
Кухня –
кола кручоныхаўскага пекла.
Успомні –
за гэтым акном
упершыню
лашчыў рукі твае нягегла.
Сёння сядзіш тут,
сэрца ў жалезе.
Дзень яшчэ –
высварыш
прэч, можа, як жабрака.
У мутнай вітальні доўга не ўлезе
дрыготкай зламаная рука ў рукаў.
Выбегу,
цела вывалю на прахожых я.
Дзікі,
абязглуздзею,
роспаччу адхвастаны.
Не трэба гэтага,
дарагая,
прыгожая,
дай зараз растанне.
Усё адно
каханне маё –
цяжкай гірай ці
грузам на табе,
хоць бегма бяжы ты.
Дай у апошнім крыку выраўці
горыч крыўдаў пражытых.
Калі бык працай замораны –
ён пойдзе
улегчыся ў халодную лагчыну.
Акром кахання твайго,
няма
мора мне,
а ў кахання твайго і не выплакаць спачыну.
Захоча пярэдыху стомлены слон –
царом ляжа ў перапражаныя пяскі.
Акром кахання твайго,
няма
сонца мне,
а я і не ведаю, дзе ты і з кім.
Калі б гэтак паэта змучыла
ён
любую б на грошы і славу выменяў,
а мяне
ніводзін не цешыць звон,
апроч звона твайго ўлюбёнага імені.
І ў пралёт не кінуся,
не глыну атруты,
і не змагу ў магазін укласці набой.
Працяты поглядам
тваім, прыкуты,
я не падуладны ніводнай са зброй.
Заўтра забудзеш,
што цябе каранаваў,
што маё каханне – дзень пры дні жах:
ім душу выпаліў, і, успырхнуўшы, карнавал
растрэпле старонкі маіх кніжак.
Ці спыняць гурбы словаў маіх лісцевых,
ці табе ад іх перахопіць
дых?

Дай хоць
апошняй пяшчотай высцеліць
рэха тваёй хады.

Арыгінал.

“Ціхі, як гром”: ранні Маякоўскі ў перакладах Уладзя Лянкевіча

“Ціхі, як гром”: ранні Маякоўскі ў перакладах Уладзя Лянкевіча

“Ціхі, як гром”: ранні Маякоўскі ў перакладах Уладзя Лянкевіча