
На 31 траўня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 154.
Прамоўтара культуры, гаспадара этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Журналістка, аўтарка нон-фікшн літаратары Алена Панкратава асуджана на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Актывістка і прамоўтарка культуры Ніна Багінская прызнана судом вінаватай у «неаднаразовым парушэнні закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў», але суд скарыстаў арт. 79 Крымінальнага кодэкса (асуджэнне без прызначэння пакарання) і прызначыў «прафілактычнае назіранне».
Затрыманы адміністратар беларускай Вікіпедыі Максім Лепушэнка.
Перастала выходзіць на сувязь аўтарка нон-фікшн літаратуры Ціна Палынская.
Суд прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку беларускага лонданскага выдавецтва «Скарына».
Суд прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку пісьменніка Сашы Філіпенкі.
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» нон-фікшн кнігі «Украінская ноч: Вельмі асабістыя гісторыі рэвалюцыі» і «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода».
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» дэтэктыў «Забойства на вуліцы Макаёнка», меркавана напісаны штучным інтэлектам пра падзеі, часткова звязаныя з пратэстамі 2020 года.
Міністэрства інфармацыі дадало 18 пунктаў у спіс забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў. Сярод забароненых кніг – «Асіная фабрыка» (The Wasp Factory).
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і старонкі ў сацыяльных сетках, звязаныя з палітвязнем, аўтарам турэмнай літаратуры Міколам Дзядком.
Суд прызнаў «экстрэмісцкай» песню «Беги, Лукашенко в Ростов!».
Суд прызнаў «экстрэмісцкай» Facebook-старонку музыкі, літаратара і мастака Лявона Вольскага.
У вёсцы Малыя Сяхновічы Брэсцкай вобласці дэмантаваны бюст кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі.
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 16 траўня ў Гродне вынесены прысуд прамоўтару беларускай культуры, гаспадару этнакрамы «Цудоўня» Андрэю Несцяровічу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) – 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Андрэй Несцяровіч быў затрыманы 7 лютага 2025 года, да суда ўтрымліваўся ў турме № 1 у Гродне.
2. 18 траўня стала вядома, што журналістка, аўтарка нон-фікшн літаратуры Алена Панкратава асуджана за паслявыбарчыя пратэсты 2020 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
3. 30 траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся судовы працэс супраць 78-гадовай грамадскай актывісткі і прамоўтаркі культуры Ніны Багінскай паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за дэманстрацыю нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінска ў 2024 годзе. Абвінавачанні грунтавалася на адміністрацыйных пратаколах і судовых пастановах за 2024 год, якія тычыліся выкарыстання нацыянальнай сімволікі, адзін пратакол быў складзены за майку з надпісам: «Не вайне!». Ніну Багінскую прызналі вінаватай у «неаднаразовым парушэнні закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў», але суд скарыстаў арт. 79 Крымінальнага кодэкса (асуджэнне без прызначэння пакарання) і прызначыў «прафілактычнае назіранне».
ІІ. Адміністрацыйны пераслед
1. 15 траўня ў Мінску быў затрыманы адміністратар беларускай Вікіпедыі Максім Лепушэнка, які пісаў пра беларускую гісторыю, культуру і літаратуру.
2. 19 траўня перастала выходзіць на сувязь аўтарка нон-фікшн літаратуры Ціна Палынская. У чэрвені 2022 года яе штрафавалі на 3200 рублёў (1230 долараў) за жоўтую і блакітную стужкі, а Следчы камітэт пачаў разбор за антываенныя допісы ў Facebook. 5 чэрвеня 2022 года ў яе кватэры быў ператрус.
III. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 15 траўня суд Маладзечанскага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку беларускага лонданскага выдавецтва «Скарына».
2. 15 траўня ў сувязі з крымінальнай справай у Расіі супраць супрацоўнікаў выдавецтва «Эксмо» паводле справы аб «экстрэмізме» Міністэрства інфармацыі Беларусі запатрабавала ад распаўсюднікаў кніг «правесці рэвізію рэалізаваных друкаваных выданняў».
3. 19 траўня суд Савецкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку пісьменніка Сашы Філіпенкі.
4. 23 траўня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» нон-фікшн кніг «Украінская ноч: Вельмі асабістыя гісторыі рэвалюцыі» Марсі Шор і «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука, былога шматгадовага кіраўніка беларускай службы «Радыё Свабода».
5. 23 траўня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу «Забойства на вуліцы Макаёнка». Гэты дэтэктыў выйшаў у выдавецтве «Беларускія аўдыякнігі», якое сцвярджае, што кнігу напісаў на іх замову штучны інтэлект на падставе выбраных празаічныя твораў найноўшай беларускай літаратуры, навін за 2020–2022 гады і сюжэтаў твораў «залатога стагоддзя брытанскага дэтэктыву». Аўтарам пазначаны Клёк Штучны.
6. 29 траўня Міністэрства інфармацыі дадало яшчэ 18 кніг у спіс забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў. Цяпер у спісе 110 пазіцый. Сярод новых забароненых кніг – «Асіная фабрыка» (The Wasp Factory) – сусветна вядомы раман шатландскага пісьменніка Іяна Бэнкса.
7. 29 траўня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і старонкі ў сацыяльных сетках, звязаныя з палітвязнем, аўтарам турэмнай літаратуры Міколам Дзядком.
IV. Рэпрэсіі ў сферы музыкі
1. 20 траўня суд Гомельскага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» песню «Беги, Лукашенко в Ростов!» (поўная назва – «Беги, Лукашенко в Ростов! Судьба Чаушеску для Саши | Карамелька Cover/Remix (Алексин) под гитару) аўтарства С. Марозава.
2. 27 траўня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай» Facebook-старонку музыкі, літаратара і мастака Лявона Вольскага. Раней «экстрэмісцкімі» прызналі Telegram-канал Лявона Вольскага і яго старонку ў Instagram.
V. Знішчэнне мясцін памяці
20 траўня стала вядома, што ў вёсцы Малыя Сяхновічы Брэсцкай вобласці дэмантаваны бюст кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі, створаны скульптаркай Бальбінай Світыч-Відацкай у 1932 годзе і пастаўлены на тэрыторыі былой сядзібы Касцюшкаў у 1988 годзе. З сайта краязнаўчага музея, каля якога стаяў бюст, зніклі згадкі пра Тадэвуша Касцюшку. Раней у музеі была асобная экспазіцыя, прысвечаная яго жыццю, якую змянілі на тэму «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У Малых Сяхновічах Тадэвуш Касцюшка пражыў чатыры гады пасля вяртання з ЗША, дзе браў удзел у вайне за незалежнасць. Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Літвы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.