У нас добрыя навіны: да правядзення літаратурнага конкурса “Экслібрыс” далучылася інтэрнэт-крама электронных кніг ebooks.prestigioplaza.com.
Перамога ў “Экслібрысе” прынясе аўтару не толькі заслужаную славу дзіцячага пісьменніка, але і новую мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note, створаную адмыслова для тых, чыя праца звязаная са словам. Гэты планшэт дазваляе пісаць ад рукі ў лічбавы нататнік пры дапамозе стылуса. Журналіст можа рабіць нататкі падчас інтэрв’ю, пісьменнік — занатоўваць новы аповед або верш, вандроўнік — ствараць падарожны дзённік, студэнт — канспектаваць лекцыі, дызайнер — маляваць і рэдагаваць фатаграфіі.
Нагадаем, што літаратурны конкурс “Экслібрыс” імя Янкі Маўра, абвешчаны ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Беларускім ПЭН-цэнтрам, сёлета прысвечаны дзіцячай літаратуры. Прыём твораў працягваецца да 1 жніўня, дасылаць іх можна на адрас [email protected]. Удзел у конкурсе могуць узяць аўтары да 40 гадоў. Конкурсныя творы для дзяцей і падлеткаў на беларускай або рускай мовах будзе ацэньваць кампетэнтнае журы, у якое ўвайшлі пісьменнікі Алена Масла, Людміла Рублеўская, Алесь Пашкевіч, Пятро Васючэнка, Серж Мінскевіч.
Падрабязней пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе “Экслібрыс” імя Янкі Маўра чытайце тут.
Падвядзенне вынікаў адбудзецца ў верасні 2013 года. Найлепшыя творы для дзяцей і падлеткаў могуць выйсці асобнай кнігай.
Уладальнікі другога і трэцяга месца атрымаюць рыдэры Prestigio на электронных чарнілах