
Беларускі ПЭН агледзеў літаратурную мапу замежжа. Якія краіны і гарады пазначаны там? Што за арганізацыі спрыяюць развіццю літаратурнага працэсу? Чыімі высілкамі ён жывіцца? Адкуль бяруцца энтузіясты? Ці можна казаць, што па-за Беларуссю нарадзілася альтэрнатыўная літаратурная супольнасць? Куды ісці, да каго і як звяртацца, каб набыць твор беларускай літаратуры – або выдаць уласны і прапанаваць яго чытачам?
У сваім даследванні мы карысталіся адкрытымі крыніцамі, але з мэтаў бяспекі вырашылі не публікаваць мапу. Гэта грунтоўная праца, якая дапамагае нам арыентавацца ў актуальным літаратурным працэсе. Калі вам спатрэбіцца інфармацыя, звязаная з беларускай літаратурай замежжа, ці вы захочаце нанесці на мапу новыя пункты, напішыце нам на пошту [email protected].
Мы не можам падзяліцца з вамі ўсімі вынікамі сваёй працы, таму папрасілі нашага рэдактара расказаць пра знойдзеныя цікавосткі. Запрашаем у літаратурнае падарожжа.
Частка 1: Геаграфія натхнення, або Слова, што вандруе
Варта нагадаць: наш нацыянальны кнігадрук пачаўся акурат на чужыне, у Празе. У 1517-м палачанін, еўрапейскі вучоны-гуманіст Францыск Скарына надрукаваў там «Псалтыр» на старабеларускай мове. За два гады – 23 кнігі Старога Запавету! Удалы старт першага такога праекта ва ўсёй ўсходнеславянскай прасторы.
Так што эмігранцкая доля ў пэўным сэнсе – не навіна для беларускіх кніжак. Гэтаксама як і маштабнасць, аператыўнасць ды запатрабаванасць выдавецкай дзейнасці на чужыне. Сучасная сітуацыя выгнання, трансмежавай творчасці, вымушанага пашырэння дыяспары выштурхнула беларускую літаратуру за межы кананічных выдавецкіх, акадэмічных і медыйных фарматаў. Яна на вачах ператвараецца ў рухавік новай культурнай прасторы, дзе класічнае паняцце «інстытуцыі» не заўсёды пасуе рэальнаму стану рэчаў. Хтосьці друкуе кнігі за свой кошт у літоўскай друкарні, хтосьці піша раманы і вершы ў творчай берлінскай рэзідэнцыі, хтосьці вядзе падкаст пра беларускую літаратуру на кухні ў Рыме, хтосьці ў Падляшшы ладзіць фестываль, хтосьці ў Нарвегіі арганізуе беларускую палічку ў мясцовай бібліятэцы, хтосьці ставіць спектакль паводле новага беларускага твора на знакавай сцэне Лондана, хтосьці ў Нью-Ёрку заняўся анлайн-часопісам…
Сабраная намі база звестак дазваляе ўбачыць на сусветнай творчай мапе актыўнасць развіцця беларускай літаратурнай прасторы пасля 2020 года. Гэтая прастора жыве, візуалізуецца, гучыць – актыўна, шматаблічна і шматлакацыйна развіваецца ў розных кутках свету.
Калі на гэтай сусветнай тэрыторыі беларускага пісьменства запаліць лямпачкі ці паставіць сцяжкі нашай прысутнасці ў розных гарадах, то найбольш уразіць Польшча: Варшава, Беласток, Гданьск, Сопат, Лодзь, Торунь, Шчэцін, Познань, Уроцлаў, Катавіцы, Люблін…
Як далей на мапе Нямеччына, дык можна назваць Берлін, Брэмен, Франкфурт, Лейпцыг, Грайфсвальд, Дзюсельдорф…
Праз Ла-Манш – Вялікабрытанія: Лондан, Ковентры, Кембрыдж…
Ідзём далей у Амерыку: Вашынгтон, Нью-Ёрк, Ельскі ўніверсітэт, Асінінг, Сан-Францыска, Сан-Антоніа, Кенсінгтан…
Бясконцы абсяг, ад паўднёвай Хайфы – да паўночнага Ліндэрода.
То-бок маем сапраўдную літаратурную глабалізацыю ў беларускім варыянце.
Сталіцаю гэтага замежнага творчага валадарства, бадай, можна назваць Варшаву. Тут сёння больш за паўсотні пунктаў, так ці інакш завязаных на беларускі літаратурны працэс.
