26 кастрычніка, у межах “Перакладчыцкай майстэрні”, адбылася сустрэча, прысвечаная беларускім перакладам Уладзіміра Маякоўскага.
Знакаміты рускі паэт-футурыст заўсёды быў папулярны ў беларускага чытача – і не раз пераствараўся па-беларуску нашымі паэтамі-перакладчыкамі. Некаторыя з вершаў па-беларуску можна прачытаць на старонцы knihi.com. І на пачатку паседжання наведнікі Майстэрні параўналі версію “Левага маршу”, зробленую Міколам Хведаровіам, з версіяй Рыгора Лынькова, брата вядомага празаіка Міхася Лынькова, адзначаючы цікавыя знаходкі перакладчыкаў, асабліва ў другой, лынькоўскай, версіі, напрыклад: “Пусть бандой окружат на́нятой, / стальной изливаются ле́евой…” – “Абкружаць нанятай хай бандай / і льюць сталёвай залевай…”, або: “Глаз ли померкнет орлий? / В старое ль станем пялиться? / Крепи у мира на горле / пролетариата пальцы!” – “Зрок ці-ж памеркне арліны? / Ці ж нам у старое пяцца? / У света / на гарлавіне / мацуй пролетарыяў пальцы!”.
Пазнейшыя беларускія пераклады Маякоўскага належаць пяру Рыгора Барадуліна. Адзін з іх, “Паслухайце”, быў нядаўна праспяваны Змітром Вайцюшкевічам. Параўноўваючы рускі арыгінал з версіяй Барадуліна, прысутныя не маглі не адзначыць, як у беларускім тэксце “пераплятаюцца” дзве паэтыкі, як, імкнучыся захаваць арыгінальны стыль рускага футурыста, беларускі паэт дадае і свае “фірмовыя” інтанацыі. Асабліва адчуваецца суаўтарства перакладчыка ў пазнавальнай барадулінскай лексіцы, што часам, безумоўна, узбагачае беларускі верш, але раз-пораз узнікае і пытанне пра дарэчнасць той ці іншай формы. Скажам, калі апрычоныя, выкшталцоныя канструкцыі з’яўляюцца на месцы самых простых словаў у самым простым парадку, досыць параўнаць: “значит — это кому-нибудь нужно?” – “значыць — гэта некаму рупіць павінна?”, “Значит — кто-то называет эти плевочки / жемчужиной?” – “Значыць — нехта называе гэтыя выплевачкі / пярлінаю?”, “врывается к богу, / боится, что опоздал” – “да Бога ўрываецца, / баіцца ўначэць без святла”
Спецыяльным госцем Майстэрні гэтым разам выступіў паэт Віталь Рыжкоў, які для альбома ўжо згаданага Вайцюшкевіча спецыяльна пераклаў і як рэпер агучыў “Размову з фінінспектарам пра паэзію”. Актуальная ў часы Маякоўскага, тэма захавала сваю надзённасць і ў нашы часы, асабліва ў святле вядомых размовах пра “тунеядцев” і падаткі, што яны мусяць сплачваць. Таму ўжо ў першай страфе радок “о месте / поэта / в рабочем строю” перададзены “па-хуліганску” вольна, але, здаецца, цалкам апраўдана – “пра дармаедства і працу маю”.
Маякоўскі часам задае перакладчыкам амаль невырашальныя па складанасці задачы. Напрыклад, знакамітае вызначэнне паэзіі, якое ўжо даўно зрабілася хрэстаматыйнымі:
И тянет
меня
в холода и в зной.
Бросаюсь,
опутан в авансы и в займы я.
Гражданин,
учтите билет проездной!
– Поэзия
– вся! –
езда в незнаемое.
Беларускі варыянт абсалютна не губляецца ў параўнанні з арыгіналам, даючы алюзію на адпаведную па хрэстаматыйнасці нашу класіку:
На ўсе выдаткі
не хопіць казны,
і лез
у пазыкі
неаднаразова я.
Улічы ж
пажыццёвы квіток праязны:
паэзія —
уся! —
язда ў безназоўнае.
Маякоўскі эксперыментуе са стылем, спалучаючы цяжка спалучальнае – напрыклад, паэтызуючы спецыфічную «бухгалтарскую» лексіку:
Долг наш –
реветь
медногорлой сиреной
в тумане мещанья,
у бурь в кипенье.
Поэт
всегда
должник вселенной,
платящий
на горе
проценты
и пени.
У беларускай версіі выйшла не менш кантрастава, асаблівай увагі вартае слова «выплаквае» на месцы чаканага прадказальнага «выплачвае»:
Таму
і сірэнай
раву шматязыкай
у бурным кіпні
мяшчанскага мора.
Паэт
выплаквае
свету пазыкі:
працэнты
з болю
й падаткі
на гора.
Не лягчэй даецца перакладчыкам праца з арыгінальнымі рыфмамі Маякоўскага, але Рыжкоў і тут праяўляе адпаведную фармальную вынаходлівасць: “Мая праца / ў сваяцтве / з любою працай. / І хоць / скардзіцца / не аматар я, / зірніце, / колькі я / на вытворчасць страціў, / а колькі выдаткаваў / на матар’ял”.
Прыклады можна множыць, але ў беларускага аматара паэзіі ёсць магчымасць паслухаць гэты пераклад самастойна, а заадно ацаніць правераную часам літаратурную класіку – як факт сучаснай музычнай культуры.