Пагроза ў паветры. Максім Знак

Апошняе абнаўленне: 15 ліпеня 2026
Пагроза ў паветры. Максім Знак

Перакладзеная з англійскай і адаптаваная для чытання прамова, агучаная на Дзявятым сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання (беларускі сайд-івэнт). 

Парыж, 2 ліпеня 2026 года

Мне выпаў даволі сумны гонар прадэманстраваць удзельнікам Кангрэса супраць смяротнага пакарання, як выглядае сітуацыя з «выключнаю мераю» ў Беларусі. Бо нашая юрысдыкцыя – асаблівы выпадак. Безумоўна, усе ўдзельнікі кангрэса добра ўяўляюць прававы кантэкст і ведаюць універсальныя факты пра смяротнае пакаранне, але ў Беларусі вакол яго існуе ўнікальная і змрочная атмасфера: і гістарычная – і цяперашняя, у сувязі з падзеямі 2020 года і вайною ва Украіне.

Хачу падзяліцца асабістым досведам сутыкнення з сістэмай, якую ў цяперашняй Беларусі называюць сістэмай правасуддзя. І распавесці, які адбітак накладае на гэтую сістэму смяротнае пакаранне. 

Мяне завуць Максім Знак. Я заўсёды быў юрыстам, выкладаў і быў кіраўнічым партнёрам юрыдычнай фірмы. Пад час выбараў 2020 года я адказваў за юрыдычную працу ў Аб’яднаным штабе апазіцыі і быў адвакатам апазіцыйных лідараў: Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай. З Марыяй мы сталі абвінавачванымі ў адной крымінальнай справе, сядзелі ў адной шкляной каморы ў зале суда і разам атрымалі прысуды: я – дзесяць гадоў, яна – адзінаццаць. Якія нашыя дзеянні палічылі «змовай», мы не ведаем дагэтуль, тлумачэнняў нам не далі. Сфармуляваць абвінавачанне належным чынам не атрымалася, але суд ішоў за зачыненымі дзвярыма – і гэта нікога не бянтэжыла. Гэткі сакрэт унутры сакрэту. У выніку я быў асуджаны, прызнаны вязнем сумлення і правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Многія мае сябры ўсё яшчэ там – і перажываюць якраз тое, пра што я буду распавядаць.

Адной з першых рэчаў, пабачаных мною пасля вызвалення, была кімсьці дасланая спасылка. Яна вяла на сайт брытанскага выдаўца маёй кнігі. Дарэчы, публікацыя дагэтуль вісіць у сеціве, акурат учора я зрабіў здымак экрана. Загаловак абвяшчае: «Шатландскі выдавец святкуе вызваленне палітвязня, якога ўсе лічылі мёртвым».

Ведаеце, наогул не прынята лічыць чалавека мёртвым толькі таму, што яго асудзілі на дзесяць гадоў турмы. Звычайна мяркуюць, што ён проста ў турме. А тут святкавалі сам факт, што я жывы. І хоць гэта было надзвычай міла і сардэчна, мімаволі задумваешся: чаму такі змрочны варыянт наогул разглядаўся? Вядома, амаль тры гады мяне трымалі ў так званым рэжыме інкамунікада: без лістоў, тэлефанаванняў і наведвання адвакатаў. Мой стан сапраўды быў невядомы родным і свету, але лічыць, што я мёртвы, – гэта вельмі сур’ёзна.

Калі мы паглядзім на нашую Канстытуцыю – тую, што была прынята ў 1994 годзе, – смяротнае пакаранне ў ёй называецца выключнай мерай, якая з часам мусіць быць адменена. Гэта напісана ў асноўным законе краіны. Але выразна відаць, што мы рухаемся ў адваротным кірунку. Мы не адмяняем смяротнае пакаранне. Наадварот – мы павялічваем колькасць артыкулаў, пашыраем сферу прымянення смяротнага пакарання – ажно да замаху на злачынства, не звязанага з забойствам. Абмяркуем зараз, чаму так адбываецца.

