Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні атрымалася бадай што найменш акадэмічным і найбольш дыскусійным, бо было прысвечанае такому неадназначнаму пытанню, як перакладанне песень.
Пры ўсёй ілюзорнай прастаце, пераклад тэксту песні, магчыма, яшчэ больш складаны занятак, чым пераклад верша. Найперш таму, што мелодыя сама спраўджвае перакладчыка на прадмет эквірытмічнасці яго працы. Не толькі колькасць радкоў і вершаваны памер, але й рытмічнае дзяленне кожнай фразы, кожная цэзура, мусіць быць захаваная. Тое самае з гукавой арганізацыяй радка: найменшая праява немілагучнасці, любы няўдалы збег зычных ці галосных, створыць праблемы спеваку/спявачцы.
З іншага боку, тэкст песні – як верш, гарантавана разлічаны толькі на ўспрыманне на слых, без тэкставай “падпоркі” для вока, – часам патрабуе больш моцнага, яскравага вобразу, які не так проста нанова стварыць у іншай мове і культуры. Песня часам мацней “завязаная” на фразеалогіі, на моўных штампах, на тым ці іншым кантэксце – на ўсім тым, што першым знікае ў самым старанным перакладзе. Таму сам жанр перакладу песні дазваляе перастваральніку на іншую мову трохі больш паэтычнай свабоды, але гэтая свабода таксама мае пэўныя абмежаванні. Да якой мяжы пераклад будзе ўспрымацца менавіта як адэкватны пераклад, калі пачынае быць хутчэй вольным пераспевам, а з якога моманту робіцца іншым творам – зусім іншым тэкстам на тую ж мелодыю, або іранічна зніжанай версіяй арыгіналу, перастворанага, скажам, у камічных мэтах.
Бадай што ўсё пералічанае гэтым разам назіралася на Майстэрні. Алесь Даўгатовіч прадставіў шэраг спроб песенных перакладаў, сам падзяляючы іх на больш “сур’ёзныя” і больш “хуліганскія”. Амаль у кожным выпадку ён імкнуўся (і часам паспяхова) захаваць рытм, але практычна ў кожным перакладзе ішоў ад гучання радка арыгіналу, а не ад яго сэнсу. У прынцыпе добра, калі перакладчык улічвае яшчэ і гукавы малюнак арыгіналу – пакуль захаванне “гукавой абалонкі” не робіцца самамэтай, разбураючы арыгінальны вобраз. Перакладчык, між іншага, паказаў сваё пераасэнсаванне верша Іллі Кармільцава, больш вядомага як тэкст славутай песні “Я хачу быць з табой”, дзе рэфрэн
с правом на надежду
в комнате с видом на огни
с верою в любовь…
набывае ў беларускай версіі наступны выгляд:
Права на адзежу
Коціцца белай талакой
З нэрвамі любоў.
Цікава, што словы “комнате”, “потолком” і “надежду”, адсутныя ў беларускай мове, актывізавалі пошук па фанетычным падабенстве, паклікаўшы да жыцця “коціцца”, “талакой” і “адзежу”. Шкада, што ўсякія сэнсавыя сувязі з арыгінальным вершам былі пры гэтым размытыя, так што выйшаў хутчэй прыкол для перакладчыцкага “капусніка”, чым кавэр.
З пэўным майстар-класам выступіў паэт і музыка Уладзь Лянкевіч, паказаўшы два свае песенныя пераклады, сярод якіх песню “Шчасце”. Сам перакладчык вызначыў жанр сваёй працы так – “па матывах песні” Фарэла Ўільямса “Happy”. “Мы паставілі задачу, – каментуе Уладзь, – зрабіць варыянт “беларускага шчасця” – тужлівага, неадступнага, крыху вусцішнага”. Насамрэч, можна параўнаць арыгінал
It might seem crazy what I’m ’bout to say
Sunshine she’s here, you can take a break
(I’m a) hot air balloon that could go to space
With the air, like I don’t care baby by the way
Huh, because I’m happy
Clap along if you feel like a room without a roof
Because I’m happy
Clap along if you feel like happiness is the truth
Because I’m happy
Clap along if you know what happiness is to you
Because I’m happy
Clap along if you feel like that’s what you wanna do
з беларускім варыянтам, тэкст якога ёсць досыць вольным пераспевам, але пераспевам, які захоўвае непасрэдныя сувязі з англійскай версіяй. Так, беларускае шчасце ў рэфрэне робіцца, словамі класіка, больш “трывожным”, у куплеце – як пэўная вольнасць перакладчыка – з’яўляюцца празрыстыя алюзіі на класіку беларускага рока, але ўсё гэта не перашкаджае ўспрымаць песню Фарэла Ўільямса як такую:
Ты лічыш, я даўно нібы вар’ят,
Бо сонца тут не бывае зашмат.
(Лячу) па-над зямлёй як паветраны шар,
Падымі мяне, мяне ў светлы абшар.
Шчасце побач
Падпявай, калі табе беспадстаўна зносіць дах
Шчасце побач
Падпявай, калі ў табе шчасце выклікае страх
Шчасце побач
Падпявай, калі яно душыць, як адчай
Шчасце побач
Падпявай, калі табе хочацца крычаць
Некалькі сваіх перастварэнняў з англійскай і рускай моваў паказаў таксама Андрэй Хадановіч, прывёўшы прыклады розных складанасцяў, што ствараюць перакладчыку песні, і розных – больш і менш удалых – стратэгій іх вырашэнняў. Пра некаторыя з іх, а таксама іншыя пераклады песень ён расказаў у матэрыяле, што, па ўдалым супадзенні, з’явіўся ў той жа дзень, калі адбылося паседжанне Майстэрні.