Вільня – на другім месцы: тры дзясяткі літаратурных лакацый.
А самы блізкі да беларускай мяжы вялікі горад, Беласток, замыкае лідарскую тройку з 22 пазнакамі.
Роўна напалову менш у Берліна, які на два крокі апярэджвае Лондан.
Таму, у сваю чаргу, наступаюць на пяты Прага, Кракаў, Уроцлаў…
Усяго на нашай ЛітМапе – дзясяткі гарадоў з Польшчы, Літвы, Нарвегіі, Швецыі, Грузіі, Чэхіі, Швейцарыі, Нямеччыны, Ізраіля, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады. Больш чым з дваццаці краін!
Гэта не тапанімічны спіс, а сведчанне: беларуская літаратура жыве паўсюль, дзе сёння вымушана апынуліся беларусы – мы сталі сведкамі сапраўднай літаратурнай глабалізацыі.
Самы экзатычны пункт на сусветнай ЛітМапе – горад Лонгйір на архіпелагу Шпіцберген, усяго за тысячу кіламетраў ад Паўночнага полюса. У найсучаснейшай бібліятэцы, што працуе 24/7, стаяць і беларускія кнігі. Таццяна Нядбай падчас творчай рэзідэнцыі працавала там над творам пра набеліята Алеся Бяляцкага. Кнігу «Алесь» надрукавалі пасля ў Варшаве, але задумвалася і пачыналася яна на самым краю свету, у сэрцы палярнай ночы. І яшчэ адзін факт нібы спецыяльна для гэтай гісторыі: назва выдавецтва, што падрыхтавала «Алеся», – «Полацкія лабірынты».
Бо Таццяна – з Полацка. Бо Францыск Скарына таксама адтуль.
Праз пяць стагоддзяў, праз час і прастору новыя і новыя творы выходзяць у свет у чужых гарадах, але на сваёй мове, з беларускай праўдай і місіяй. Беларуская кніга жыве не дзякуючы, а насуперак. Як знак супраціву і памяці, крэатыву і таленту, моцы і прызнання.
Частка 2. Рытм грамады, або Голас, што множыцца
На нашай сусветнай ЛітМапе больш за 200 пунктаў: выдавецтвы, кнігарні, медыяплатформы, літаратурныя прэміі, арганізацыі, фестывалі, падкасты, бібліятэкі, навуковыя цэнтры, блогі, YouTube-каналы… А таксама індывідуальныя галасы: аўтары, перакладчыкі, крытыкі, чытачы. Разам гэта супольнасць, што існуе ў рытме трансмежжа.
Душа беларускай літаратуры даўно жыве ў цішыні чытальнай залы лонданскай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Унікальная ўстанова, заснаваная ў 1971 годзе, – адзіная за межамі Беларусі, што спецыялізуецца выключна на беларускіх даследаваннях. Яе калекцыя збіралася пад кіраўніцтвам рупліўца беларушчыны айца Аляксандра Надсана. Цяпер там больш за 30 000 тамоў, у тым ліку і ўнікальныя выданні, рукапісы ды архівы, што расказваюць пра гісторыю, літаратуру, мову, рэлігію, фальклор, музыку і мастацтва – цэлы сусвет беларускай думкі.
Лонданская Скарынаўка не толькі зберагае мінулае, але і актыўна працуе над яго папулярызацыяй. У 2024 годзе бібліятэка адкрыла новы мастацкі музей для сталых і часовых выстаў, а таксама стварыла віртуальны музей, прысвечаны гісторыі беларускага Адраджэння.
На іншым баку Атлантыкі, у Нью-Ёрку, беларуская эміграцыя таксама зрабіла значны ўнёсак у захаванне і развіццё нашай літаратуры. Пасля Другой сусветнай вайны ў ЗША ўтварылася шырокая сетка беларускіх арганізацый, што займаліся выдавецкай дзейнасцю, актыўна публікавалі мемуары і творы эмігранцкіх пісьменнікаў, заснавалі Беларускі інстытут навукі і мастацтва.
Сённяшняя літаратурная дыяспара працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў. У надсанаўскім Лондане нядаўна пачало працу выдавецтва «Skaryna Press», якое выдае кнігі на беларускай і англійскай мовах, у тым ліку пераклады класічных і сучасных аўтараў. А ў Нью-Ёрку, апроч першаэмігранцкай Фундацыі Крэчэўскага, новая хваля тамтэйшых беларусаў стварыла яшчэ адну бібліятэку, пры саборы Кірылы Тураўскага, і анлайн-кнігарню. Электронная крама запрацавала ў вялікім Сан-Францыска, а ў маленькім Кенсінгтане цяпер ёсць магчымасць патрымаць у руках і купіць новую беларускую кнігу.