…Круглая белая зубчастая вежа ў самым цэнтры Мінска. Мае асабістыя зносіны з гэтай сістэмай пачаліся ў так званым Пішчалаўскім замку. Насамрэч ён ніколі не быў замкам, гэта заўсёды была турма, збудаваная Расійскай імперыяй яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Многія гістарычныя постаці, беларусы, пра якіх мы чытаем у падручніках, былі там вязнямі, шмат каго ў гэтай турме пакаралі смерцю. Нашая гісторыя ў літаральным сэнсе напісана людзьмі, якіх кідалі за краты і расстрэльвалі.

У гэтым месцы, вядомым як Валадарка, або СІЗА № 1, захавалася вельмі спецыфічная, цяжкая атмасфера. Цёмны скляпеністы калідор, аблупленыя сцены, самотная лямпа пад столлю… Гэта мы бачылі штодня – нас выводзілі на шпацыр у маленькі турэмны дворык. Будынак выглядае так, нібы яго знарок стваралі для пакарання смерцю. Быццам кадр з кінафільма. Патыліца напружана чакае: што прыляціць з цемры? Чакае – бо ўсе зняволеныя амаль з першага дня ведаюць легенды.

Ніхто з нас не быў асуджаны на смяротнае пакаранне (нашыя артыкулы і не прадугледжвалі такога выраку) – але гісторыі пра смерць былі з намі ўвесь час. З першых дзён у гэтай установе цябе частуюць аповедамі пра расстрэлы: як цябе вядуць гэтымі калідорамі, як ніколі не ведаеш, звычайны гэта шпацыр – ці твой апошні шлях… Ты не зразумееш, што адбываецца, пакуль не стане запозна. Расказваюць так дэталёва, быццам самі гэта перажылі. Такія гісторыі чуеш не толькі ад суседзяў па камеры, але і ад кантралёраў, якія могуць яшчэ і пажартаваць. Шчыра кажучы, гэта зусім не смешна, калі ты там замкнёны, атмасфера не спрыяе весялосці.

Праблема смяротнага пакарання ў Беларусі не толькі ў тым, што яно існуе, але і ў тым, што сама працэдура – гэта псіхалагічнае катаванне. У законе прапісана, што асуджанаму на смерць не паведамляюць, калі адбудзецца расстрэл. Яго ніколі не папярэджваюць загадзя. Ён проста чакае, гэтае чаканне можа быць доўгім ці кароткім. Ён не можа падрыхтавацца, не можа развітацца. Больш за тое, месца пахавання і дэталі выканання прысуду – найвышэйшая дзяржаўная таямніца. Родным паведамяць пра расстрэл толькі пасля выканання прысуду. І ім ніколі не скажуць, дзе пахаваны іх блізкі чалавек.

Згадаўшы пачатак зняволення, хачу згадаць і адзін з самых шчаслівых момантаў майго жыцця: 13 снежня 2025 года, вызваленне. Я выходжу з аўтобуса і абдымаюся з Марыяй Калеснікавай і Віктарам Бабарыкам. Нам толькі што абвясцілі, што мы вольныя. Яшчэ паўгадзіны таму мы былі таварам, які адгружалі згодна з дамоваю. Увесь гэты дзень, з глыбокай ночы, нас везлі з нашых калоній і турмаў у бок Украіны. На галовы нам нацягнулі чорныя мяхі, вочы заматалі стужкай, рукі скавалі кайданкамі (а потым – звязалі скотчам) за спінай. Я ведаў пра палітычныя перамовы са Злучанымі Штатамі, таму чакаў вызвалення. Але камусь з аўтобуса канваіры проста сказалі, што вязуць іх у лес, на расстрэл. Гэта гучала жахліва і праўдападобна. Калі чатырнаццаць гадзін сядзіш у маленькім аўтобусе з завязанымі вачыма і скаванымі рукамі, ты можаш паверыць усялякаму – пакуль табе не дазволяць зняць нарэшце мех з галавы.

