8 лістапада, у межах Перакладчыцкай Майстэрні, адбылася размова пра беларускія пераклады пушкінскага “Яўгенія Анегіна”.
Да нядаўняга часу лічылася, што такі пераклад – поўны пераклад – захаваўся толькі адзін і належыць пяру Народнага паэта Аркадзя Куляшова. Яшчэ да 1941 года Куляшоў паспеў зрабіць першы варыянт перакладу, але гэты тэкст загінуў падчас Другой сусветнай. Не здолеўшы аднавіць яго па памяці, паэт-перакладчык зрабіў новую, пасляваенную версію “Анегіна”. Між тым летась, у “Выбраных творах” Алеся Дудара з’явіўся ягоны – першы па часе – беларускі пераклад “Анегіна”. Яго тэкст знайшла і апублікавала філолаг, выкладчыца літаратуры і вядомая блогерка Ганна Севярынец, якая завітала на паседжанне Майстэрні як спецыяльная госця.
Наведнікам, безумоўна, было цікава пачуць гісторыю пошукаў дудароўскага перакладу. “Знаходка рукапісу, – расказала Ганна Севярынец, – выглядае на дзіва, на выпадак, але найперш у гэтай знаходцы – подзвіг сям’і. Для мяне ж гэтая гісторыя таксама не выглядае выпадкам – я ўпарта шукала “Анегіна” праз увесь 2016 і 2017 год, з таго моманту, як даведалася, што такі пераклад існаваў, спачатку, канешне ж, знайшла часопісныя публікацыі 1 і 3 главы, потым – згадкі пра шостую, падняла ўсе Хронікі тоўстых часопісаў, усе Летапісы жыцця і творчасці сучаснікаў Дудара, ішла па гэтым следзе, перагартала архівы ўсіх выдавецтваў, шукала нават у партыйным архіве ў НАРБе – там ёсць колькі мастацкіх рукапісаў, таму тэарэтычна тэкст “Анегіна” мог апынуцца і там. Амаль увесь гэты час у мяне ў кашальку ляжаў тэлефон, які мне далі ў БДАМЛМ – нумар жанчыны, якая ў 1982 годзе здавала ў архіў 5 фотаздымкаў Дудара. Што рабіць мне з тэлефонам 1982 года? Не было ніякай упэўненасці, што і жанчына тая жыве. І аднойчы проста “падпёрла” мяне – адчай, напэўна, бо нічога не адшуквалася. І я проста, без зменаў, набрала той нумар, папярэдне ўдакладніўшы па даведках адрас і прозвішча, на якія зарэгістраваны тэлефон. “Добры дзень, – сказала . – Я збіраю “Выбраныя творы” Алеся Дудара”. “Ой, як добра, – адказалі мне. – А ў мяне якраз ляжыць рукапіс “Анегіна”. Адказала пляменніца паэта Л.М.Малініна. Я паклала слухаўку – і заплакала”.
Ганна Севярынец (з дазволу Л.М.Малінінай) прынесла на занятак Майстэрні шэраг дакументаў: некалькі старонак з рукапісу “Анегіна” і выдавецкую ўмову, заключаную паміж БДВ і Алесем Дударом на пераклад “Вільгельма Тэля” (з боку выдаўца, дарэчы, яе падпісаў Лукаш Бэндэ). А таксама – “Мастацтва перакладу” Карнея Чукоўскага, на якім добра бачныя паметы алоўкам, што рабіў Алесь Дудар у 1936, рыхтуючыся перакладаць “Анегіна”.
“Наогул, канешне, уражвае, – кажа Ганна Севярынец, – у якой колькасці і ў якім выдатным стане захаваліся ў сям’і расстралянага паэта ягоныя рукапісы, паперы, кнігі – тое, што не было адабрана пры вобшуках. Колькі смеласці, трывання, веры ў памяць беларусаў павінна было быць у сэрцы ягонай мамы, сястры, пляменніцы, якія зберагалі памяць пра свайго Шурку праз вайну, сталіншчыну, асцярожную абыякавасць паваенных часоў. Не толькі рукапіс “Анегіна” дарагі ў гэтым зборы – кожная папера, кожны пакрэслены алоўкам радок у кнігах – сведка часу, сведка маладога, трагічна перарванага жыцця”.
