Сёння, 1 сакавіка, у канферэнцыйнай зале Princess гатэля Crowne Plaza абвясцілі пераможцу літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Яе другім лаўрэатам стаў Уладзімір Някляеў. Ён атрымае 115 мільёнаў рублёў за кнігу “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”.
Сёлета на прэмію прэтэндавалі больш за 40 кніг, у шорт-ліст увайшлі шэсць. Апроч лаўрэата ў фінале апынуліся:
Сяргей Балахонаў з кнігай “Зямля пад крыламі Фенікса”;
Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча”;
Адам Глобус з кнігай “Сказы”;
Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”;
Юры Станкевіч з кнігай “Шал”.
Другое месца заняў Альгерд Бахарэвіч, трэцяе — Адам Глобус.
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджалася за найлепшую кнігу, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянце) у 2012 годзе на беларускай мове ў жанрах “мастацкая проза”, “эсэістыка”.
У журы прэміі імя Гедройца сёлета ўвайшлі: старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, старшыня беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, філосаф Валянцін Акудовіч, літаратурны крытык Ганна Кісліцына, перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-Клуба Адам Паморскі, першы лаўрэат прэміі Павал Касцюкевіч, польская перакладчыца Малгажата Бухалік, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч (ганаровы сябра, без права голасу). Ганаровы старшыня журы — пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка (без права голасу).
Заснавальнікі прэміі — пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут у Мінску, РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і ЗАТ “Сомбелбанк”.