
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа наконт пісьменніка Ёакіма Мэдына.
«Прыцягваючы Ёакіма Мэдына да завочнага суда па ілжывых абвінавачаннях і забараняючы яму вяртацца ў Турцыю, улады пасылаюць пагрозлівы сігнал усім журналістам і пісьменнікам: наступнымі можаце быць і вы. Мы заклікаем іх спыніць націск на незалежныя галасы — як унутры краіны, так і за яе межамі», — заявіў Бурхан Сонмэз, прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа.
22 верасня 2025 г. Улады Турцыі павінны неадкладна зняць беспадстаўныя «тэрарыстычныя» абвінавачанні супраць журналіста, пісьменніка і сябра Шведскага ПЭНа Ёакіма Мэдына, заявілі сёння Міжнародны, Шведскі і Нарвежскі ПЭНы напярэдадні яго першага завочнага слухання ў Стамбуле, прызначанага на 25 верасня. Калі яго прызнаюць вінаватым, Мэдыну пагражаюць гады турмы. Арганізацыі таксама заклікалі ўлады зняць забарону на яго ўезд і адмяніць папярэдні прысуд па абсурдным абвінавачанні ў «абразе».
Пісьменнік і журналіст шведскай газеты Dagens ETC Ёакім Мэдын быў затрыманы паліцыяй 27 сакавіка 2025 года ў аэрапорце Стамбула пасля паездкі дзеля асвятлення агульнанацыянальных пратэстаў. На наступны дзень ён быў арыштаваны. Пазней супраць яго выстаўленае абвінавачанне ў «абразе прэзідэнта» на падставе паведамленняў у сацыяльных сетках, звязаных з пратэстам у Стакгольме ў 2023 годзе, калі пудзіла прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана было павешана за ногі. Мэдын адхіліў усе абвінавачанні, заявіўшы пракурорам, што проста асвятляў інцыдэнт у прафесійнай якасці. 30 красавіка 2025 года 79-ы крымінальны суд першай інстанцыі ў Анкары прызнаў яго вінаватым і прысудзіў умоўнае пакаранне — 11 месяцаў і 20 дзён пазбаўлення волі. Ягоная апеляцыя яшчэ разглядаецца. Да 16 мая 2025 года, калі яго вызвалілі і дэпартавалі ў Швецыю, Мэдын заставаўся ў папярэднім зняволенні ў турме строгага рэжыму Мармара ў Сіліўры, пад Стамбулам, па асобных «тэрарыстычных» абвінавачаннях. Улады Турцыі наклалі на яго забарону на ўезд — адміністрацыйнае рашэнне, якое не дазволіць яму вяртацца ў краіну цягам наступных пяці гадоў.
Мэдын паўстане перад судом па абвінавачаннях ва «ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі» і «распаўсюдзе тэрарыстычнай прапаганды» — у сувязі з яго публікацыямі ў Dagens ETC, паведамленнямі ў сацсетках, а таксама зместам ягоных кніг, уключна з Kobane – Den kurdiska revolutionen och kampen mot IS (Кобане — курдская рэвалюцыя і барацьба супраць ІД, апублікаваная ў 2016 годзе), заснаванай на яго журналісцкіх паездках у Сірыю. Паводле сцвярджэння пракуратуры, гэта нібыта сведчыць пра ягоныя сувязі з тэрарыстычнай групай. Гэтыя абвінавачанні прадугледжваюць працяглы тэрмін зняволення.
«Справа Мэдына пасылае трывожны сігнал усім журналістам і пісьменнікам, якія асвятляюць падзеі ў Турцыі: улады могуць дамагчыся іх арышту і экстрадыцыі, калі яны асмеляцца даследаваць палітычна адчувальныя тэмы. Няспынная і бязлітасная кампанія транснацыянальных рэпрэсій з боку Турцыі толькі ўзмацняе сур’ёзнасць сітуацыі», — сказала Ханна Нордэл, выканаўчая дырэктарка Шведскага ПЭНа.
Прачытаць заяву цалкам на англійскай мове можна тут.