Калі пагроза смяротнага пакарання ўвесь час вісіць у паветры, яна дзейнічае як зброя, якую можна навесці ў любы бок. Улады актыўна выкарыстоўваюць яе, каб падтрымліваць атмасферу тэрору і беззаконня ў любой сітуацыі. Раней смяротнае пакаранне прадугледжвалася толькі за наўмыснае забойства, цяпер дадаліся «здрада дзяржаве», «тэрарызм» (у самым шырокім сэнсе) і нават замах на такія дзеянні. Менавіта палітычна-тэрарыстычны складнік спрыяе пашырэнню артыкула – дадаюцца жупелы, каб запалохаць, напрыклад, чыноўнікаў і вайскоўцаў. І кожны такі жупел, на жаль, у любы момант можа спрацаваць – ужо быў прэцэдэнт смяротнага прысуду грамадзяніну іншай дзяржавы за замах. Што прыдумаюць далей?

У глыбокай сіняй сцяне – маленькае закратаванае акно. Камера падобная да труны, пашыраецца да акна, усе камеры тут растуць з цэнтра, нібы рамонкавыя пялёсткі. Гэта яшчэ адно месца, дзе сустракаешся са змрочнай гістарычнай традыцыяй: следчы ізалятар КДБ, вядомы як Амерыканка. Круглая турма, паноптыкум, збудаваны так, каб усе камеры праглядаліся з аднаго цэнтра. Я зусім нядоўга быў у гэтай установе падчас свайго турэмнага шляху – але яна пакінула ў маёй душы глыбокі след, бо ўсімі сваімі дэталямі нагадвала пра сваю гісторыю.

Жахлівых выпадкаў тут было шмат – і ў мінулым, і цяпер. Кожны беларус, які хаця б крыху цікавіўся нашай гісторыяй, ведае пра жудасную старонку сталінскіх чыстак. За адну ноч 29 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя дзясяткі бліскучых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў і інтэлектуалаў.

Больш за 130 чалавек – дзеячаў культуры, якія зрабілі свой унёсак у фармаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, – былі застрэленыя проста ў сутарэннях Амерыканкі. За некалькі дзён перад тым у турэмным дворыку адбылося аўтадафэ, смерць ад агню, для іх рукапісаў. 

Для мяне гэта двойчы асабістае. Перад вачыма – фота збітага мужчыны са стомленым позіркам і знаёмым (хаця мы так і не сустрэліся) абліччам. Гэта мой прадзед Аляксандр, дзед майго бацькі. Яго не расстралялі ў ноч 29 кастрычніка 1937 года – яго застрэлілі трыма днямі пазней. У тыя гады выдаваліся  квота, колькі менавіта людзей трэба расстраляць у кожным рэгіёне. Мы дагэтуль не ведаем, дзе іх пахавалі. Але ёсць вялікая верагоднасць, што зусім побач з Менскам.

Драўляныя крыжы сярод заснежанага лесу, змрочныя могілкі без датаў ды імён… Курапаты,  самае вядомае месца з агульнымі магіламі той эпохі. Крыжы паставілі валанцёры. Дзяржава дагэтуль адмаўляецца афіцыйна прызнаваць гэтыя пахаванні бязвінна знішчаных і рэабілітаваных пасля. Гэтае ды іншыя месцы пахавання застаюцца таямніцай.

Мушу нагадаць: гаворка пра краіну, размешчаную ў геаграфічным цэнтры Еўропы. І пры гэтым Беларусь, нягледзячы на ўсе згаданыя мною гістарычныя падзеі, – адзіная краіна Еўропы, дзе дагэтуль выконваюць смяротныя прысуды, і адзіная былая савецкая рэспубліка, дзе смяротнае пакаранне застаецца дзейным. Сумная адметнасць.

На 1937–38 гады існаваў афіцыйны план расстрэлаў:  пакараць 7500 чалавек. Каля 7000 і былі расстраляныя, а безліч іншых людзей падчас следства памерлі ад катаванняў або скончылі жыццё самагубствам. Гэта нашая гісторыя. У гісторыі кожнай краіны ёсць цёмныя старонкі, але праблема ў тым, наколькі дакладна гэтае мінулае адлюстроўваецца ў нашай сучаснасці. Я асабіста чытаў пратаколы, як НКУС дапытваў майго прадзеда, і падабенства з тым, што адбываецца сёння, жахае.