Пакупнікам ва ўсім свеце ёсць дзе агледзецца – на нашай ЛітМапе пазначана каля 50 анлайн- ды афлайн-кнігарняў. І што агледзець – замежным беларусам прапануюць цяпер сваю прадукцыю больш як 30 выдавецтваў. 8 з іх маюць варшаўскую прапіску. Астатнія раскіданыя па Еўропе і Амерыцы: справу Скарыны яны працягваюць у Беластоку, Кракаве, Гданьску, Вільні, Празе, Берліне, Цюрыху, Стакгольме, Ліндэродзе, Таронта…
Як нараджаюцца дзясяткі новых кніг, дык з’яўляюцца ў беларускім замежжы і новыя бібліятэкі. Адна з іх – пры Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні. Тут захоўваецца больш за 1500 асобнікаў. Асновай фонду сталі часткі асабістых кнігазбораў літаратурных і культурных дзеячаў. Пазалетась на падставе чытацкага апытання бібліятэка займела назву – Чытальня. А летась дзякуючы сродкам беларусаў Літвы яе каталог зрабіўся даступным на новым сайце.
Або яшчэ адзін цікавы кніжны праект, створаны эмігранцкай супольнасцю: «МнеНеЖалко». Яго сэнс у тым, каб праз Telegram наладзіць бясплатны часовы абмен папяровымі кнігамі. Платформа падтрымлівае прынцыпы свядомага спажывання і экалагічнага падыходу да выкарыстання рэсурсаў.
Чытацкі інтарэс спатольваецца як творамі беларускіх класікаў ды сучаснікаў, так і перакладамі найбольш заўважных замежных літаратараў. Напрыклад, гэта адна з рызынак выдавецтваў «Янушевіч», «Логвінаў», «Славянка», «Вільма»…
На нашай ЛітМапе выразна прасочваецца тэндэнцыя рознай спецыялізаванасці выдавецтваў, што сведчыць пра шырокі спектр чытацкіх інтарэсаў.
Так, шматпрофільны Kamunikat.org робіць акцэнт на мастацкай літаратуры і звязаных з беларускай культурай тэкстах; «Пфляўмбаўм» рэпрэзентуе жаночыя галасы; «Скарына» прапаноўвае квір-калекцыю і анталогію беларускага гей-пісьменства; «SayBeat» дбае пра некамерцыйныя эксперыменты аўтарскага пісьма ў кантэксце эміграцыі; «hochroth Minsk» спецыялізуецца выключна на паэзіі; «Grunwald Publishing» выдае беларускую літаратуру на англійскай мове; «Mianie Niama», наадварот, выдае толькі беларусаў або тых, хто піша пра Беларусь; «Лысы Чэрап» дапамагае аўтарам, якія выходзяць за межы мэйнстрыму і маюць цяжкасці з публікацыяй…
Сучасныя кнігавыдаўцы-эмігранты актыўна вывучаюць запыты сваіх спажыўцоў, далучаюць іх да выдання цікавых твораў. Напрыклад, супольніцкая краўдфандынгавая платформа «Кніжны магістрат» мае на мэце доўгатэрміновае развіццё праз супольнае фінансаванне выдавецкіх праектаў. Удзельнікі штомесяц робяць унёскі (ад 10 да 100 долараў) у агульны фонд, пасля чаго галасаваннем вызначаюць, на што менавіта варта скіраваць сабраныя сродкі.
У сучаснай сітуацыі, калі значная частка беларускай літаратуры ствараецца ў эміграцыі, многія аўтары звяртаюцца да паслуг друкарняў без пасярэднікаў. Гэта новая форма незалежнага друку, што спалучае рысы самвыду, print-on-demand і дыяспарнага аўтарскага выдання. Такія кнігі звычайна фінансуюцца самімі аўтарамі, друкуюцца невялікімі накладамі (10–100 асобнікаў), часта без ISBN. Іх адметнасць – інтэлігентны і часта рафінавана эмацыйны характар, моцная сувязь з асабістым досведам, эміграцыяй, памяццю, супрацівам і культурнай тоеснасцю. Зʼява абапіраецца на заканадаўчую адкрытасць краін Еўропы, дзе друк гэткага кшталту не патрабуе выдавецкай ліцэнзіі. Такі фармат сведчыць пра сучасны этап самастойнага, неінстытуцыйнага, часта эмігранцкага кнігавыдання, што працягвае традыцыі савецкага самвыду, але з сучасным абліччам, тэхналогіямі і геаграфіяй. Гэта новая культурная ніша, дзе слова вяртае сабе вольнасць праз друк – без дазволу, але з адказнасцю.

