Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні было прысвечанае паэзіі. Алесь Емяльянаў-Шыловіч прадставіў некалькі спробаў перастварыць па-беларуску вершы Ўладыслава Шленгеля (1914-1943). Шленгель – польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар песень, журналіст і эстрадны актор, усё сваё кароткае жыццё быў звязаны з Варшавай. (За выключэннем аднаго эпізоду, калі на пачатку Другой сусветнай вайны перабраўся ў Беласток, дзе “пад саветамі” нейкі час працаваў у мясцовым Тэатры Мініяцюр і як актор і канферансье ў 1939-1940 гг. нават выступаў у Горадні, Берасці, Пінску, Баранавічах і Наваградку.) У 1940-1943 гг. жыў у Варшаўскім гета, дзе працягваў акторскую і пісьменніцкую дзейнасць.
“Паэт гета”, як часта называюць Шленгеля, зарабляў на жыццё, выступаючы ў кавярні “Sztuka” на вуліцы Лешна, – пакуль яшчэ можна было выступаць і зарабляць на жыццё. Прыдумаў сатырычнае кабарэ “Жывы дзённік”. Пісаў тэксты на музыку Ўладыслава Шпільмана, адзін з самых пранізлівых сваіх вершаў прысвяціў Янушу Корчаку. Займаўся “самвыдатам”, распаўсюджваючы надрукаваныя пад капірку зборнікі сваіх вершаў, – сярод жыхароў гета, што чакалі сваёй чаргі для адпраўкі ў лагеры смерці. Паводле сведчанняў ацалелых, гэтая паэзія дапамагала канчаткова не звар’яцець на краі гібелі. Некалькі разоў спрабаваў перабрацца на свабоду, але безвынікова. Загінуў падчас паўстання ў Варшаўскім гета 8 траўня 1943 г.
Даследчыкі кажуць пра спецыфічны гумар Шленгеля. Ён ад самога пачатку творчасці паэта быў “чорным”, а ў гета зрабіўся проста “апакаліптычным”, такой сабе “іроніяй шыбеніка”. Беларускі перакладчык прадставіў увазе прысутных два тэксты, якія даюць уяўленне пра гэтую эвалюцыю. Першы верш, “Шукаю чалавека” – яшчэ даваенны, 1938 г., а другі, “Званкі”, належыць да перыяду Варшаўскага гета. Даваенныя вершы ўжо чапляюць чытача за жывое сваёй экзістэнцыйнай трывогай, калі, напрыклад, праз амаль дзіцячае пералічэнне раптам прарастаюць страшныя карціны (як пакажа бліжэйшая будучыня, пэўныя прадказанні проста даслоўна збудуцца), але пакуль гаворка пра досыць абстрактныя паняцці:
jest zwierz tropiony
jest myśliwy szalony
zdobywca kłamca głupiec
ofiara krzykacz kupiec
i lis i cham i faktor
i płaz i gad i marny aktor
i bity i zdobyty i skopany
i ciało i mięso i rany
i beznadziejna droga daleka
i nigdzie nie mogę znaleźć CZŁOWIEKA!
У перакладзе Алеся Емяльянава-Шыловіча:
ёсць звер загнаны,
ёсць лавец апантаны,
ёлуп, нападнік, ілжэц,
ахвяра, крыкун, купец,
і ліс, і хам, і махляр,
і жук, і жаба, і фігляр,
і біты, і згвалчаны, і пакараны,
і цела, і мяса, і раны,
і дарога поўная здзеку,
і нідзе не знайду ЧАЛАВЕКА!
Але яшчэ большага эфекту дасягаюць пазнейшыя вершы Шленгеля, напісаныя ў гета, калі сама паэтыка падкрэслівае глыбіню распаду свету й маштаб трагедыі. Калі на першае месца выходзяць не абстракцыі (якія ўсё-ткі былі да пэўнай ступені публіцыстыкай), а канкрэтныя, часам найдрабнейшыя дэталі, рэчы. Калі яны не толькі нешта сімвалізуюць, але й даслоўна замяняюць героя, бо для чалавека тут проста не застаецца месца, як у вершы “Dzwonki” (“Званкі”).
