Лаўрэатамі прэміі “Дэбют” 2017 года зрабіліся Міхал Бараноўскі са зборнікам паэзіі “VOLUMEN 1”, Андрусь Горват з кнігай прозы “Радзіва “Прудок”. Дзённік” і Адэля Дубавец з перакладам з польскай мовы кнігі Вітальда Шаблоўскага “Танец мядзведзяў”. Яны атрымалі ад фонду “Вяртанне” па 3900 беларускіх рублёў.
Астатнія фіналісты атрымалі заахвочвальныя прызы ў памеры 1000 беларускіх рублёў. У намінацыі “Паэзія” гэта Аляксей Арцёмаў з кнігай “Скрозь кіламетры” і Ганна Комар з кнігай “Страх вышыні”, у намінацыі “Проза” — Андрэй Дзічэнка з кнігай “Сонечны чалавек” і Уладзімір Садоўскі з кнігай “1813”, у намінацыі “Пераклад” — Надзея Кім з перакладам кнігі Клайва Стэйплза Льюіса “Хронікі Нарніі: пляменнік чараўніка” і Сюзанна Паўкштэла з перакладам кнігі Альвідаса Шляпікаса “Бог дажджу”.
Летась прэмію атрымалі Анатоль Івашчанка (проза) і Святлана Рогач (пераклад).
Літаратурная прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.