Тут будзе дарэчы згадаць культурна-рэвалюцыйную ініцыятыву анархісцкага кірунку – «Анархічны чорны крыж – Беларусь». Фактычна самвыдаўскі калектыў дае голас палітычным вязням, удзельнікам пратэстаў, філосафам і актывістам. Сярод найважнейшых выданняў – «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча, «Памяць пераможаных» пра зняволенне і супраціў у турмах.
Нашая ЛітМапа сведчыць: беларуская літаратура знаходзіць свой шлях да чытача ў новых складаных умовах, а літаратурная інфраструктура паспяхова адаптуецца і развіваецца ў новых рэаліях. Гэта ўжо не маргінальная з’ява і не гістарычны феномен, а жывая, актыўная, шматгалосая культурная прастора. Яна расце не зверху, а знутры – праз ініцыятывы, праз патрэбу гаварыць, быць пачутымі, праз імкненне знаходзіць сваіх аднадумцаў і проста землякоў.
На любы, бадай, густ разлічаная прадукцыя аўдыявыдавецтваў, размешчаных у Беластоку, Варшаве, Празе.
Навігатарам стаў сайт праекта Audiobooks.by, які прапаноўвае спасылкі на адпаведныя пляцоўкі, у тым ліку і на ўласную прадукцыю ў фармаце аўдыя. Адзін з лідараў фармату – шматпрофільная платформа Kamunikat.org – дае слухачам вольны доступ да больш як 500 гадзін агучаных твораў.
І аўдыятэксты актыўна запатрабаваныя. Напрыклад, апошняя навінка ад «Кніжнага воза» – аўдыяверсія «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча – ужо за першыя тыдні пабіла ўсе магчымыя рэкорды паводле колькасці праслухоўванняў. Вялікай папулярнасцю, дарэчы, карыстаюцца творы з лаўрэацкіх спісаў прэміі Гедройця ў Аўдыятэцы Беларускага ПЭНа. Шмат праслухоўванняў маюць мемуарныя творы знакавых асоб, якія начыталі свае тэксты ў студыі «Радыё Свабода».
Гучаць не толькі кнігі – інтэрнэт напоўнены і беларускімі падкастамі пра іх. Прапаноў столькі, што ўтварыўся адмысловы «Belarus Podcast Hub». На ім шмат спасылак на такія спецыялізаваныя праекты і платформы, як «Litradio», «Bellit», «Белліт пад піва», «Каля літаратуры», «Адкуль бяруцца кнігі», «Супердудко», «III акт»…
Іх вядуць літаратары, літаратуразнаўцы, бібліятэкары, чытачы… З апошніх навінак на нашай ЛітМапе – «Літаратурныя зацемкі» ад Сяргея Дубаўца. Праект стартаваў у красавіку 2025 года, ён прысвечаны асэнсаванню беларускай літаратуры, яе вобразаў, сімвалаў і культурных кодаў.
Цяперашнія кнігі без літар не толькі гучаць – яны яшчэ і візуалізуюцца, напрыклад, на YouTube-каналах.
Першым у тым шэрагу стаў дзіцячы «Baybus». Сярод асноўных раздзелаў – «Казкі з Маляванычам». У жніўні 2022 года канал дадалі ў міжнародную аплікацыю «YouTube Kids», што сведчыць пра яго якасць і адпаведнасць стандартам дзіцячага кантэнту.
А вось цыкл кароткіх лекцый «Беларусь як тэкст», што выходзіць на YouTube-канале інтэрнэт-часопіса «Taŭbin», аналізуе ключавыя тэксты беларускай культуры, якія сфармавалі нацыянальную ідэнтычнасць. Сярод тэмаў – філаматы і філарэты, творы Францішка Багушэвіча, Ігната Абдзіраловіча, Янкі Купалы, спадчына братоў Луцкевічаў. Кожная лекцыя суправаджаецца субцітрамі на беларускай і англійскай мовах.
