З 27 па 31 траўня 2018 г. у культурніцкім інкубатары ОК16 на вул. Кастрычніцкай (Мінск) прайшоў першы беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Гэтая пляцоўка аб’яднала сотні аматараў сучаснай кнігі: як тых, хто ўдзельнічае ў самім працэсе яе стварэння – выдаўцоў і рэдактараў, аўтараў і перакладчыкаў, мастакоў і дызайнераў, – гэтак і тых, хто з’яўляецца яе чытачамі.
На фестывалі цягам пяці дзён праграмы адбылося каля 70 мерапрыемстваў і імпрэз – дыскусіі і экспертныя круглыя сталы, прэзентацыі кніг і аўтограф сесіі, цырымоніі абвяшчэння лаўрэатаў літаратурных і кніжных прэмій, майстар-класы і інтэнсівы, музычныя выступы і аўтарскія лекцыі. У іх арганізацыі і правядзенні прынялі ўдзел шмат вядомых беларускіх культурных дзеячаў – літаратары і філосафы, дызайнеры і выдаўцы, музыкі і журналісты, а таксама вольныя інтэлектуалы: І. Дубянецкая, В. Акудовіч. У. Арлоў, А. Глобус, А. Усманава, Л. Баршчэўскі, У. Мацкевіч, З. Колас, Б. Пятровіч, А. Клінаў, І. Духан, З. Герасімовіч, Р. Сітніца, Дз. Сурскі, П. Татарнікаў, З. Вішнёў, Дз. Строцаў, А. Хадановіч, У. Лянкевіч, І. Катвіцкая, А. Федута, А. Аркуш, П. Васючэнка, Г. Севярынец, В. Жыбуль, А. Камоцкі, А. Дзярновіч, А. Бахарэвіч, В. Гапееў. А. Масла, П. Касцюкевіч, М. Шода, А. Упала, М. Мартысевіч і інш. Шмат якія падзеі фестывалю прыцягнулі ўвагу беларускіх СМІ і сталі істотным узрушэннем для інтэлектуальна-культурнага жыцця сталіцы.
З 28 траўня у межах фестывалю адбылося таксама адкрыццё кніжнай выставы-продажу, да ўдзелу у якой далучылася агулам каля дваццаці беларускіх незалежных выдавецтваў і выдавецкіх ініцыятыў, большасць з якіх працавалі за стэндамі на працягу астатніх дзён фестывалю. Навінкі беларускага кнігавыдання знайшлі сваё ўвасабленне ў адмысловым Каталогу выставы, што быў прапанаваны для набыцця наведвальнікам фэсту. Акрамя беларускіх удзельнікаў у кніжнай выставе таксама прэзентаваў сваю кніжную лінейку адмыслова запрошаны госць – расійскае выдавецтва гуманітарнай кнігі “Гнозіс”. Прадукцыю многіх беларускіх выдавецтваў таксама прадстаўляла на сваіх стэндах КРУП “Акадэмічная кніга”.
Таксама у межах фестывалю працавалі некалькі тэматычных міні-выстаў: экспазіцыя копій старажытных геаграфічных карт «Старажытная Беларусь ў мапах і вобразах культуры» (рэалізацыя спецпраекту выдавецтва «Эканомпрэс» і З. Герасімовіча «Майстэрня старадаўніх геаграфічных мап»), а таксама выстава гістарычнага малюнку з прыватнай калекцыі Ю. Усціновіча.
На пэўны час фестываль зрабіўся месцам шчыльнай інтэлектуальнай камунікацыі наконт будучыні беларускага кнігавыдання, прасторай агучвання чаканняў і спадзеваў наконт далейшага развіцця такога своеасаблівага жанру і рынку як інтэлектуальная кніга. Госці фестывалю маглі знайсці сабе мерапрыемствы на любы густ: ад забаўляльных і рэлаксавых джэм-сесій, квестаў і музычных імпрэз да насычаных інтэлектуальных дыскусій і выступаў вядомых беларускіх аўтараў. Аматары дзіцячай кнігі таксама мелі цікавыя пункты ў праграме ў адмыслова для таго прызначаны дзень. Хаця арганізатары фестывалю свядома збольшага перанеслі акцэнт на самы складаны яе сегмент – кнігі для падлеткаў і “маладых дарослых”.
Большасць наведвальнікаў і ўдзельнікаў фестывалю пакідалі станоўчыя водгукі пра яго фармат і канцэпцыю: многім спадабалася вялікая вольная прастора былога цэху, што давала дастаткова месца, каб адначасова праводзіць некалькі мерапрыемстваў запар, сама атмасфера інтэлектуальнага асяроддзя, размоваў, цікавая магчымасць наладзіць новыя стасункі з прадстаўнікамі іншых супольнасцяў і добрая нагода пабачыць старых знаёмых. Шмат кім з гасцей фестывалю выказваліся спадзяванні на магчымы працяг гэтай справы ў будучым. Натуральна, вялікі абсяг тэм і складанасць дыскусій наконт самой з’явы інтэлектуальнай кнігі і перспектывах яе развіцця пакідаюць магчымасць для змястоўнага працягу падобнага мерапрыемства і ў далейшым.
Арганізацыйная каманда фестывалю, ўлічыўшы пазітыўны досвед яго правядзення і прыняўшы да ўвагі пэўныя недахопы, вырашыла працягнуць сваю дзейнасць і плануе ў наступным годзе праводзіць другі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, папярэдне ў красавіку 2019 г.
Арганізатарам мерапрыемства з’яўлялась установа культуры “Кніжны офіс”.
Партнёрамі фестывалю былі: культурніцкі інкубатар “ОК16”, Symbal.by, Арт-Сядзіба, Беларускі ПЭН-цэнтр, БФП – беларуская філасофская прастора, ГКК “Будзьма беларусамі!”, Лятучы ўніверсітэт, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, КРУП “Академическая книга”, Ulej.by, ВК ТАА “Макбел”.