Na drzwiach wisiała kartka
czytelna tylko z bliska –
„Dzwonek czynny – proszę dzwonić”
i trzy nazwiska:
Do pani L. jeden raz,
do pana K. razy dwa,
a do doktora trzy razy…
Kartka taka wisiała,
żeby ludzie wiedzieli,
potem była selekcja
i – wzięli…
tę panią L. (jeden raz)
i pana K. (razy dwa),
i tego doktora (trzy razy…).
У перакладчыка:
Была на дзвярах паперка,
пісаная ад рукі:
«Званіце ў званок, калі ласка»,
і тры радкі:
Пані Л. адзін раз
два разы пану К,
а доктару тры разы…
Паперка вісела,
каб людзі зналі,
потым была селекцыя
і ўсіх забралі…
тую пані Л. (адзін раз)
і пана К. (два разы)
і доктара (тры разы…)
Алесь Емяльянаў не перакладае польскі тэкст слова ў слова, але знаходзіць адэкватныя адпаведнікі (“czytelna tylko z bliska” – “пісаная ад рукі”, “i trzy nazwiska” – “і тры радкі”), каб захаваць і неабходную рыфму, і рытм, і саму атмасферу арыгіналу.
Przyjdzie zmrok – szara pora,
coraz bliżej wieczora,
mrok z kątów się wyłania,
coś wygania z mieszkania…
Strasznie jakoś i mrocznie,
trupio, głucho, urocznie,
wieje śmiercią i złem –
Wiem:
Niech zadzwonią za drzwiami
jeden raz, dwa lub trzy,
cienie idą ścianami,
jakieś widma czy mgły.
To jest do mnie – to do mnie,
szepty snują się głuche,
tak się cieszą dzwonieniem,
wargi martwe i suche.
– Jeden raz – to jest do mnie!
może syn mnie odwiedzi…
– Teraz znowu dwa razy…
to są do mnie sąsiedzi…
Korytarzem bez światła
lokatorzy upiory – – –
…teraz dzwonią trzy razy…
to jest do mnie, to chory…
Замест арыштаваных і знішчаных жыхароў кватэру займаюць іншыя насельнікі, але паперку з трыма прозвішчамі зняць забываюць. Яна і застаецца, так бы мовіць, пасрэдніцай між светам жывых і светам мёртвых. Таму ў вершы (і ў ягоным беларускім перакладзе) і адбываецца тое, што адбываецца:
Толькі шарай парою,
калі цемра гарою,
змрок паўзе пакрыёма,
штось вытурвае з дому…
Неяк страшна і змрочна,
мёртва, вусцішна ўночы —
прадчуванне бяды —
Ды,
Як пазвоняць у дзверы,
раз адзін, два ці тры:
насяляюць кватэру
сцені, здані, мары.
Яны да мяне— да мяне
чую шэпты глухія,
радыя гэтым званочкам
вусны мёртвых сухія.
— Адзін раз — да мяне!
мо сыночак прыедзе…
— А цяпер два разы…
мабыць гэта суседзі…
Здані ў цемры блукаюць
па пустых калідорах — — —
…тры разы пазванілі…
да мяне, нехта хворы…
Паэтычныя знаходкі перакладчыка – “калі цемра гарою”, “змрок паўзе пакрыёма”, “прадчуванне бяды”, “насяляюць кватэру, / сцені, здані, мары” (мара – абласное, “прывід”), “здані ў цемры блукаюць / па пустых калідорах” і некаторыя іншыя – нічым не саступаюць вобразам арыгіналу, нагнятаючы вусціш, трывожачы апавядальніка, прымушаючы яго “прымяраць на сябе” лёсы ахвяраў. То бок і беларускі пераклад выконвае свае мастацкія задачы, –як і польскі тэкст, вярэдзячы хворую памяць, вяртаючы ў поле нашай увагі тое, чаго “нельга забыць”.
На сайце, прысвечаным жыццю і творчасці Ўладыслава Шленгеля, можна пазнаёміцца з яго вершамі, прозай і перакладамі ягоных твораў на розныя мовы.