Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 31 студзеня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 146.
Дырэктара студыі дызайну Fajno Design Дзмітрыя Царука асудзілі паводле палітычна матываванай справы.
Музыка і арганізатар святаў Іван Фалітар асуджаны ў Мінскім гарадскім судзе на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Супраць аўтара турэмнай літаратуры, былога палітвязня Міколы Дзядка распачалі новую палітычна матываваную крымінальную справу.
У калоніі № 17 у Шклове ў праваабаронцы, былога палітзняволенага Уладзіміра Лабковіча канфіскаваны рукапіс эсэ пра Васіля Быкава.
Сайт кінафестывалю «Паўночнае ззянне» абвешчаны «экстрэмісцкім».
«Экстрэмісцкай» прызналі песню «Я страляў у міліцыянта» гурта «Крамбамбуля».
Пракуратура забараніла для распаўсюду кнігу Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспублікі 1918–1929 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» (2015).
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 16 студзеня стала вядома, што дырэктара брэсцкай студыі дызайну Fajno Design Дзмітрыя Царука асудзілі паводле палітычна матываванай справы. Брэсцкі абласны суд вынес Дзмітрыю Царуку прысуд на падставе ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), які ўжо ўступіў у сілу. Дзмітры Царук быў затрыманы ў ліпені 2025 года.
2. 24 студзеня стала вядома, што музыка і арганізатар святаў Іван Фалітар асуджаны ў Мінскім гарадскім судзе паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), меркавана ў межах справы «Беларускага Гаюна» за паведамленні ў маніторынгавы чат пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Прысуд быў вынесены 17 кастрычніка 2025 года: тры гады калоніі. З 16 студзеня 2026 года Іван Фалітар адбывае тэрмін у калоніі № 2 у Бабруйску.
3. 29 студзеня стала вядома, што ў дачыненні да аўтара турэмнай літаратуры, былога палітвязня Міколы Дзядка распачалі новую палітычна матываваную крымінальную справу. Пра гэта Мікола Дзядок напісаў у Threads: «Родным паведамілі пра [завядзенне] супраць мяне новай крым. справы. Нібыта за “экстрэмісцкія” публікацыі ці выказванні. Прытым чамусь у Віцебску. Бацькоў цягаюць на допыты».
II. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
Палітзняволены культуролаг Вацлаў Арэшка амаль цалкам страціў зрок у зняволенні. Для чытання ў яго была лупа з падсветкай, але калі яго перавялі са шклоўскай калоніі ў Івацэвічы, то мець лупу ўжо не дазволілі.
III. Канфіскацыя рукапісаў у палітзняволеных
Стала вядома, што ў праваабаронцы, былога палітзняволенага Уладзіміра Лабковіча ў калоніі № 17 у Шклове быў канфіскаваны рукапіс эсэ пра Васіля Быкава. Уладзімір Лабковіч пісаў пра значэнне творчасці і асобы Васіля Быкава ў сваім жыцці і падрабязна распавядаў пра пахаванне пісьменніка, развітацца з якім прыйшлі тысячы беларусаў. Рукапіс эсэ быў канфіскаваны пры ператрусе ў камеры.
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх ініцыятыў і арганізацый
1. 21 студзеня стала вядома, што суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» сайт праваабарончай кампаніі «НЕ смяротнаму пакаранню ў Беларусі». На сайце ёсць выказванні дзеячаў культуры супраць смяротнага пакарання.
2. 21 студзеня стала вядома, што «экстрэмісцкім» абвешчаны сайт кінафестывалю «Паўночнае ззянне», які інфармаваў беларускіх кінагледачоў пра фільмы Паўночнай Еўропы і краін Балтыі. Фестываль быў заснаваны ў 2015 годзе з ініцыятывы амбасады Фінляндыі ў Беларусі. З 2021 года фестываль праходзіць за межамі Беларусі.
3. 26 студзеня суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» акаўнты Threads, якія пішуць пра культуру: «SYMBAL.ВY», «REFORM.nеws», «Радыё Свабода» | Беларусь», «Новы Час | Novy Čas», «Наша Нiва | Nashaniva.cоm», «MOST | ПОЛЬША | БЕЛАРУСЬ», «Будзьма беларусамi!», «CityDog.iо».
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» літаратурна-музычных твораў
23 студзеня суд Лельчыцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» песню «Я страляў у міліцыянта» гурта «Крамбамбуля».
VI. Забароненыя кнігі
20 студзеня стала вядома, што пракуратура Горацкага раёна забараніла для распаўсюду кнігу Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспублікі 1918–1929 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» (2015). Супрацоўнікі пракуратуры знайшлі кнігу ў інтэрнэце і накіравалі ў Рэспубліканскую камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. Паводле высноў камісіі, «асобныя фрагменты прадстаўленага на ацэнку друкаванага выдання супярэчаць палажэнням Дырэктывы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2025 г. № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы” і могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны».
VII. Забарона кніг у месцах пазбаўлення волі
З 1 студзеня ў Ваўкавыску ў папраўчай калоніі № 11 забаранілі перадаваць кнігі з волі. Да гэтага часу сваякі мелі права паслаць асуджаным, якія адбываюць пакаранне ў гэтай калоніі, да пяці кніг у бандэролі вагой да 2 кілаграм. Цяпер пасылкі з кнігамі адміністрацыя вяртае адпраўшчыкам.