«Да»! Аўтарская калонка Лявона Вольскага

Апошняе абнаўленне: 8 ліпеня 2026
«Да»! Аўтарская калонка Лявона Вольскага
Фота: Дар’я Каляда

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Лявона Вольскага!

Лявон Вольскі – музыка, літаратар, мастак, вядоўца. Публікуецца як паэт, празаік, журналіст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» і «Фотаальбом», празаічнага зборніка «Міларусь», суаўтар п’есы «Народны альбом», ілюстратар кнігі «Ашуканкі» Яны Вольскай і рамана Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба».

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

«Да»!

Калісьці даўно, недзе ў 2005-м, мяне занесла ў Нью-Ёрк. Ішоў я па Мангэтане і думаў сабе: «Тут сабраўся ўвесь сьвет». І праўда – каго толькі не сустрэнеш на тлумных нью-ёрскіх вуліцах – і эўрапейцы тут, і розныя азіяты, і мурыны з розных канцоў Афрыкі, і індусы з пакістанцамі, і беларусы, і палякі…

У тым жа годзе я наведаў Бэрлін. Там было сьціплей – у асноўным немцы ды туркі. Ну, яшчэ хапала розных постсавецкіх пэрсанажаў.

Але ўжо ў 2015-м Бэрлін вельмі нагадваў Нью-Ёрк. Індусы ў дзелавых гарнітурах, іранцы з дагледжанымі бародамі, польскія панкі, якія, здаецца, калісьці прыехалі на канцэрт улюбёнага гурта, ды так і ня здолелі пакінуць нямецкай сталіцы, украінцы, што ўжо тады беглі ад вайны, розных адценьняў мурыны, якіх чамусьці ў любой краіне (апроч афрыканскіх дзяржаваў) называюць «афраамэрыканцамі», фарбаваныя кітайскія студэнты… Цяпер і ў Бэрліне сабраўся ўвесь сьвет.

Яшчэ напачатку 2000-х Варшава была монаэтнічная. Рэдкія выключэньні складалі студэнты-стыпэндысты з постсавецкіх краінаў і гастарбайтэры. А цяпер ужо і ў польскай сталіцы можна пабачыць калі ня ўвесь сьвет, дык, прынамсі, значную ягоную частку. І, трэба сказаць, ня ўсе прадстаўнікі карэннага насельніцтва ўхваляюць гэтыя сусьветныя міграцыйныя працэсы.

Цяперашняя Варшава – гэта ўжо ня той шэры, пануры аднастайны горад з пачатку 90-х. Сёньня гэта эўрапейскі мэгаполіс, дзе адзін раён не падобны да іншага, дзе мясцовы «зелянбуд» высаджвае разнастайныя дрэвы (напрыклад, японскую сакуру) і іншыя расьліны, да якіх маё замыленае постсавецкай аднастайнасьцю вока дагэтуль ня надта прызвычаілася.

Дык вось. З усіх багатых ды разнастайных варшаўскіх раёнаў, на маю думку, асобна стаіць Жалібаж (Żoliborz). Паркі, сквэры, бульвары, высокія дрэвы, перад- і пасьляваенная, чымсьці падобная да менскага цэнтру, архітэктура. Там утульна й цёпла і можна сустрэць абсалютна розных мінакоў – ад бліскучага арт-дзеяча да футбольна-фанацка-хуліганскага гапаватага дзядзькі.

Менавіта такога пэрсанажа мы напаткалі на жалібаскім пляцы Вільсана. Там, на гэтым пляцы, ёсьць культавы харчовы пункт – можна падыйсьці да вакенца і замовіць вельмі смачную бульбу фры (розных мадыфікацыяў – напрыклад, замест бульбы можа быць батат) і марозіва. Ну, і ўсялякія безалькагольныя напоі. На тэрасе стаяць бляшаныя столікі з крэсламі – калі хочаш, можаш сесьці і паспажываць ежу й пітво.

