• Навiны
  • Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі

Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі

Апошняе абнаўленне: 18 верасня 2018
Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі
13-га верасня адбылося чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні.

13-га верасня адбылося чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні.

Сустрэча складалася з дзвюх частак. На пачатку, так бы мовіць, для “размінкі” наведнікам было прапанавана два вершаваныя пераклады, з Аляксандра Блока і Марыны Цвятаевай. (Пераклады рабіліся для патрэбаў тэатральнага фестывалю: іх будуць паказваць бягучым радком, пакуль на сцэне будуць чытацца арыгіналы.) Зрэшты, ніякай лёгкай “размінкі” не атрымалася, бо тэксты выявіліся досыць складанымі. Робячы заўвагі свайму калегу, удзельнікі Майстэрні параілі яму яшчэ папрацаваць над вершаванай структурай, каб захаваць рытміку рускіх вершаў, а таксама пазбавіцца русізмаў, што трапілі ў пераклад праз непасрэднае калькаванне з арыгіналаў:

Я святкую светлую смерць,
Дакранаюсь рукі васкавой.
Усё астатняе – неба, як клець,
Пахавала ў імгле галубой.

Другая частка паседжання была прысвечаная прозе. Ужо вядомая перакладчыца Ганна Янкута прадставіла на разбор фрагмент з рамана нобелеўскага лаўрэата Кадзуа Ісігура “Не пакідай мяне”, што рыхтуецца да публікацыі ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча, у серыі “Noblesse oblige”. Раман напісаны лёгкай і празрыстай мовай – і не стварыў асаблівых невырашальных праблем сваёй перакладчыцы, за выключэннем некалькіх груп спецыфічнай лексікі. Кніга прысвечаная выхаванню клонаў, і перакладчыца ўстала перад пытаннем, як перастварыць па-беларуску іерархію іх “школьных” дачыненняў: student (“выхаванец/выхаванка”, ці “вучань/вучаніца”, ці “студэнт/студэнтка”?), veteran (“старажыл”, ці, можа, даслоўна “ветэран”?), carer (“апякун/апякунка”), donor (“донар/донарка”). Найважнейшая цяжкасць (але і выклік) для пракладчыцы звязаныя з пэўнымі лексічнымі табу. “Навучэнцаў” фактычна гадуюць на забой, для перасадкі органаў, гэта нібыта й не хаваецца, але нідзе наўпрост смерць не называецца “смерцю”, а забойства “забойствам”. Таму ўся камунікацыя пабудаваная на недасказанасцях і эўфемізмах. Як, скажам, перакладаць слова donation? Працэдуру выразкі органа, але названую так, каб ахвяра адчувала не страх, а хутчэй гонар (амаль як донар, што здае кроў у чалавечым грамадстве). Або выраз he/she completed? Гаворка пра смерць клона, чый донарскі патэнцыял быў цалкам выкарыстаны. Перакладчыцкія рашэнні (як і сам арыгінал) мусілі б уразіць чытача цынізмам, калі заўгодна, дэгуманізацыяй самой мовы, што ператварае забойства ў звычайную руцінную працэдуру. Не будзем раскрываць тут лексічных знаходак перакладчыцы. А той, хто зацікавіўся, знойдзе адказ у беларускім выданні кнігі, што з’явіцца неўзабаве.

Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі

Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі

Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі

Перакладчыцкая Майстэрня: англійскі набеліст і трохі паэзіі