Навінка-2025, зафіксаваная нашай ЛітМапай, – відэапраект «Смаленне вепрука». Ён распавядае пра малавядомыя або замоўчаныя факты, што не выкладаліся ў школе і не абмяркоўваліся крытыкамі, расшыфроўвае аўтарскія сэнсы, адкрывае наноў нашую літаратуру і яе герояў.
Гэта вялікая праца, да якой далучаюцца і навуковыя замежныя пляцоўкі: універсітэты Мікалая Каперніка і Марыі Складоўскай-Кюры ў Польшчы, Гарвард і Тэхаскі ўніверсітэт у Сан-Антоніа ў ЗША, універсітэт Ковентры ў Англіі, Універсітэт Гумбальта ў Германіі…
Такім чынам, гаворка пра цяперашнюю беларускую літаратуру за мяжой – не пра кансервацыю традыцыі, а пра экспансію сучаснасці.
Частка 3: Партрэт блуканца, або Чалавек, што не здаецца
Кожная літаратура мае твар. І калі глядзець на сучасную беларускую літаратуру, яна – мазаіка з сотняў асоб. Якія не толькі пішуць, але і ствараюць прасторы, дзе кнігі жывуць: чытаюцца, слухаюцца, абмяркоўваюцца, перакладаюцца, выхоўваюць іншых і робяцца часткаю новага культурнага ландшафту.
Таму нашая ЛітМапа – у тым ліку і пра канкрэтных людзей: творцаў, энтузіястаў, асоб.
Асобнага згадвання заслугоўвае тандэм Андрэя Янушкевіча і Насты Карнацкай. Выдавецтва «Янушкевіч» у Мінску было вядомае сваёй смеласцю, якасцю і прыхільнасцю да беларускай культуры. У 2022 годзе падчас адкрыцця мінскай кнігарні «Кнігаўка» Андрэя і Насту асудзілі на адміністрацыйны арышт. Пасля вызвалення яны зноў адкрылі кнігарню «Кнігаўка», гэтым разам у Варшаве. Працягваюць выдаваць сучасных беларускіх аўтараў, перакладаць сусветную літаратуру, ладзіць імпрэзы і сустрэчы. Наста, дарэчы, яшчэ і вядоўца падкасту «Bellit». Гэты дуэт – узор грамадзянскай мужнасці і адданасці беларускай кнізе ў самых складаных умовах. Іх праект – не проста выдавецтва, гэта прыклад культурнага супраціву, дзе кожная кніга становіцца актам волі.
Выдаўцы, апроч усяго іншага, – выдатны прыклад развіцця за мяжой беларускага бізнесу. Так, Ігар Логвінаў распачаў сваю справу чвэрць стагоддзя таму, але пасля пазбаўлення ліцэнзіі вярнуўся да працы ўжо ў Вільні.
У Беластоку мясцовы журналіст і грамадскі дзеяч Яраслаў Іванюк пасля падзей-2020 пачаў працаваць з яшчэ большым энтузіязмам. Цяпер яго Kamunikat.org мае каля 3000 кніг у PDF, а таксама аўдыяспектаклі, алічбаваныя версіі шэрагу незалежных СМІ. Платформа дае бясплатны доступ да забароненай у РБ літаратуры і твораў пра Беларусь.
Так што сённяшняя беларуская літаратура – гэта працяг і развіццё. Людзі, якія мабілізаваліся і ствараюць новае, бо іначай не могуць.
Напрыклад, набеліятка Святлана Алексіевіч не толькі працягвае працаваць над новымі кнігамі, але і запачаткавала выдавецтва «Пфляўбаўм».

Паэт Дзмітрый Строцаў арганізаваў у Берліне выдавецтва «hochroth Minsk». Ён выдае кнігі ручным спосабам, у нумараваных асобніках. Выйшлі ўжо больш за тры дзясяткі паэтычных зборнікаў. Сёлета адразу чатыры з гэтых кніг былі намінаваныя на галоўную паэтычную прэмію Беларусі імя Наталлі Арсенневай. Спадар Строцаў увайшоў у шорт-ліст прэміі Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў «Prix Voltaire 2025» за свабоду публікацыі.
Паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч вядзе свой YouTube-канал, што стаўся своеасаблівым вандроўным універсітэтам беларускай літаратуры, важнай адукацыйнай і культурнай пляцоўкай для беларускай дыяспары, выкладчыкаў і студэнтаў. Хадановіч пераўтварае чытанне ў думанне, у мост паміж часам, тэкстамі і людзьмі. Умоўна забаронены ўладамі Беларусі, канал застаецца дзейсным асветніцкім інструментам.