У Амерыканцы я гасцяваў нядоўга, калі мяне прывезлі на знакамітую сустрэчу Лукашэнкі з вязнямі. Гэта быў такі круглы стол, куды ўсіх ўдзельнікаў, апроч аднаго, прывозяць у кайданках, тварам у падлогу. Назаўтра нам зрабілі царскі падарунак – без папярэджання павезлі ў «лазню», размешчаную ў лесе. Маўклівае перасоўванне і транспартаванне, чорныя ланцугі аўтаматчыкаў у балаклавах вакол будынкаў – усё гэта нагадвала фільмы пра акупаваныя тэрыторыі. 

Пасля прысуду маё падарожжа працягвалася: мяне перавезлі ў Віцебск, у папраўчую калонію. Нейкі час я правёў у жылым бараку, разам з іншымі вязнямі, а потым мяне перавялі ў бетонныя адзіночныя камеры. Гэтае месца таксама стала сведкам адной з трагічных гісторый, звязаных са смяротным пакараннем. Гэтых гісторый у нас так шмат, што ў якую «выпраўленчую» ўстанову не ткніся – знойдзеш.

Менавіта на «Віцьбе» адбываў свае пакаранне адзін са следчых, які вёў пэўныя эпізоды сумна вядомай «віцебскай справы». У турэмнай бібліятэцы ёсць напісаная ім кніга, у якой ён спрабуе растлумачыць, як тая жудасная справа магла адбыцца. Серыйны забойца Міхасевіч забіваў жанчын з 1971 па 1985 год. Ён прызнаўся ў 43 забойствах, 36 было даказана следствам. Але былі яшчэ 14 ахвяр – ужо на сумленні следчых.

14 невінаватых людзей у розны час былі абвінавачаны ў злачынствах, здзейсненых Міхасевічам. Іх катавалі, яны прызнаваліся – і адзін з іх, Цярэня, быў расстраляны. Гэта падвойная трагедыя: спачатку – жудасныя злачынствы забойцы, а потым – непапраўнае злачынства дзяржавы. І гэтага ўжо не адмяніць і не выправіць, бо чалавека забілі. Даведкі пра рэабілітацыю, атрыманыя роднымі ахвяр сталінскіх рэпрэсій, таксама не вярнулі знішчаных людзей.

Дзейнасць з рызыкамі непапраўнасці мае лічбавае вымярэнне. Па першае, ведайце, што з 1991 года ў Беларусі былі пакараны смерцю больш за 400 чалавек. А цяпер уявіце, што вы адвакат, і зірніце на афіцыйную статыстыку на сайце Вярхоўнага суда. Яна проста жахлівая: доля апраўдальных прысудаў – каля 0,1 %. Гэта значыць, толькі адзін з тысячы чалавек, што паўстаюць перад судом, будзе прызнаны невінаватым. З тысячы абвінавачаных на волю выйдзе, магчыма, адзін. Калі пры такой статыстыцы чалавеку пагражае смяротнае пакаранне, ён амаль напэўна будзе расстраляны. Я адмаўляюся верыць, што нашая судовая сістэма памыляецца толькі адзін раз на тысячу. Людзі памыляюцца значна часцей. Менавіта таму патрэбныя судовыя гарантыі, якія засцерагалі б ад непапраўных вынікаў. Як абсалютны мінімум, дзяржава не павінна забіваць людзей, якіх асуджае.

Каб завяршыць маю прамову і даць вам выразнае ўяўленне пра атмасферу ў краіне перад тым, як іншыя ўдзельнікі панэлі заглыбяцца ў нядаўнія прававыя змены, грамадскую асвету і тое, што могуць зрабіць дэмакратычныя сілы ў выгнанні, я хачу расказаць дзве кароткія гісторыі. Гэтыя гісторыі крыху з іншага сусвету, яны паказваюць, што праблема значна глыбейшая, чым некалькі радкоў у Крымінальным кодэксе: гаворка пра ментальнасць, што складвалася стагоддзямі.

