Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў назвалі кнігі, што ўвайшлі ў кароткі спіс паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай (за выданні 2025 года).
Сёлетні паэтычны сезон засведчыў не толькі разнастайнасць галасоў, але і глыбіннае адчуванне часу, у якім «немагчыма не быць», а слова робіцца спосабам існавання, калі аўтары «аднаўляюць сябе моваю» і шукаюць новыя формы прысутнасці ў свеце. У гэтай прасторы паэзія адкрываецца як «агромністы кавалак сусвету», дзе асабістае і агульнае, памяць і досвед сучаснасці пераплятаюцца ў адзіны тэкст.
У кароткі спіс увайшлі 3 паэтычныя кнігі:
- «Нетутэйшая далечыня» – Ігар Кулікоў (Янушкевіч, 2025)

- «Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі (Skaryna Press, 2025)

- «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур (SayBeat, 2025)

З кожным днём мы набліжаемся да даты ўзнагароджання. Запішыце ў календары: 27 траўня, а 19:00, у гасцінным Новым Тэатры ў Варшаве адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміяй Наталлі Арсенневай.
Чакаем разам – у прасторы, дзе слова набывае сілу і яднае людзей.
Журы прэміі
Сёлета ў складзе журы – пяць галасоў, кожны з уласным досведам чытання і разумення паэзіі. Разам ім належыць прайсці шлях ад першага ўражання да ўдумлівага, уважлівага перачытвання, каб вызначыць паэтычную кнігу года.
Сярод публічных сябраў журы:
Андрэй Хадановіч
Паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай моў.
Дар’я Бялькевіч
Паэтка, перакладчыца, аўтарка песень, арт-менеджарка. Лаўрэатка прэміі Наталлі Арсенневай, рэдактарка паэтычных кніг, вядоўца літаратурнага падкасту «Спіс на лета». Удзельніца міжнародных літаратурных фестываляў і рэзідэнцый.
Віталь Рыжкоў
Паэт, перакладчык, арганізатар літаратурных праектаў. Лаўрэат прэмій «Дэбют» і «Залаты апостраф», удзельнік міжнародных паэтычных форумаў.
Наста Кудасава
Паэтка, перакладчыца. Лаўрэатка прэміі імя Міхася Стральцова, прэміі Беларускага ПЭНа «Кніга году» і іншых літаратурных узнагарод. Аўтарка сямі паэтычных кніг, удзельніца міжнародных літаратурных праектаў.
Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры: Новы Тэатр (Nowy Teatr, Варшава), «Estate of Vitaut Kipel», «Belarusian Charitable Trust» і «Fundacja Trzy Trąby».
Праект суфінансаваны Цэнтрам Мерашэўскага ў межах IV Адкрытага конкурсу.
Сачыце за навінамі на сайтах арганізатараў penbelarus.org і bellit.info, а таксама ў сацыяльных сетках!