Дзядзька сядзеў за столікам зь дзьвюма малымі дзяўчынкамі – гадоў 8-10. Відаць, дочкамі. Ён ім нешта нэрвова і звышкампэтэнтна тлумачыў, хаваючы нецэнзурную польскую лаянку ў болей-меней прыстойную абгортку (самае распаўсюджанае слова з польскага мату мае цэлы стос мякчэйшых адпаведнікаў – курда, курдва, курчэ, курна і (мой фаварыт!) – кузьва.

І вось дзядзька ажыўлена бліскаючы чырванаватымі вачыма і дэманструючы тату «Żoliborz» на руцэ (значыцца, свой, карэнны, мясцовы) ажыўлена, з кузьвамі і курнамі, вучыць дачок, як ім трэба пражыць гэтае жыцьцё, каб потым не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады.

Непадалёк за іншым столікам сядзяць беларусы. Гавораць па-расейску, але «беларускі разьліў» гэтае мовы нідзе не схаваеш, ён заўсёды выплывае на паверхню і дэманструе, адкуль прыехалі суразмоўцы.

Беларусы замаўляюць адну вялікую бульбу фры (па-польску – фрыткі) і адну – з соўсам сальса. Афіцыянтка хутка выстаўляе ў акенца порцыю з сальсай (яе забіраюць беларусы), а потым – і вялікія фрыткі. Адна зь дзядзькавых дачок падбягае да вакенца і прыносіць за стол бульбу. Дзяўчынкі пачынаюць радасна есьці, ужо ня так уважліва сочачы за сэнтэнцыямі свайго бацькі.

І тут зьяўляецца адміністратарка.

Варта заўважыць, што ўсе размовы вядуцца, безумоўна, па-польску. Хаця супрацоўніцы культавага харчовага пункту, хутчэй за ўсё, не карэнныя полькі.

Гэта ж вы замаўлялі вялікія фрыткі? – пытаецца адміністратарка ў беларусаў.

Так, мы, – адказваюць яны. – Чакаем, пакуль прынясуць.

А вы хіба заплацілі за гэтую бульбу? – запытвае адміністратарка ў дзядзькі.

Так, натуральна, – адразу пачынае абурацца ён.

Пакажыце, калі ласка, чэк! – патрабуе адміністратарка.

Дзе чэк? – зьвяртаецца дзядзька да дачок.

Ня ведаем, – адказваюць яны.

Вы не плацілі за бульбу! – выкрывае адміністратарка, забірае ў дзядзькі пакунак і кідае ў сьметніцу. – А вам вашую замову зараз прынясуць, – гэта ўжо яна зьвяртаецца, карэктна і безэмацыйна, да беларусаў.

Дзядзька і так быў гатовы завесьціся без аніякае нагоды, а тут такое! Умомант зьляцелі ўсе маскавальныя зьмякчальныя формы курнаў і курдваў. І сярод дрымучага лесу нецэнзуршчыны зь цяжкасьцю прабівалася думка пра тое, што «панаехалі сюды са сваіх Украінаў і наводзяць тут свае парадкі! Ды я на вас падатковую нашлю! Паганяць тут нашую Польшчу! Не, ну вы бачылі?! Карэннага жыхара зьневажаюць нейкія прыхадні!»

Дзядзька так разнэрваваўся, што кінуў вобзем бляшанае крэсла, схапіў дачок і пачаў быў сыходзіць. І каб паставіць важкую кропку ў гэтым канфлікце, каб хтосьці пацьвердзіў, што ён мае рацыю, дзядзька зьвярнуўся па падтрымку да беларусаў:

– Я ж усё слушна сказаў, так? Ну, праўда ж?

Беларусы перазірнуліся і разгублена адказалі:

– Да.


Чытаць папярэднія тэксты:

Некаторыя нюансы здачы тары ў Варшаве. Аўтарская калонка Лявона Вольскага