Шэрыя сцены, металічная сетка замест неба, на бетоннай падлозе – прытаптаны снег. Гэта адзін з прагулачных дворыкаў. Падчас шпацыраў у такіх дворыках ці на заасфальтаваных пляцоўках «лакальных участкаў» адбываюцца цікавыя гутаркі.  

У віцебскай калоніі я сустрэў шмат людзей, асуджаных за забойствы. Двое з іх, цалкам паасобку і ў розны час, сказалі мне адно і тое ж. Абодва былі асуджаныя на 25 гадоў – максімальны тэрмін зняволення, прадугледжаны законам. Абодва расказалі, што сем’і і сябры іхных ахвяр стварылі актыўныя грамадскія групы і настойліва дамагаліся замены прысуду на смяротны. Грамадства не задавальняў 25-гадовы тэрмін – яны рабілі ўсё магчымае, каб забойцу расстралялі. Зняволеныя гаварылі пра гэтыя кампаніі з дзіўнай сумессю шоку, гонару і глыбокага страху. Пэўна, вусцішна ведаць, што недзе там сотні ці тысячы людзей актыўна жадаюць тваёй смерці. Але гэтая грамадская прага помсты – частка нашай рэальнасці, і яе трэба прызнаць.

Распавяду яшчэ адну гісторыю, ускосна сзвязаную са смяротным пакараннем. Яна адбылася, калі я ўжо стала сядзеў у  штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу. 

Штрафны ізалятар зусім не курорт. На ноч табе не даюць ні матраца, ні коўдры. У гэтых камерах бывае так холадна, што даводзіцца прачынацца некалькі разоў за ноч і рабіць адцісканні, каб сагрэць цела і паспаць яшчэ крыху, да наступнай фітнес-сесіі.

У ПКТ я меў падобную размову з некалькімі зняволенымі. Яны былі не «палітычныя», але таксама прайшлі праз 40-90 дзён ШІЗА. Усе былі проста апантаныя Андэрсам Брэйвікам, нарвежскім масавым забойцам. Беларуская дзяржаўная прапаганда любіць рабіць сюжэты пра Брэйвіка, каб прадэманстраваць, якая «дзіўная і нялюдская» Еўропа: маўляў, замест таго, каб расстраляць монстра, заходнікі трымаюць яго ў камфортных умовах.

Гэтыя зняволеныя (нават забойцы!) шчыра абураліся: «Як Еўрапейскі Саюз можа так абыходзіцца з забойцам? Ён мусіць быць мёртвы! Ці хаця б жыць у такіх умовах, як мы: без коўдры, без матраца, без джакузі і інтэрнэту».

Я задаваў усім ім адно і тое ж пытанне: «Паслухайце, вы ж разумееце, што гэта проста стандартныя ўмовы іх турэмнай сістэмы. Гэта пакет: або ва ўсіх нас, зняволеных, прыстойныя ўмовы – або ні ў каго. Што б вы абралі? Жыць у сістэме з умовамі, як у яго – ці каб яго забралі жыць ва ўмовы, як у нас? Што лепш: палепшыць жыццё тысячам людзей, замкнёных у нашых вязніцах, ці быць пэўнымі, што ён таксама пакутуе?»

Калі сядзіш у адзіночцы, такія пытанні ўспрымаеш вельмі сур’ёзна. Яны спынялі гутарку і доўга напружана думалі. І кожны з іх урэшце глядзеў на мяне і казаў: «Ведаеш што? Хай вязуць яго сюды. Мы будзем цярпець далей – абы ведаць, што ён пакутуе побач з намі».

Такое глыбока ўкаранёнае, абвостранае разуменне помсты як праявы справядлівасці таксама супярэчыць захадам, скіраваным на адмену смяротнага пакарання. Гэта важная частка карціны, калі мы хочам па-сапраўднаму зразумець сітуацыю ў Беларусі і рухацца да выразна азначанай мэты, зафіксаванай і ў першай  рэдакцыі нашай Канстытуцыі, і ў апошняй. Да адмены смяротнага пакарання.