Прафесар Карлавага ўніверсітэта ў Празе, вядомы чэшскі культуролаг і даследчык літаратуры Марцін Путна 2 траўня выступіць у Мінску з лекцыяй “Літаратурная крытыка ў Сярэдняй Еўропе: навука, мастацтва, ідэалогія, аўтатэрапія?”. Сустрэчу ладзіць літаратурны сайт bookster.by.
З лекцыі прафесара Путны слухачы даведаюцца, якія функцыі выконвала літаратурная крытыка апошнія дзвесце гадоў — падчас нацыянальнага адраджэння ў Сярэдняй Еўропе XIX стагоддзя, у эпоху секулярызацыі (“каталіцкая крытыка”), а таксама ва ўмовах таталітарных рэжымаў XX стагоддзя і пасля іх падзення.
Ці можна лічыць крытыку дысцыплінай аб’ектыўнай, навуковай альбо яна па вызначэнні суб’ектыўная, творчая, на мяжы з мастацтвам? І калі разглядаць псіхалагічны партрэт крытыка, то да якой ступені рэцэнзаванне кніг ёсць для яго аўтатэрапіяй? Спадар Путна таксама закране праблему негатывізму, раскажа пра такую з’яву, як “крытыка крытыкі” і разгледзіць “крытыку дзеля самога мастацтва” ў традыцыі нямецкай, аўстрыйскай, чэшскай і славацкай літаратураў.
Апроч таго, Марцін Путна раскажа пра найноўшыя тэндэнцыі ў еўрапейскай крытыцы і яе сённяшнія функцыі: крытыка і гендар, крытыка і нечаканае ажыўленне марксізму ў еўрапейскай культуры, а таксама прывядзе прыклады з чэшскага літаратурнага жыцця апошніх месяцаў, калі аргументы крытыкаў ператвараюцца ў аплявухі.
Пра лектара:
Марцін Путна — чэшскі літаратуразнаўца, крытык і культуролаг, прафесар Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Скончыў філалагічны факультэт Карлавага ўніверсітэта і багаслоўскі факультэт у Чэске-Будзеёвіцэ. Працаваў рэдактарам часопіса “Souvislosti” (1990—1997), выкладаў ва ўніверсітэце Рэгенсбурга ў Баварыі (2004—2005), быў дырэктарам Бібліятэкі Вацлава Гавэла (2008—2011).
Аўтар і вядоўца праграм на чэшскім радыё і тэлебачанні, супрацоўнічае з газетай “Lidové noviny”. У сваёй навуковай дзейнасці факусуецца на каталіцкай літаратуры і яе ўплыве на чэшскую культуру. Сярод яго зацікаўленасцяў — таксама познеантычны перыяд, руская літаратура XX стагоддзя ў выгнанні, тэма ўзаемадачыненняў хрысціянства і гомасэксуалізму.
Аўтар кніг “Чэшская каталіцкая літаратура ў еўрапейскім кантэксце 1848—1918” (1998), “Арыген Александрыйскі: Раздзел з гісторыі ўзаемадачыненняў антычнасці і хрысціянства” (2011), “Грэцкае неба над намі і антычны кошык: даследаванні з другога жыцця антычнасці ў еўрапейскай культуры” (2006), “Чэшская каталіцкая літаратура ў еўрапейскім кантэксце 1818—1945” (2010), “Карціны з гісторыі культуры амерыканскай рэлігійнасці” (2010), “Духоўны партрэт Вацлава Гавэла ў аблямоўцы чэшскай культуры” (2011), “Гомасэксуальнасць у гісторыі чэшскай культуры” (2012) і шэрагу іншых навуковых прац і эсэ, а таксама перакладаў з лацінскай, грэцкай, рускай і нямецкай моваў.
Лекцыя пачнецца 2 траўня ў 19:30 у офісе Беларускага ПЭН-цэнтра па адрасе: Залатая горка, 2—101
(знайсці вельмі проста: ад метро Плошча Перамогі ісці міма Палаца мастацтва, на першым скрыжаванні налева і праз колькі крокаў направа ў двор. На дамафоне першага пад’езда набраць 101 і “званочак”).
Мова лекцыі — руская. Уваход вольны.