Адразу шэсць лаўрэатаў атрымалі сёлета літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні, — Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фелікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандр Фядута і Ірына Халіп.
Перад пачаткам цырымоніі ўганаравання дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук адзначыў, што 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, у савецкіх лагерах зняволеныя трымалі галадоўку. А сёння ў гэты дзень у Беларусі ўручаюць праваабарончыя, а ў свеце — Нобелеўскія прэміі.
«На гэтым уганараванні лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча сабралася самае лепшае, дзе адразу тры гэтыя рэчы сабраліся — якія вартыя і як літаратура, і як праваабарончая дзейнасць, і ўвогуле як самае лепшае, што бывае. Таму што чалавек, які патрапіў у сітуацыю зняволення і здолеў напісаць пра гэта — ён перамог. Дзякуй усім пераможцам».
Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны за кнігу эсэ пра праваабарончую дзейнасць «Іртутнае срэбра жыцця», напісаную ў бабруйскай калоніі ў 2012–2013 гадах.
Сустаршыня Маладога фронту Зміцер Дашкевіч атрымаў дыплом за кнігу апавяданняў «Чарвяк», якая выйшла сёлета ў студзені ў Вільні.
Адзначаны таксама былы кіраўнік вінаробнага заводу Фэлікс Пекер. Яго арыштавалі ў 2006 годзе на запыт КДБ Беларусі. Фэлікс Пекер сядзеў у турме 4 гады па несправядлівым абвінавачванні і напісаў раман «10 лет и 1 день Игоря Савченко».
Фелікс Пекер сказаў, што пісаў кнігу, «каб захаваць здольнасць да інтэлектуальнай дзейнасці, і ніякай асаблівай мэты перад сабой не ставіў». Разам з тым твор спадара Пекера выдадзены ў Расіі ў 2012 годзе, прадаецца і ў кнігарнях Беларусі.
«Калі ты сядзіш у турме, адзінае, што ты павінен зрабіць, — не страціць твар. А адзіны творчы занятак у турме — пісанне. Вось гэтым я і займаўся, хаваючы рукапісы», — сказаў Пекер.
Сустаршыня БХД Павал Севярынец удзельнічаў у конкурсе з кнігай «Беларуская глыбіня», якая выйшла сёлета ў траўні ў серыі «Кнігарня пісьменніка». У кнігу ўключаныя эсэ, напісаныя падчас апошняга зняволення. Ганаровы дыплом за Паўла атрымала яго жонка Вольга, а Павал перадаў падзяку праз скайп-сувязь з Чэхіі, дзе зараз знаходзіцца:
«Я ў Празе, дзе слова, а не куля, перамагло рэжым. Я спадзяюся, што ў Беларусі, як і калісьці ў Чэхіі, пераможа свабода».
Аляксандр Фядута ўганараваны за аповесць «Мой маленький Париж». Аўтар заяўляе яе як першую кнігу будучай трылогіі пра сябе. Кніга амаль цалкам напісаная ўзімку 2011 году ў СІЗА КДБ — дзеля таго, «каб не звар’яцець».
Кніга Ірыны Халіп «Дзённік зэчкі», якая летась намінавалася на конкурс імя Францішка Аляхновіча ў рукапісе, на гэты момант выйшла з друку і па-руску, і па-беларуску. І такім чынам зноў трапіла ў намінанты конкурсу і ўганараваная дыпломам.
Падчас імпрэзы былы палітвязень Васіль Парфянкоў прачытаў верш Тодара Лебяды.
Фота: Радыё Свабода