Перш за ўсё ўвага была скіраваная на госця, які распавёў прысутным пра шмат якія тонкасці арганізацыі працы журы літаратурных прэмій Нямеччыны. Але, вядома, размова часта выходзіла на паралелі беларускія, і спадару Ёргу было цікава параўнаць становішча нямецкіх крытыкаў з беларускімі.
Ёрг Плат сканцэнтраваўся ў сваім паведамленні на дзвюх асноўных прэміях Германіі, дзе яму давялося быць адным з сяброў журы: Нямецкай кніжнай прэміі (існуе 10 гадоў) і Міжнароднай кніжнай прэміі (ёй, адпаведна, 7 гадоў). Над абедзвюма прэміямі працуюць цэлыя каманды, якія называюцца сакратарыятам. Біржавы саюз нямецкага кнігагандлю, які працуе і з пошукам спонсараў, прызначае камісію, што фарміруе склад журы (кожны год ён абнаўляецца). Пераважная большасць сяброў журы – літаратурныя крытыкі (як фрылансеры, так і супрацоўнікі прызнаных папяровых СМІ, у кожным з якіх ёсць пастаянная паласа “Фельетон”, аддадзеная пад рэцэнзіі). З нядаўняга часу у склад журы пачаў уключацца прадстаўнік кнігагандлю, але патрабаванні да яго даволі жорсткія, таму зазвычай гэта вельмі начытаны чалавек, які свабодна арыентуецца ў найноўшай літаратурнай сітуацыі.
Сакратарыят загадзя звяртаецца да выдавецтваў, каб тыя прысылалі лепшыя іх кнігі і намінавалі іх на прэмію. Першая скрыпка ў намінаванні заўсёды належыць выдавецтву, аднак сябры журы на першым паседжанні могуць звярнуцца да сакратарыяту, каб той параіў рэдактарам замяніць альбо пашырыць спіс намінантаў з улікам пажаданняў крытыкаў. Аднак і пры гэтым мяч застаецца на баку выдавецтва. Тым больш, што на кожнае выдавецтва існуе ліміт заявак, колькасць намінантаў абмежаваная, таму выбар часта робіць адміністрацыя выдавецтва. Яно ж абавязана даслаць па асобніку кнігі кожнаму сябру журы.
Журы збіраецца некалькі разоў. Першы раз – устаноўчы, каб абвясціць спіс намінантаў на прэмію і падаць свае прапановы, каб палепшыць яго (прыкладна 160 пазіцый). На другім паседжанні адбіраецца лонг-ліст, на трэцім – шорт-ліст, і ўрэшце адбіраецца пераможца.
Адбор і прасейванне кніг адбываецца шляхам абмеркавання. Як правіла, сябра журы не можа прачытаць усе кнігі, пададзеныя на прэмію, бо гэта немажліва чыста фізічна. Як правіла, крытык атрымлівае ўсе кнігі, аднак чытае прыкладна пятую частку ад намінантаў (20-30 кніг), якая ўваходзіць у сферу яго зацікаўленняў і звычайнай працы па бягучым рэцэнзаванні. Аднак паміж паседжаннямі ўсе сябры журы вядуць пастаянны завочны дыялог у электроннай пошце і кожны тыдзень пакідаюць свае водгукі – нататкі аб прачытаных намінантах (яны рассылаюцца сакратарыятам на адрасы сяброў журы). Праз гэтыя нататкі журы знаёміцца з меркаваннем сваіх калег і робіць свае высновы пра кнігі, якія не паспявае прачытаць (канечне, шмат што тут засноўваецца на даверы да каманды). Калі ацэнкі дыяметральна разыходзяцца, журы звычайна ў поўным складзе чытае “кнігу раздору”, каб прыйсці да агульнай пазіцыі па ёй.
Маючы перад вачыма нататкі сяброў журы, досвед чытання сваёй часткі кніг, сябры журы на спецыяльным паседжанні абіраюць лонг-ліст прэміі. Гэта адбываецца праз 6-8 тыдняў пасля абвяшчэння намінантаў. Каб правесці свайго намінанта ў лонг, трэба валодаць добрай крытыка-літаратуразнаўчай і проста красамоўнай аргументацыяй, бо кожны намінант падпадае пад абмеркаванне, даволі жорсткае і бескампраміснае. Бальная сістэма і галасаванне не выкарыстоўваюцца: усё вырашаецца праз абмеркаванне кандыдатаў. Уплываюць чыста эстэтычныя крытэрыі, але, як адцеміў спадар Ёрг Плат, сябры журы глядзяць і на продажы кнігі, і на тое, ці належыць твор жанравай літаратуры. Як правіла, вызначэнне лонг-ліста вымагае значных часавых і эмацыйных высілкаў і адбываецца цягам 3-6 гадзін.
