Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 сакавіка 2026 года

Апошняе абнаўленне: 2 красавіка 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 сакавіка 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 31 сакавіка 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 26, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 127, забароненых кніг – 332.

Гісторыка і экскурсавода Міхаіла Масалевіча асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).  

Супрацоўніцу Універсітэта культуры Наталлю Дзядзюлю асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).

У Гомелі адбылося затрыманне ўдзельнікаў Гукання вясны.

У Мінску быў затрыманы галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько.

Стала вядома, што ў літаратара і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца перад вызваленнем былі канфіскаваны рукапісы. 

Стала вядома пра адмену музычнага фестывалю «Festiwow» у Мінску.

КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні анлайн-хаба «Нацыя лідараў» «экстрэмісцкім фарміраваннем».

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі дададзены дзве новыя кнігі. 

Нерухомую маёмасць літаратара, журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча плануюць выставіць на продаж. 


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 24 сакавіка стала вядома, што гісторыка і экскурсавода Міхаіла Масалевіча асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) паводле справы «Беларускага Гаюна» – незалежнага маніторынгавага праекта, які займаўся адсочваннем руху расійскіх войск і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

2. 31 сакавіка стала вядома, што супрацоўніцу Універсітэта культуры Наталлю Дзядзюлю ў Мінскім гарадскім судзе асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на падставе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), а таксама ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пераслед меркавана звязаны са справай «Беларускага Гаюна» – незалежнага маніторынгавага праекта, які займаўся адсочваннем руху расійскіх войск і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

II. Затрыманні дзеячаў культуры і ўдзельнікаў культурніцкіх імпрэз

1. 21 сакавіка ў закрытым двары аднаго з рэстаранаў Гомеля адбылося затрыманне ўдзельнікаў традыцыйнага беларускага святочнага абраду Гуканне вясны. Суд над некаторымі ўдзельнікамі адбываўся ў будынку аднаго з РАУС, а суддзі пры гэтым былі з судоў розных раёнаў горада. У выніку адзін чалавек атрымаў 15 сутак арышту, а іншыя – штрафы на 100 базавых велічынь і болей. За ўдзел у святкаванні паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) асуджаны маёр міліцыі, участковы інспектар Гомельскага РАУС Віктар Шыпкоў, які мае дзяржаўныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію «За духоўнае адраджэнне» – за ўнёсак у захаванне народных традыцый. Віктар Шыпкоў шмат гадоў займаецца фальклорам і краязнаўствам.

2. 25 сакавіка ў Мінску затрыманы Зміцер Санько. Яго затрымлівалі раней у лютым, у сакавіку затрымалі паўторна. Зміцер Санько – кандыдат біялагічных навук, мовазнавец, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. З 1995 года працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Тэхналогія», якое спыніла сваю дзейнасць пасля арыштаў выдаўцоў у лютым. 

III. Канфіскацыі рукапісаў у месцах няволі

21 сакавіка стала вядома, што ў зняволенні ў літаратара і грамадскага дзеяча, былога палітвязня Паўла Севярынца былі канфіскаваны рукапісы твораў: «Беларусалім. Уваскрэсенне» (трэцяя кніга трылогіі), «Дрэва жыцця: беларускія віктарыны», «Беларусь – гэта святое», «Тут Бог: 500 эсэ пра гарады і вёскі Беларусі», «Беларускія цуды: найвыбітныя з’явы беларускай гісторыі», «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску. 33 доказы», «Ген трыадзінства: феномен міжканфесійнай згоды ў Беларусі», «Залаты век» (дзіцячая казка).

IV. Адмена культурніцкіх мерапрыемстваў

15 сакавіка стала вядома пра адмену музычнага фестывалю «Festiwow» у Мінску. Фестываль праходзіў у Мінску на стадыёне «Дынама» ў 2024 і 2025 гадах. У ім удзельнічалі многія артысты і гурты з краін СНД: Saluki, «Zoloto», Toxi$, «Cream Soda», «Моя Мишель», «Три дня дождя». Арганізатары паведамілі, што падрыхтоўка да фэсту выйшла на фінішную прамую, былі падпісаны кантракты з артыстамі і партнёрамі: «Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол на правядзенне нашага фестывалю, але, на жаль, закон ёсць закон. Для нас гэта было вялікім ударам… Дзякуй, што былі з намі гэтыя тры гады», – напісалі яны ў сваім інстаграм-акаўнце. На гэты час у Беларусі адменены фестываль у Лідзе «Lidbeer», які праходзіў кожнае лета з 2015 года. Прычыны адмены не называюцца, арганізатары спасылаюцца на незалежныя ад іх абставіны. Адменены таксама фестывалі «Wostrau» ў Нясвіжы і «Сонцастаянне» ў Пружанах. Прычына адмены – пастанова Савета Міністраў 2025 года № 454, паводле якой юрыдычная асоба, якая хоча правесці такі фестываль, мусіць быць зарэгістравана ў рэестры арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў.

V. Абвяшчэнне культурніцкіх арганізацый «экстрэмісцкімі»

20 сакавіка КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні анлайн-хаба «Нацыя лідараў» «экстрэмісцкім фарміраваннем». На сайце анлайн-хаба пазначана, што ініцыятыва «распрацоўвае і падтрымлівае адукацыйныя і даследчыя праекты і ініцыятывы, накіраваныя на развіццё моцнай грамадзянскай супольнасці Беларусі. Мы дапамагаем беларусам працягваць развіццё ў актуальных для іх сферах, павышаць узровень ведаў і навыкаў, неабходных для пабудовы свайго жыцця і сваёй дзяржавы».

VI. Забароненыя кнігі

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі дададзены дзве новыя кнігі: Паўла Анціпава «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» (Мяне Няма, 2025); Юрыя Фельштынскага «Беларусь Натальи Радиной. Журналистка против диктатора» (ISIA Media Verlag, 2025).

VII. Рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх літаратараў, якія жывуць за мяжой

19 сакавіка стала вядома, што аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Гродна правёў «незалежную ацэнку» кватэры літаратара, журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, каб выставіць яе на продаж з мэтай спагнання незаконна прысуджанага вялікага штрафу на падставе крымінальнай справы. Органы судовага выканання выставілі на аўкцыён канфіскаванае раней лецішча Уладзіміра Хільмановіча, якое знаходзіцца ў Мастоўскім раёне. Яшчэ раней канфіскавалі і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку яго сям’і (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну). 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд на падставе сукупнасці артыкулаў завочна асудзіў Уладзіміра Хільмановіча на 5 гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысячу базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў (135 тысяч долараў).