Прэзентацыя праекта «Малевіч для дзяцей»

Апошняе абнаўленне: 9 сакавіка 2018
Прэзентацыя праекта «Малевіч для дзяцей»
Прэзентацыя праекта «Малевіч для дзяцей»: кніга, песня, мультыплікацыйны кліп.

11 сакавіка ў 15:00 у прасторы ОК16 (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16) адбудзецца прэзентацыя праекта «Малевіч для дзяцей», які складаецца з кнігі, песні і мультыплікацыйнага кліпа.

Каманда «Дзіцячых творчых майстэрняў» галерэі «Ў» сумесна з пісьменнікам Адамам Глобусам працавалі над ім больш за год. У праграме мерапрыемства прадугледжаны выступ аўтараў кнігі, выкананне песні «Намалюй!» дзецьмі ансамбля «Весянчук» і паказ мультыплікацыйнага кліпа, створанага дзецьмі разам з мастаком Bazinato пра жыццё і творчасць Казіміра Малевіча. Мерапрыемства арганізавана пры падтрымцы краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej.by.
Для дзяцей ад 5 да 12 гадоў прадугледжаны майстар-класы.

«Малевіч для дзяцей» – другая кніга «Дзіцячых творчых майстэрняў» галерэі «Ў» з серыі пра мастацтва Беларусі. Першая «Мастацтва Беларусі ХХ ст: Вiцебская школа” была выдадзеная дзякуючы краўдфандынгу вясной мінулага года. Асаблівасць абедзвюх кніг – іх простая і зразумелая мова, на якой тлумачыцца творчасць мастакоў. Гэта не сухія хрэстаматыі, а зборнікі ілюстрацый, казак, вершаў і гульняў, якія дапамагаюць дзіцяці разабрацца ў здавалася б складаных пытаннях, звязаных з мастацтвам. У гэтых кнігах не проста можна, а трэба маляваць. Да другой кнігi ўсе казкі напісаў Адам Глобус, а вершы – Андрэй Хадановіч і Лявон Вольскі. Кніга была выдадзена пры падтрымцы некамерцыйнай арганізацыі The Malevich Society.

«Малевіч для дзяцей» – гэта не толькі кніга, але шматпланавы праект. Спецыяльна для яго Лявон Вольскі напісаў песню «Намалюй!». Таму «Дзіцячыя творчыя майстэрні» галерэі «Ў» прынялі рашэнне правесці краўдфандынгавую кампанію на запіс песні ў выкананні дзіцячага ансамбля і стварэнне мультыплікацыйнага кліпа да яе. Кампанія была паспяхова завершана ў студзені гэтага года і ўжо на прэзентацыі праекта 11 сакавіка на сцэне выступяць дзеці з фальклорнага ансамбля «Весянчук» пад кіраўніцтвам Надзеі Чугуновай (салісткі гурта «Shuma», праект «Каzalpin»). Мультыплікацыйны кліп на загалоўную песню праекта быў зроблены дзецьмі пад кіраўніцтвам мастака-даследчыка Bazinato і рэжысеркi Яніны Рашчынскай.

Над праектам працавалі:
«Дзіцячыя творчыя майстэрні» галерэі «Ў» (Сафія Садоўская, Bazinato, Ірына Лукашэнка, Вольга Мжэльская)
Адам Глобус
Лявон Вольскі
Андрэй Хадановіч
Валянцін Акудовіч