
На 30 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 35, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 163.
Пачаўся разгляд завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да менеджара культуры Аляксандра Лапко.
Следчы камітэт завочна распачаў новую крымінальную справу ў дачыненні да палітолага, перакладчыка і рэдактара кніг Алеся Лагвінца.
З’явілася інфармацыя пра магчымае затрыманне адміністратаркі беларускай «Вікіпедыі» Вольгі Сітнік.
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі гурта, лагатып, а таксама «візуальны матэрыял або тэкст “Dzieciuki” з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстання надпісаў».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да сямі грамадскіх актывістаў, сярод якіх – менеджар культуры Аляксандр Лапко.
2. 26 красавіка стала вядома, што Следчы камітэт завочна распачаў новую крымінальную справу ў дачыненні да палітолага, перакладчыка і рэдактара кніг Алеся Лагвінца, які знаходзіцца за межамі Беларусі. Крымінальная справа распачата пасля шэрагу інтэрв’ю незалежным інфармацыйным рэсурсам. Новую крымінальную справу распачалі на падставе чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, паводле якіх ужо судзілі Алеся Лагвінца ў 2024 годзе. 1 ліпеня 2024 года Алеся Лагвінца завочна асудзілі на 10 гадоў зняволення ў справе «20 экспертаў» паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу).
II. Адміністрацыйны пераслед
16 красавіка з’явілася інфармацыя пра магчымае затрыманне адміністратаркі беларускай «Вікіпедыі» Вольгі Сітнік.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 24 красавіка ў жаночай калоніі ў Гомелі споўнілася 43 гады палітзняволенай грамадскай дзяячцы і музыкантцы Марыі Калеснікавай. Яе сястра, Тацяна Хоміч, паведаміла, што Марыя Калеснікава працягвае працаваць у швейным цэху, перадач для яе не прымаюць, сямʼя не можа рабіць ёй грашовыя пераводы ў калонію, таму Марыя Калеснікава не можа набыць прадукты ў краме калоніі, няма камунікацыі – ні ліставання, ні званкоў, ні перадач, ні сустрэч з сям’ёй.
2. 18 красавіка былы палітвязень, які адбываў тэрмін у калоніі № 22 у Івацэвічах, распавёў праваабаронцам пра стан здароўя 70-гадовага культуролага Вячаслава Арэшкі: «Ён спрабаваў атрымаць інваліднасць па зроку, бо не бачыць на адлегласці рукі. Але ніхто не зрабіў».
IV. Рэпрэсіі ў музычнай сферы
24 красавіка суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі гурта, лагатып, а таксама «візуальны матэрыял або тэкст “Dzieciuki” з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстання надпісаў».
V. Пераслед сваякоў дзеячаў культуры
26 красавіка тры супрацоўнікі спецслужбаў апыталі цесця і цешчу Алеся Лагвінца і ў іх прысутнасці апячаталі дом Лагвінца на падставе рашэння следчага А. Шрубіка ад 31 сакавіка 2025 года.