7 верасня ў Мінску прайшло першае ў гэтым сезоне паседжанне Перакладчыцкай майстэрні. Пасля гадавога перапынку Майстэрня зноў вяртаецца, заняткі будуць адбывацца кожны тыдзень, у чацвер (зрэдку — у пятніцу), а 19-й гадзіне.
На Майстэрню збіраюцца як ужо вядомыя перакладчыкі паэзіі і прозы, так і тыя, хто толькі зацікавіўся і хоча паспрабаваць свае сілы ў перастварэнні мастацкага тэксту. Звыклы сцэнар сустрэчы такі: перакладчык (перакладчыца) прадстаўляе на суд сваіх калег “чарнавік” сваёй працы — невялічкую падборку вершаў або фрагмент прозы ці эсэістыкі ў сваім перакладзе (разам з арыгіналам). Адбываецца чытанне і абмеркаванне. Кіраўнік і ўсе ўдзельнікі разбіраюць пераклад, выказваюць свае заўвагі, ацэньваюць удалыя месцы і тое, што ўдалося меней, спрабуюць “мазгавым штурмам” прапанаваць нейкія праўкі.
Гэтым разам кіраўнік, Андрэй Хадановіч, сам прапанаваў на абмеркаванне пераклады з французскага паэта Арцюра Рэмбо, кніга выбраных вершаў якога рыхтуецца і неўзабаве выйдзе ў серыі “Паэты планеты”. На разбор было вынесена па некалькі тэкстаў з усіх чатырох кніг аўтара, што адлюстроўвае эвалюцыю яго паэтыкі — і, зразумела, патрабуе розных падыходаў і ад перакладчыка: ад ранніх, рэгулярна рыфмаваных і рацыянальна-празрыстых тэкстаў — да пазнейшых вершаў прозай з кнігі “Азарэнні”, больш суб’ектыўных і “цёмных” для разумення.
Абмяркоўваліся пытанні стылістыкі. Ці выпадае, напрыклад, называць “крутымі перцамі” гандляроў каланіяльным перцам у бакалейных крамах, што фанабэрыста дыскутуюць на тэмы эканомікі й палітыкі, або ці дарэчная сучасная экспрэсіўная лексіка ў перадачы брыдкаслоўя мытнікаў на французска-бельгійскай мяжы XIX ст.: Тут пасылаюць нах… і кажуць “Ні халеры!”.
Як перакладаць наватворы і аказіяналізмы, якія актыўна ўжывае Рэмбо? Скажам, у санеце “Шалапутка”, дзе гарэзлівая кельнерка правакуе кліента на пацалунак, паказваючы прадзьмутую шчаку, — і ўжывае форму “une froid” замест “un froid”:
Дрыготкі мезенчык, як зброя на руцэ.
Як персікавы пух, румянак на шчацэ,
А губкі юныя грымаснічаюць хутка.
І шэпча, ставячы мне горы смачных страў,
Каб зразумеў намёк і пацалунак скраў:
“Прадзьмула шчочку мне, памацайце – прастудка”.
Закраналіся праблемы вершаскладання. Як перадаць па-беларуску няправільныя, некананічныя рыфмы, якія Рэмбо пачынае ўжываць у сваіх “Апошніх вершах”? Напрыклад, у тэксце “Вечнасць”:
Вечнасць кожнай хвіляй
З намі. Ну, а з кім?
Сонечнаю хваляй
У святле марскім. /…/
Як за сонцам следам
Ноч ідзе, адчуй:
Веды служаць бедам,
Бог надзей — адчай.
Што рабіць у выпадках, калі граматычны род французскага слова не супадае з беларускім, а гэтая родавая прыналежнасць асабліва важная? Так, Парыж (Paris) па-французску жаночага роду — і паэт карыстаецца гэтым у вершы “Парыжская оргія”, ствараючы шматзначны антрапаморфны вобраз то бунтоўнай, то ветранай, то пацярпелай падчас паўстання і акупацыі жанчыны. У такіх выпадках перакладчык з “горада” робіць “сталіцу”, а ў адной страфе ўжывае даўнюю, яшчэ рымскіх часоў, назву Парыжа:
Лютэцыя, скажы, як танчыў гнеў твой люты,
Як раны лютыя прымала ты за нас,
Як гінула за нас, ды несла і ў зямлю ты
Часцінку дабрыні, што прарасце ў свой час!
/…/
Як жудасна цябе пабачыць згвалтаванай,
Бо ўсё, што брыдкага ў прыродзе толькі ёсць, —
Не параўнаецца з тваёй, Сталіца, ранай…
Але паэт шапне: “Святая прыгажосць!”
Некаторыя з перакладаў Рэмбо, што абмяркоўваліся на Майстэрні, можна знайсці на сайтах “ЛітРАЖ” і “ПрайдзіСвет”.
Усе ахвочыя запісацца ў Перакладчыцкую майстэрню пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча могуць дасылаць свае заяўкі на электронны адрас [email protected]. Калі ласка, пазначце свае кантакты, а таксама сферу перакладчыцкай зацікаўленасці.