Сусветны дзень свабоды друку-2015

Апошняе абнаўленне: 1 мая 2015
Сусветны дзень свабоды друку-2015
Заява Міжнароднага ПЭН-цэнтра праз 116 дзён пасля “Charlie Hebdo”.

Заява Міжнароднага ПЭН-цэнтра праз 116 дзён пасля “Charlie Hebdo”

У Сусветны дзень свабоды друку, праз 116 дзён пасля нападу на офіс сатырычнай газеты “Charlie Hebdo”, калі 11 чалавек загінула і 12 было паранена, мы зноў пацвярджаем, што наш абавязак — абараняць свабоду слова, нават калі вядзецца пра погляды, якія мы і іншыя лічаць нязручнымі ці нават абразлівымі.

Напад на “Charlie Hebdo” — гэты жахлівы напамін пра гвалт, з якім журналісты ва ўсім свеце сутыкаюцца ў сваёй штодзённай працы, — выклікаў у многіх краінах рэакцыю, якая падаецца нам трывожнай.

У студзені офіс нямецкай штодзённай газеты “Hamburger Morgenpost” быў закіданы запальнымі бомбамі. Прычынай была публікацыя асобных ілюстрацый з “Charlie Hebdo”. У Турцыі журналісты паведамлялі, што пасля таго, як яны перадрукавалі ілюстрацыі з “Charlie Hebdo”, ім пачалі прыходзіць пагрозы. У лютым стралок, відавочна натхнёны нападам у Парыжы, адкрыў у Капенгагене агонь на мерапрыемстве, прысвечаным свабодзе слова. Яго мэтай быў правакатыўны дацкі карыкатурыст, які маляваў прарока Мухамеда.

Але найбольш трывожнымі і найбольш пагрозлівымі ў дачыненні да свабоды слова былі рэакцыі ўрадаў.

Турэцкі суд загадаў заблакаваць інтэрнэт-старонкі, якія перадрукавалі ілюстрацыі з вокладкі “Charlie Hebdo”. У Расіі шэсць рэдакцый СМІ атрымалі папярэджанне, што публікацыя карыкатур на рэлігійную тэму “можа быць успрынятая як парушэнне закона пра мас-медыя і экстрэмізм”. Егіпецкі прэзідэнт Абдул-Фатах Халіл Ас-Сісі ўпаўнаважыў прэм’ер-міністра забараніць усе замежныя публікацыі, якія могуць абразіць рэлігійнае пачуццё. Выдавец кенійскай газеты “The Star” быў выкліканы ў савет па СМІ, дзе ў яго запатрабавалі патлумачыць яго “непрафесійныя паводзіны” — перадрук ілюстрацый з “Charlie Hebdo”, і яго газета была вымушаная публічна прасіць прабачэння. У Індыі мумбайская паліцыя заблакавала сайты, якія перадрукавалі ілюстрацыі з “Charlie Hebdo”. Гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга.

Самая вялікая небяспека свабодзе слова сыходзіць ад урадаў, якія, відаць, турбуюцца пра бяспеку. Пасля нападу на парыжскі офіс адзінаццаць міністраў унутраных справаў з еўрапейскіх краін (сярод іх — Францыя, Брытанія і Германія) зрабілі заявы, у якіх заклікалі інтэрнэт-правайдэры выдаляць кантэнт, які “правакуе нянавісць і тэрор”. Такія водгукі з боку ўрадаў падаюцца нам жахлівымі, бо яны патрабуюць ад нас самацэнзуры. Але для таго, каб цалкам рэалізоўваць свабоду слова, людзі мусяць мець магчымасць камунікаваць паміж сабой, не баючыся ўмяшання з боку дзяржавы. Згодна з міжнароднымі законамі, права на свабоду слова абараняе выказванні, якія камусьці могуць падацца абразлівымі, шакавальнымі ці трывожнымі. Важна тое, што свабода слова падразумявае, што тыя, хто адчуваюць сябе абражанымі, могуць у адкрытай дыскусіі ці праз мірны пратэст аспрэчваць выказанае.

У Сусветны дзень свабоды друку мы заклікаем усе ўрады:

— выконваць свой міжнародны абавязак абараняць свабоду слова і інфармацыі, абараняць права журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў і праваабаронцаў свабодна публікаваць, пісаць і выказваць свае меркаванні;
— ствараць бяспечнае асяроддзе для тых, хто рэалізуе права на свабоду слова, даваць магчымасць журналістам, пісьменнікам, мастакам і праваабаронцам без перашкодаў прэзентаваць сваю працу;

— змагацца з беспакараным гвалтам, скіраваным на журналістаў і іншых, якія церпяць за свабоду слова, і забяспечваць непрадузятае, хуткае, стараннае, незалежнае і эфектыўнае расследаванне нападаў на журналістаў, а таксама забяспечваць ахвярам і іх сем’ям якасную медыцынскую дапамогу;

— адмяніць законы, якія звужаюць свабоду слова, законы, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб саджаць у турмы, запужваць і прымушаць маўчаць журналістаў і ўсіх тых, хто змагаецца за свабоду слова;

— прасоўваць ідэі самарэгуляцыі мас-медыя;

— гарантаваць паважлівае стаўленне да правоў чалавека; асабліва гэта тычыцца палітыкі адсочвання прыватных камунікацый паміж людзьмі. Любое ўмяшанне ў прыватнае жыццё можа быць легітымным толькі тады, калі яно празрыста вызначанае законам, пераследуе легітымную мэту і неабходнае для яе выканання.

Міжнародны ПЭН-цэнтр