• Навiны
  • Салідарнасць
  • Зварот міжнароднай грамадзянскай супольнасці ў падтрымку сербскай акадэмічнай супольнасці і грамадзянскіх актывістаў

Зварот міжнароднай грамадзянскай супольнасці ў падтрымку сербскай акадэмічнай супольнасці і грамадзянскіх актывістаў

Апошняе абнаўленне: 26 сакавіка 2025
Зварот міжнароднай грамадзянскай супольнасці ў падтрымку сербскай акадэмічнай супольнасці і грамадзянскіх актывістаў

Мы выказваем глыбокую заклапочанасць з нагоды гвалтоўных інцыдэнтаў падчас студэнцкіх пратэстаў у Бялградзе, калі мірныя дэманстранты, у тым ліку актывісты і студэнты, падвергліся ўздзеянню спецыяльных сродкаў, што не з’яўляюцца смяротнымі, але прывялі да траўмаў і сур’ёзнага стрэсу.

Паведамленні пра нявытлумачальнае магутнае гукавое ўздзеянне, якое выклікала масавую паніку і сцэны, падобныя да цісканіны, выклікаюць трывожныя пытанні адносна тактыкі, ужытай супраць мірных грамадзян, што рэалізуюць свае асноўныя правы. Гэтае незаконнае, наўмыснае выкарыстанне сродкаў, распрацаваных для таго, каб выклікаць страх, блытаніну і хаос падчас публічнага сходу, з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека, уключна з правам на мірны сход, правам на цэласнасць асобы і, урэшце, правам на жыццё.

Студэнцкія пратэсты ўзніклі ў адказ на трагічнае абвальванне навесу, у выніку якога загінулі 15 чалавек — гэтая катастрофа стала сімвалам наступстваў сістэмнай карупцыі, інстытуцыйнай безадказнасці і адсутнасці падсправаздачнасці. Іх патрабаванне вяршэнства права і эфектыўнага функцыянавання інстытутаў не толькі абгрунтаванае, але і жыццёва неабходнае для прадухілення будучых трагедый і забеспячэння справядлівага і адказнага кіравання.

У дадатак да гэтых трывожных падзей мы рашуча асуджаем запужванне і мэтанакіраваныя напады на сектар грамадзянскай супольнасці ў Сербіі, а таксама атакі на акадэмічную супольнасць і ўсіх, хто стаў на абарону правоў студэнтаў і грамадзян.

Мы заклікаем сербскія ўлады правесці неадкладнае і празрыстае расследаванне падзей падчас пратэстаў, прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў незаконным выкарыстанні сродкаў супраць дэманстрантаў, і гарантаваць бяспеку студэнтаў, выкладчыкаў, актывістаў і ўсіх грамадзян, што ўдзельнічаюць у мірным выказванні свайго меркавання. Мы таксама патрабуем неадкладнага вызвалення актывістаў, якія былі затрыманыя з-за сваёй грамадскай дзейнасці.

Мы выказваем салідарнасць з нашымі калегамі, актывістамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і заклікаем грамадзянскія сеткі па ўсім свеце далучыцца да нашага асуджэння гэтых дзеянняў і пацвердзіць нашу агульную прыхільнасць да базавых правоў чалавека.