30 траўня не стала Генадзя Бураўкіна, паэта, журналіста, дзяржаўнага дзеяча, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра. Апошнія месяцы ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Развітанне з паэтам адбудзецца 31 мая з 11.30 у мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4).
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна (цяпер вёска Тродавічы) Расонскага раёну Віцебскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1959).
Працаваў у часопісе “Камуніст Беларусі”, у газеце “Літаратура і Мастацтва”, быў карэспандэнтам “Праўды” па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”.
З 1978 года — старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні.
У студзені 1990 года ў Вярхоўным Савеце 11-га склікання быў адным з дэпутатаў, якія дамагаліся прыняцця Закона аб мовах.
У 1990 годзе атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН. Пасля вяртання ў 1994—1995 гадах быў намеснікам міністра культуры і друку. У 1995—2001 гадах працаваў у часопісе “Вожык”.
Аўтар больш двух дзясяткаў паэтычных кніг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980).