
Палітычны пераслед:
Быў затрыманы 4 лістапада 2022 года, дастаўлены ў турму ў Гродне.
Яму інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Арышт Сяргея Макарэвіча пракаментаваў кіраўнік выдавецтва «Янушкевіч», з якім ён супрацоўнічаў: «Нашага выдатнага партнёра і вернага паплечніка Сяргея Макарэвіча арыштавалі. Нашы кнігі – ягоная заслуга, у асаблівасці нобелеўская серыя „Noblesse Oblige“. На ім трымалася дзейнасць выдавецтва, увогуле менавіта з такімі людзьмі, якіх мала, робяцца вялікія і паважныя справы».
Дабрачынны фонд «Вяртанне» спрыяў развіццю беларускай культуры, навукі і адукацыі. 25 кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда фонд быў ліквідаваны.
Сяргей Макарэвіч прызнаны палітвязнем 30 лістапада 2022 года.
11 красавіка 2023 года Сяргею Макарэвічу змянілі меру стрымання і вызвалілі з турмы. Сяргей Макарэвіч паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook: «11 красавіка мне змянілі меру стрымання. Пасля 159 дзён за кратамі я выйшаў на свабоду. Крымінальныя справы супраць мяне не спынены, таму гэта яшчэ не канец гісторыі».
25 сакавіка 2024 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Сяргею Макарэвічу 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання).
Творчая дзейнасць:
Нарадзіўся 21 сакавіка 1987 года.
Супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне» і выдавецтва «Янушкевіч», культурны менеджар, аўтар кнігі «Край мой верасовы: краязнаўчыя эсэ, эпісталярый» (2012).
Вызваленне:
Выйшаў на волю з ПУАТ № 24 у пачатку ліпеня 2025 года, цалкам адбыўшы пакаранне.