Пры вызначэнні пераможцы ўключаюцца і экстралітаратурныя чыннікі. Па змоўчванні, усе кнігі шорт-ліста – выдатныя, таму журы глядзіць на ўвесь папярэдні прэміяльны працэс: ці давалі летась прэмію азіяту (жанчыне, выдавецтву “Зуркампф”, прадстаўніку нямецкамоўнае ўскраіны – Швейцарыі, Аўстрыі і г.д.). Калі так, то сёлета атрымаць узнагароду будзе праблематычна.
Трэба адзначыць, што падчас прэміяльнага сезона сябры журы крытыкі не ўдзельнічаюць у публічным абмеркаванні кніг, не друкуюць сваіх рэцэнзій на намінантаў, таму праца сябра журы аплочваецца дастаткова высока: за 2,5-3 месяцы працы арганізатараў прэміі кожны сябра журы атрымлівае 2800-3000 еўра.
Што да цырымоній, то яны дастаткова ўстойлівыя. Міжнародная кніжная прэмія ўручаецца штогод у цэнтры Берліна пад час урачыстага фуршэту, які з’яўляецца часткай міжнароднага літаратурнага фестывалю. Аўтары з кароткага спісу чытаюць урыўкі з сваіх твораў, запрашаюцца госці з-за мяжы, медыі, вядомыя персоны. Урачыстасць нагадвае прыём на вышэйшым узроўні.
Нацыянальная кніжная прэмія і Ляйпцыгская кніжная прэмія прымеркаваныя да двух найбуйнейшых кірмашоў – Франкфурцкага і Ляйпцыгскага адпаведна. Калі першая прэмія даецца толькі за прозу, то другая ўручаецца ў трох намінацыях: мастацкая літаратура, пераклад, галіновая літаратура. Уручэнне Нацыянальнай кніжнай прэміі адбываецца за дзень да пачатку Франкфурцкага кірмашу. У залі сядзяць усе шорт-лістары, на кожнага з іх скіраваныя тэлекамеры (цырымонія ў прамым эфіры транслюецца па тэлебачанні). Перад уручэннем звычайна прамаўляе старшыня журы, а таксама вядомы літаратар. На экране транслюецца відэатрэйлер, які прадстаўляе кожнага шорт-лістара. Нягледзячы на сур’ёзнасць абедзвюх прэмій цырымонія ніколі не зацягваецца і не абцяжарваецца, доўжыцца звычайна ад 40 хвілін да гадзіны.
У Германіі пад тысячу кніжных прэмій. З іх 100 – грашовыя. Яны падзяляюцца на нацыянальныя і галіновыя. Ёсць узнагароды за ўсю суму творчасці, за твор у пэўным жанры, ёсць прыватныя прэміі асобаў і прэміі, заснаваныя муніцыпалітэтам гарадоў. Ёсць прэміі, узнагародай у якіх з’яўляецца скрыня віна альбо проста ўрачыстая цырымонія з шанаваннем лаўрэата. Як пажартаваў Ёрг Плат, асаблівых спрэчак пасля ўручэння прэміі ў Германіі не адбываецца: узнагародаў настолькі шмат, што раней ці пазней, калі ты нешта пішаш, то нешта і атрымаеш.
Застаецца толькі чакаць, калі такія блаславёныя ўмовы будуць і ў Беларусі. Што да Ёрга Плата, то ён сумняваецца нават і ў шчаснай будучыні нямецкамоўнай кнігі. Дзве асноўныя літаратурныя прэміі былі ініцыяваныя менавіта крызісам у кніжным бізнэсе, каб падштурхнуць людзей чытаць і набываць нямецкую літаратуру. Але нягледзячы на гэта, зацікаўленне кнігай падае, скарачаюцца старонкі культуры ў газетах, шмат хто з крытыкаў адыходзіць у журналістыку. Праблемы, як бачым, супольныя. І не такая ўжо і вялікая прорва, выяўляецца, паміж нашымі культурнымі сітуацыямі.