На 15 студзеня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 144.
Фізік і папулярызатар беларускай мовы Віктар Гаўрылавец асуджаны на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Арт-менеджар, арганізатар фестывалю Urban Myths, стрыт-арт-мастак Алег Ларычаў затрыманы паводле крымінальнай справы.
Архівіст Уладзімір Монзуль асуджаны на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Фатографка Наталля Бачурынская асуджана на тры гады пазбаўлення волі.
Палітолаг, літаратуразнавец, былы палітвязень Аляксандр Фядута распавёў пра знішчэнне кніг у калоніі № 15 у Магілёве.
Былая палітзняволеная Алена Гнаўк паведаміла пра канфіскацыю рукапісаў пры вывазе з калоніі.
«Экстрэмісцкімі» абвешчаны Telegram-каналы пра беларускую культуру «Reform.news :: Культурны фронт» і Rodnaja historyja, Instagram-старонка telebudkaby, YouTube-канал «Тэлебудка».
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 4 студзеня стала вядома, што ў Мінскім гарадскім судзе асуджаны фізік Віктар Гаўрылавец – папулярызатар беларускай мовы ў IT, які займаўся перакладам і інтэграцыяй інтэрфейсаў Ubuntu, Inkscape і GNOME, каб беларусы маглі камфортна карыстацца свабодным софтам на роднай мове. Віктар Гаўрылавец асуджаны на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
2. 9 студзеня стала вядома, што намеснік загадчыка аддзела Нацыянальнага архіва Уладзімір Монзуль асуджаны на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Брэсцкі абласны суд асудзіў архівіста паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці і разладу).
3. 12 студзеня стала вядома, што паводле крымінальнай справы затрыманы арт-менеджар, арганізатар фестывалю Urban Myths, стрыт-арт-мастак Алег Ларычаў. Праваабаронцам стала вядома, што ён быў затрыманы напрыканцы лістапада, а ў снежні яго перавялі ў СІЗА. У 2022 годзе Алег Ларычаў быў асуджаны на 15 сутак паводле адміністрацыйнай справы.
4. 13 студзеня ў Гомельскім абласным судзе фатографцы Наталлі Бачурынскай прысудзілі тры гады пазбаўлення волі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса. Наталля Бачурынская фатаграфавала птушак, яе добра ведалі ў ліквідаванай уладамі арганізацыі арнітолагаў-аматараў «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
ІІ. Знішчэнне забароненых кніг у месцах пазбаўлення волі
1. Палітолаг, літаратуразнавец, доктар гуманітарных навук Аляксандр Фядута, вызвалены 13 снежня 2025 года і вывезены за межы Беларусі з групай 123 чалавек, распавёў 8 студзеня пра знішчэнне кніг у калоніі № 15 у Магілёве: «Спачатку зніклі кнігі Святланы Алексіевіч. Іх было няшмат, у асноўным раннія – “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”. Потым зніклі кнігі расійскіх “іншаагентаў” – Акуніна, Пялевіна, Уліцкай, Дзмітрыя Быкава (добра, я паспеў прачытаць яго “Арфаграфію” і “Астрамову”). Паліцамі канфіскоўваліся кнігі па філасофіі і псіхалогіі. Зніклі ўспаміны Віктара Франкла (верагодна, каб лёс псіхолага ў канцлагеры не нагадваў нам пра ўласныя нашыя лёсы). Вядома, зніклі кнігі на замежных мовах, хаця былі на англійскай і той жа Хэмінгуэй, і Конан Дойл, прычым з савецкіх яшчэ часоў. Куды іх выносілі, я не ведаю да гэтага часу. Адзін з “дасведчаных” прадстаўнікоў зэкаўскай “наменклатуры”, так званых “казлоў”, пад сакрэтам распавядаў, што іх спальваюць у кацельні нашай калоніі».
2. Былы палітвязень, які быў зняволены ў Магілёве ў калоніі № 15, вызваліўся па заканчэнні тэрміну і з’ехаў з Беларусі, 13 студзеня распавёў праваабаронцам пра знішчэнне кніг: «У 2024 годзе адабралі ўсе асабістыя кнігі ў зняволеных, усе звезлі ў бібліятэку, адсартавалі і адсоткаў семдзесят знішчылі адразу. Кнігі ў бульбяных мяшках вазілі ў кацельню – і спальвалі. Сабралі тры мяхі – ды спалілі. Вучэбная літаратура была забароненая амаль уся. Засталася толькі мастацкая. Польская мова лічылася варожай – за падручнік цябе чакала цікавая “гутарка”, маглі даць дзесяць сутак у ШІЗА».
III. Канфіскацыя рукапісаў у палітзняволеных літаратараў
12 студзеня былая палітзняволеная Алена Гнаўк паведаміла пра канфіскацыю рукапісаў пры вывазе з калоніі ў пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёна: «Я пытаюся: “А дзе мае лісты, архівы, запісы, копіі прысудаў?” – “Паперы выносіць нельга!” Я пачала тлумачыць, што гэта парушэнне закону. Але было зразумела, што яны выконваюць загад. Так што папераў мне наагул не аддалі. З калоніі я вынесла толькі маленькую кніжачку Новага Запавету, якую мне падаравала адна з асуджаных, і я яе таксама захавала». 68-гадовая Алена Гнаўк правяла за кратамі 3 гады і 11 месяцаў – з 11 студзеня 2022-га па 13 снежня 2025 года.
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх ініцыятыў і арганізацый
1. 5 студзеня 2026 года суд Пінскага раёна і горада Пінска Брэсцкай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-канал пра беларускую культуру «Reform.news :: Культурны фронт».
2. 5 студзеня 2026 года суд Пінскага раёна і горада Пінска Брэсцкай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-канал Rodnaja historyja.
3. 5 студзеня 2026 года суд Пінскага раёна і горада Пінска Брэсцкай вобласці прызнаў «экстрэмісцкімі» Instagram-старонку telebudkaby і YouTube-канал «Тэлебудка» – праект кіраўніка Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна.