На платформе “Улей” трэці тыдзень працягваецца збор сродкаў на новую кніжную серыю “Амерыканка”, якая аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амерыкі ХХ і ХХІ стагоддзя. У 2017 годзе, у выпадку поспеху кампаніі, выйдуць раманы Кена Кізі, Чака Паланюка, Чарлза Букоўскага і Маргарэт Этвуд.
Падтрымаць праект.
Каб прыцягнуць увагу да кніжнай кампаніі, Саюз беларускіх пісьменнікаў – адзін з партнёраў “Амерыканкі” – прызначае прыз за найлепшы грашовы вынік. Той перакладчык, кніга ў чыім перакладзе збярэ чытацкіх замоваў на большую суму, атрымае ў якасці ўзнагароды месяц творчага адпачынку ў Балтыйскім цэнтры для пісьменнікаў і перакладчыкаў на выспе Готланд, Швецыя.
“Усе перакладчыкі працавалі бясплатна, – падкрэслівае старшыня СБП Барыс Пятровіч, – на сёння выдаўцы, на жаль, не ў стане забяспечыць ганарары за гэтую тытанічную працу. Наша імправізаваная прэмія не можа замяніць грошы, і разам з тым гэта нешта большае за грошы. Тым, хто змушаны працаваць на нятворчай працы, каб зарабіць на жыццё, адпачынак у літаратурным цэнтры дае магчымасць пісаць і перакладаць”.
Спаборніцтва адбудзецца паміж чатырма перакладчыкамі: Аляксеем Знаткевічам, які пераклаў “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі, Сяржам Мядзьведзевым, які пераклаў “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, Ігарам Куліковым, які пераклаў “Чытво” Чарлза Букоўскага, і Вольгай Калацкай – перакладчыцай празаічнай часткі з “Пенелапіяды” Маргарэт Этвуд. Сістэма падліку галасоў вельмі простая – будуць суміравацца замовы на кожную кнігу ў электронным і папяровым фармаце. Колькасць спонсараў, якія падтрымалі той ці іншы лот, адлюстроўваецца на лічыльніку кампаніі.
Пазнаёміцца з урыўкамі перакладаў можна на сайце часопіса “Прайдзісвет”:
Кен Кізі, “Палёт над гняздом зязюлі”
Чак Паланюк, “Байцоўскі клуб”
Чарлз Букоўскі, “Чытво”
Маргарэт Этвуд, “Пенелапіяда”
Прагаласуйце рублём за найлепшага, на ваш погляд, перакладчыка або перакладчыцу “Амерыканкі”.
Збор сродкаў працягнецца да 22 жніўня.