У Міжнародны жаночы дзень ПЭН-цэнтры ўсяго свету салідарна падпісваюцца пад адмысловым маніфестам.
Першы і асноватворны прынцып Хартыі ПЭНа: “Літаратура не ведае межаў”. Пад гэтым звычайна разумеліся межы паміж краінамі. Для многіх жанчын – да зусім нядаўняга часу амаль для ўсіх жанчын у свеце – першай і, напэўна, самай цяжкай перашкодай былі дзверы дома, у якім яны жывуць: дома бацькоў ці мужа.
Каб мець права на свабоду слова, свабоду чытаць, свабоду пісаць, жанчыны павінныя мець права быць вольнымі фізічна, сацыяльна і інтэлектуальна.
Існуе мала грамадскіх сістэм, якія не ставіліся б варожа да жанчыны, якая існуе сама па сабе.
ПЭН верыць, што гвалт над жанчынамі, ува ўсіх яго шматлікіх формах, як у сценах дома, гэтак і ў публічнай сферы, стварае небяспечныя формы цэнзуры. Па ўсім свеце культура, рэлігія і традыцыя ўсё яшчэ лічацца істотнейшымі, чым правы чалавека, і выкарыстоўваюцца ў якасці аргументаў, каб заахвочваць ці апраўдваць гвалт над жанчынамі і дзяўчатамі.
ПЭН лічыць, што забіраць права голасу ў чалавека – значыць адмаўляць ёй ці яму ў праве на існаванне. Гэта пэўнага кшталту смерць. Чалавецтва губляе неймаверна шмат без усяго аб’ёму жаночай крэатыўнасці і ведаў.
ПЭН падпісваецца пад наступнымі міжнароднымі прынцыпамі:
1. Нягвалт: спыненне гвалту над жанчынамі і дзяўчатамі, уключаючы юрыдычны, фізічны, сэксуальны, псіхалагічны, эмацыйны і анлайн-гвалт; стварэнне ўмоў, у якіх жанчыны і дзяўчаты могуць мець свабоду самавыяўлення, і забеспячэнне належнага расследавання і пакарання кожнага гендарнага гвалту, а таксама забеспячэнне кампенсацыі ахвярам.
2. Бяспека: абарона пісьменніц ды журналістак і забеспячэнне пакарання актаў жорсткасці і нападаў на пісьменніц і журналістак ва ўсім свеце і анлайн.
3. Адукацыя: знішчэнне гендарнай няроўнасці на ўсіх узроўнях адукацыйнай сістэмы, забеспячэнне поўнага доступу да якаснай адукацыі для ўсіх жанчын і дзяўчат, забеспячэнне права жанчын бесперашкодна карыстацца сваёй адукацыяй і правам чытаць і пісаць.
4. Роўнасць: упэўніцца, што жанчынам прадстаўлены роўныя правы з мужчынамі на ўзроўні закону; асуджаць дыскрымінацыю жанчын у любой форме і прымаць патрэбныя крокі, каб знішчыць гэтую дыскрымінацыю. Спрыянне пісьменніцам і іх прасоўванне з’яўляецца неабходнай часткай забеспячэння роўнасці ўсіх людзей.
5. Доступ: упэўніцца, што жанчынам прадстаўлены роўны доступ да ўсіх грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, каб забяспечыць магчымасцю вольна браць удзел і атрымваць за гэта прызнанне ў любога кшталту медыях і літаратуры. Таксама забяспечыць жанчын і дзяўчат доступам да любых формаў медыяў, бо кожная мае права свабодна самавыяўляцца.