Драматург і сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін не толькі апякуецца новымі сцэнічнымі праектамі па ўсім свеце, алеі вядзе папулярнае YouTube-шоу.
У Злучаных Штатах драматург, сцэнарыст Андрэй Курэйчык на аўтарскім YouTube-канале «Alternative Blogovision» часта звяртаецца да беларускага пісьменства, аналізуе яго ўплыў на фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і грамадскай свядомасці. У відэа абмяркоўваюцца творы як класікаў, так і сучасных аўтараў.
Шмат робяць для папулярызацыі беларушчыны за мяжой літаратары Ева Вежнавец, Юля Цімафеева, Саша Філіпенка, Аляксандр Чарнуха, Сяргей Шупа…
Зусім нядаўна найбуйнейшы міжнародны кніжны фестываль у Лейпцыгу стаў трыумфам нашай літаратуры: за раман «Сабакі Еўропы» Альгерд Бахарэвіч атрымаў Лейпцыгскую кніжную прэмію за еўрапейскае паразуменне, што падкрэсліла важнасць беларускага слова ў міжнародным кантэксце. А Томас Вайлер быў узнагароджаны Лейпцыгскай кніжнай прэміяй у перакладчыцкай катэгорыі за «Feuerdörfer. Wehrmachtsverbrechen in Belarus – Zeitzeugen berichten» – пераклад знакавай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка.
Сведчаннем узмацнення сувязяў нашых пісьменнікаў з заходнімі калегамі стала выдавецкая ініцыятыва «33 кнігі для Беларусі», заснаваная ў Швейцарыі ў 2023 годзе перакладчыцай Ірынай Герасімовіч, славісткай Сільвіяй Засэ і пісьменнікам Лукасам Бэрфусам. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Інстытута славістыкі Цюрыхскага ўніверсітэта і Гётэ-інстытута ў выгнанні. Мэта – садзейнічаць выданню твораў, якія ў сучасных умовах не могуць публікавацца ў Беларусі.Праект аб’ядноўвае еўрапейскія выдавецтвы, гатовыя дапамагаць з выпускам беларускіх кніг, што спрыяе пашырэнню нашай літаратуры за мяжой.
У гэтым складаным працэсе ўдзельнічаюць не толькі вядомыя асобы, знакавыя інстытуцыі, але і проста аматары літаратуры ды чытачы.
Напрыклад, незалежную лонданскую онлайн-кнігарню і культурную прастору «Notre Locus» заснавалі ў 2022 годзе дзве энтузіясткі – Улада і Карына.
Ці праекты двух Кацярын. Першая яшчэ да 2020-га заснавала ў Мінску кніжны клуб, а пасля эміграцыі занялася блогам «Кніжныя размовы», у якога сёння больш за 2500 падпісчыкаў. А яе цёзка мае больш за тысячу падпісчыкаў у Instagram, аналізуе і параўноўвае творы, дапамагае чытачам у кніжным выбары. Пра сябе дзяўчына піша: «(Не)сур’ёзная аматарка белліта, назвала ката Гервасій».
Аляксандра Гушча заклала ў Варшаве ініцыятыву «Жыветэка» для збору і распаўсюду беларускіх кніг і настолак пры польскай бібліятэцы. Мэта – папулярызацыя роднай мовы і культуры сярод беларусаў у Польшчы, спрашчэнне доступу да літаратуры. Аляксандра збірае кніжкі (найперш дзіцячыя), плануе знайсці сродкі, каб выкупіць прадукцыю ў крамах, што зачыняюцца цяпер у Беларусі. Хаця б па адным экзэмпляры. Яшчэ адна задума – сабраць сярод неабыякавых беларусаў сродкі на перадрук твораў расстраляных літаратараў.
Былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў разам з жонкай Вольгай стварылі ў Вільні беларускую прастору, што спецыялізуецца на продажы сувеніраў і прадметаў з нацыянальнай сімволікай, а таксама кніг на роднай мове.
І гэткіх прыкладаў – дзясяткі.
ЛітМапа 2025 – гэта супольнасць творчых, адданых, цягавітых людзей, якія, нягледзячы на геаграфію і жыццёвыя выклікі, працягваюць служыць літаратуры, даюць «кнігам з паліцы» рэальную культурную прысутнасць.
Антон Рокша