Не менш цікавай часткай паседжання было параўнальнае чытанне фрагментаў перакладу, версій А.Дудара і А.Куляшова – разам з рускім арыгіналам. Часам уражвалі нечаканыя супадзенні ў перакладчыцкіх рашэннях двух беларускіх паэтаў. Напрыклад, хрэстаматыйная пушкінская (сама)іронія: “И вот уже трещат морозы / И серебрятся средь полей… / (Читатель ждет уж рифмы розы; / На, вот возьми ее скорей!)”
Варыянт Дудара:
І вось ужо настала сцюжа,
Усе палі ў серабры…
(Чытач чакае рыфмы ружа –
Дык на, хутчэй яе бяры!)
Версія Куляшова:
І вось ужо лютуе сцюжа,
Палі ў іскрыстым серабры…
(Чытач чакае рыфмы ружа –
На вось, хутчэй яе бяры!)
Гэтыя супадзенні ў рыфмах у двух паэтаў выклікалі дыскусію: мог Куляшоў ведаць іншы пераклад – і скарыстацца рашэннем Дудара? А можа, лагічнае рашэнне ляжала на паверхні? Прынамсі, не так глыбока, каб два прафесіяналы па роздумах не змаглі яго знайсці? Нашмат больш загадкава выглядаюць лексічныя супадзенні:
Дудар:
А калі юнасці турботнай
Прыйшла Еўгенію пара,
Паа надзей, тугі пяшчотнай…
Monsieur пратурылі з двара.
Куляшоў:
Калі ж юнацкіх дзён мяцежных
Прыйшла Яўгенію пара,
Пара надзей і мар бязмежных,
Monsieur пратурылі з двара.
Прысутныя адзначалі большыя і меншыя ўдачы перакладчыкаў, сышліся на думцы, што пэўныя месцы арыгіналу так і не ўдалося адэкватна і кангеніяльна перастварыць нікому з беларускіх паэтаў:
«А счастье было так возможно, / Так близко!..»
“А шчасце блізка і магчыма / Было для нас!.. (Дудар)
“А шчасце нашае, бясспрэчна, / Было так блізка!..” (Куляшоў)
Удзельнікі пагадзіліся, што пераклад Куляшова здаецца больш “класічным”, больш фармальна (у тым ліку паводле дакладных рыфмаў) адшліфаваным, магчыма, больш удалым на ўзроўні перадачы цэлых “анегінскіх строф”, тады як пераклад Дудара выглядае, так бы мовіць, больш “рамантычным”, больш няроўным, але, магчыма, больш удалым у перадачы некаторых знакамітых, ужо крылатых пушкінскіх формул. Як, напрыклад, знакамітыя словы Таццяны.
Дудар:
Прашу са мною развітацца;
Знаёма з вашай я душой:
Ёсць гордасць, гонар ёсць у ёй.
Я вас кахаю (што хавацца?),
Ды іншаму належу я
І вернасць вечная мая.
Куляшоў:
Прашу забыць мяне. я знаю,
Я знаю: ёсць сумленне ў вас,
А ў сэрцы гонар не пагас.
Хітрыць не след: я вас кахаю,
Ды верна мужу я свайму –
Навек аддадзена яму.
На пытанне да Ганны Севярынец, як яна сама ацэньвае якасць перакладу, што знайшла і ўводзіць у беларускі ўжытак, даследчыца адказала: “Што тычыцца тэксту першага беларускага “Анегіна” – я не магу быць да яго аб’ектыўнай. Я люблю ў ім усё: і удачы, і няўдачы, і няроўнасці, і ўзлёты, і відавочныя перакладчыцкія хібы, бо ўсё гэта для мяне мае найперш чалавечую каштоўнасць: праз тэкст бачыцца мне ягоны аўтар, малады, імпульсіўны, эмацыйна няроўны, шчыра захоплены тым, што ён робіць, амбітны – і шчаслівы ў сваёй творчасці”.