Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–28 лютага 2025 года

Апошняе абнаўленне: 3 сакавіка 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–28 лютага 2025 года

На 28 лютага 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 170.

Пачаўся суд паводле новай крымінальнай справы супраць палітвязня, культурніцкага менеджара Эдуарда Бабарыкі.

Стала вядома пра арышт акторкі і мадэлі Веранікі Жалубоўскай.

Пачаўся суд паводле крымінальнай справы журналіста і аўтара літаратуры нон-фікшн Ігара Ільяша.

Стала вядома пра арышт літаратаркі і журналісткі Паліны Піткевіч.

У закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы фатографкі Настассі Ахраменкі.

Пачаўся новы суд над палітзняволеным актывістам анархісцкага руху, аўтарам турэмнай літаратуры Аляксандрам Францкевічам.

Пачалі судзіць былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Анжаліку Алясюк.

Паводле патрабавання пракуратуры маркетплэйс «Wildberries» выключыў з каталога тавараў кнігу на рускай мове «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня» Сяргея Сюзева.


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 20 лютага суд Ваўкавыскага раёна пачаў разглядаць новую крымінальнай справу супраць палітвязня, культурніцкага менеджара Эдуарда Бабарыкі. Яго вінавацяць у паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Эдуард Бабарыка кіраваў ініцыятыўнаю групаю свайго бацькі, прэтэндэнта на кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. 18 чэрвеня 2020 года быў затрыманы разам з бацькам, калі рушыў у ЦВК здаць сабраныя подпісы. Адбывае пакаранне, 8 гадоў пазбаўлення волі, у папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску. Яго абвінавацілі паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), арт. 130 (распальванне варожасці або разладу), а таксама паводле згаданага ўжо арт. 411 Крымінальнага кодэкса. У ліпені 2024-га Эдуарду Бабарыку прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі, чарговы раз абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

2. 20 лютага стала вядома пра арышт акторкі і мадэлі Веранікі Жалубоўскай. Разгляд справы пачнецца 4 сакавіка 2025 года ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Вераніку Жалубоўскую абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак).

3. 21 лютага ў Мінскім гарадскі судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы журналіста і аўтара літаратуры нон-фікшн Ігара Ільяша. Яго вінавацяць паводле арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пра затрыманне Ігара стала вядома 22 кастрычніка 2024 года. Ігар Ільяш – журналіст, які разам з жонкай, журналісткай (цяпер палітзняволенай) Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) выдаў кнігу «Беларускі Данбас» (2020) пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны. У сакавіку 2021 года суд прызнаў кнігу «экстрэмісцкай».

4. 24 лютага 2025 года стала вядома пра арышт літаратаркі і журналісткі Паліны Піткевіч. На 7 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе запланаваны пачатак разгляду крымінальнай справы, Паліну Піткевіч абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). КДБ лічыць яе датычнай да «экстрэмісцкага фарміравання» «MediaIQ» – праекта Прэс-клуба для павышэння медыяпісьменнасці. Паліна Піткевіч пісала журналісцкія матэрыялы на культурніцкія тэмы, грала акторскія ролі ў Лабараторыі сацыяльнага тэатра ў Мінску. Скончыла журналісцкі факультэт са спецыяльнасцю «Літаратурная работа». Заняла трэцяе месца ў літаратурным конкурсе «Неба з сабою», які ладзіўся Беларускім ПЭНам у межах Вандроўнага фэсту Уладзіміра Караткевіча ў 2020 годзе.

5. 25 лютага ў судзе Мазырскага раёна ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы фатографкі Настассі Ахраменкі паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні прэзідэнта).

6. 27 лютага ў судзе Аршанскага раёна і Оршы пачаўся новы суд над палітзняволеным актывістам анархісцкага руху, аўтарам турэмнай літаратуры Аляксандрам Францкевічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Паўгода таму Аляксандру ўжо прысудзілі пазбаўленне волі на падставе гэтага артыкула. Некалькі месяцаў яго ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада. Перад цяперашнім зняволеннем Аляксандр Францкевіч быў палітвязнем з верасня 2010-га па верасень 2013 года. За кратамі напісаў апавяданні «Дневник потерявшейся девочки», «Обними меня крепче». Апавяданні ўвайшлі ў кнігу «Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных» (2013). У 2013 годзе з апавяданнем «Обними меня крепче» стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭНам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Быў затрыманы 13 жніўня 2020 года. 6 верасня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе атрымаў прысуд: 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф 700 базавых велічынь, або 22 400 беларускіх рублёў (больш за 8800 долараў). Адбываў пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 5, пазней быў пераведзены ў ваўкавыскую калонію № 11. У 2024 годзе адміністрацыя калоніі пачала супраць яго крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Быў асуджаны яшчэ на год у дадатак да ранейшага тэрміну, пераведзены ў аршанскую калонію № 8, дзе адміністрацыя калоніі ініцыявала новую крымінальную справу. 10 лютага 2025 года ў Віцебскім абласным судзе пачаўся суд паводле крымінальнай справы ў дачыненні да ягоных родных – Таццяны Францкевіч (маці) і Наталлі Лабацэвіч (цёткі). Жанчын абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Іх затрымалі 19 ліпеня 2024 года ў Наваполацку, калі яны прывезлі Аляксандру перадачу ў калонію.

7. 27 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) пачалі судзіць былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Анжаліку Алясюк.

II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды

20 лютага ў судзе Ленінскага раёна Брэста паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) судзілі дырыжора сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (з 2007 года) і кіраўніка духавога аркестра Брэсцкага музычнага каледжа Аляксандра Куўшыннікава.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Наталля Пінчук, жонка палітзняволенага праваабаронцы, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, рэдка атрымлівае ад яго паштоўкі. «Ад яго прыйшла паштоўка з кароткім тэкстам: “У мяне ўсё па-старому”. Па сутнасці, гэты тэкст прысутнічае ва ўсіх паштоўках, якія вельмі рэдка прыходзяць мне».

IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

19 лютага паводле патрабавання пракуратуры Гомельскага раёна маркетплэйс «Wildberries» выключыў з каталога кнігу на рускай мове «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня» Сяргея Сюзева, прызнананую «экстрэмісцкай» у красавіку 2023 года. Кніга выйшла ў 2017 годзе.